тып двухмоўнага слоўніка, які ўключае тоесныя па значэнні і блізкія па гучанні словы дзвюх блізкароднасных моў, што характарызуюцца нерэгулярнымі адрозненнямі ў фанетычнай і марфалагічнай структуры, слова- і формаўтварэнні, націску (т.зв. паралексы, гл. ў арт.Паралексія). Напр., бел. «шэры» — рус. «серый», «далонь» — «ладонь», «гусь» (ж.р.) — «гусь» (м.р.), «клопат» (адз. лік) — «хлопоты» (мн. лік) і інш. У П.с. падаюцца толькі тыя словы, якія могуць абумовіць парушэнне літ. нормы адной з блізкароднасных моў. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які ўключае толькі паралексы (як дадатковы моўны матэрыял у слоўнік увайшлі міжмоўныя амонімы і паронімы).
моўная з’ява, якая выяўляецца пры папарным супастаўленні лексічных адзінак дзвюх блізкароднасных моў — паралексаў. Словы-паралексы маюць нерэгулярныя адрозненні ў некат. дэталях формы: грамат. родзе, ліку, націску, словаўтваральных элементах. Вылучаюць паралексы акцэнталагічныя (бел. «крапіва» — рус. «крапива»), словаўтваральныя (бел. «пакупнік» — рус. «покупатель»), граматычныя (бел. «боль» м.р. — рус. «боль» ж.р., «каноплі» мн.л. — «конопля» адз.л.), марфалагічныя (бел. «віск» — рус. «визг»). Існуе група П. змешанага тыпу, якія адрозніваюцца словаўтварэннем і націскам (бел. «радзімка» — рус. «родинка»), словаўтварэннем і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «цяля» — рус. «теленок»), націскам і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «селядзец» — рус. «селедка») і інш. Даследаванне бел.-рус. П. мае асабліва важнае значэнне для распрацоўкі пытанняў культуры бел. мовы ў аспекце двухмоўя. Створаны «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які адлюстроўвае разыходжанні ў парадыгмах паралекс.
Літ.:
Михневич А.Е. Паралексы // Русский язык. Мн., 1981. Вып. 1;
Кунцэвіч Л.П. Да характарыстыкі беларуска-рускай паралексіі // Беларуская лінгвістыка. Мн., 1987. Вып. 31.
ПАРАЛЕЛАГРА́М (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач + gramma лінія),
чатырохвугольнік, стораны якога папарна паралельныя. Выпуклы чатырохвугольнік будзе П. пры адной з наступных умоў: абедзве пары процілеглых старон — парамі роўныя адрэзкі; адна пара старон — роўныя і паралельныя адрэзкі; вуглы пры процілеглых вяршынях роўныя; пункт перасячэння дыяганалей дзеліць кожную з іх папалам. Асобныя віды П.: прамавугольнік (усе вуглы прамыя), ромб (усе стораны роўныя), квадрат (роўнастаронні прамавугольнік). Плошча П. роўная здабытку асновы на вышыню.
ПАРАЛЕЛЕПІ́ПЕД (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач + epipedon плоскасць),
шасціграннік, процілеглыя грані якога папарна паралельныя; прызма, аснова якой паралелаграм. Усе грані П. — паралелаграмы. П. мае 8 вяршынь, 12 рэбраў; процілеглыя грані роўныя паміж сабой, усе 4 дыяганалі П. перасякаюцца ў 1 пункце і дзеляцца ім папалам. П. наз. прамым, калі яго бакавыя рэбры перпендыкулярныя да плоскасці асновы; прамавугольным, калі П. прамы і асновай служыць прамавугольнік (ці ўсе грані — прамавугольнікі). П., у якога ўсе грані квадраты, наз. кубам. Аб’ём П. роўны здабытку плошчы яго асновы на вышыню.
ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),
у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл.Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.
аднародная сінтаксічна-кампазіцыйная пабудова аднатыпных элементаў паэтыкі (з’яў, вобразаў, матываў і інш.), якія супастаўляюцца паміж сабой і размяшчаюцца паралельна ў двух ці трох сумежных сказах, радках, строфах; адна са стылістычных фігур. У некат. сваіх формах П. бывае блізкі да параўнання, але ў адрозненне ад яго не толькі супастаўляе з’явы, а выконвае і кампазіц. функцыю. Здаўна пашыраны ў вуснай нар. творчасці (быліны, песні, прымаўкі, прыказкі), засвоены пісьмовай л-рай (на ім у многім заснаваны паэт. стыль Бібліі).
Выдзяляюць П.: псіхалагічны (суаднясенне з’яў чалавечага жыцця са з’явамі прыроды): «Над ракою ў спакою // Зацвітала каліна; // У сяле за ракою // Вырастала дзяўчына; // Да зялёнай каліны // Прылятала зязюля; // Да дзяўчыны-каліны // Удаваўся Януля» (Я.Купала. «Над ракою ў спакою...»); сінтаксічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх радкоў); страфічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх строф); адмоўны (адмаўленне падкрэслівае не розніцу, а блізкасць асн. адзінак супастаўляемых з’яў, прадметаў): «Не лясы шумяць, // Не дубравы гамоняць, // Плача бацька, маці: // На паход, бач, звоняць» (М.Чарот «Атаман»). Па аналогіі са славесна-вобразным, або сінтакс., П. гавораць пра славесна-гукавы (алітэрацыя, рыфма), рытмічны (страфа і антыстрафа ў стараж.-грэч. лірыцы), кампазіцыйным (паралельныя сюжэтныя лініі ў рамане) П. і інш.
ПАРАЛЕ́ЛЬНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ спосаб злучэння дзвюх ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім на ўсе разгалінаванні эл. ланцуга падаецца адно і тое ж напружанне.
Пры П.з. агульны ток раўняецца суме токаў усіх разгалінаванняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Агульная праводнасць G эл. ланцуга з актыўнымі супраціўленнямі R1, ..., Rn роўна
, дзе R — агульнае супраціўленне ланцуга. Агульная ёмістасць эл. ланцуга пры П.з. кандэнсатараў: C = C1 + ... + Cn, дзе C1 ..., Cn — ёмістасці асобных разгалінаванняў. Пры П.з. індуктыўнасцей L1 ..., Ln агульная індуктыўнасць L ланцуга вызначаецца формулай:
. П.з. шырока выкарыстоўваецца для сілкавання вял. колькасці прыёмнікаў эл. энергіі (эл. лямпаў, награвальных прылад, эл. рухавікоў і інш.). Уключэнне ці выключэнне асобных крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі пры П.з. не парушае работы ўсёй сістэмы.