ПАРАЛЕЛІ́ЗМ у літаратуры,
аднародная сінтаксічна-кампазіцыйная пабудова аднатыпных элементаў паэтыкі (з’яў, вобразаў, матываў і інш.), якія супастаўляюцца паміж сабой і размяшчаюцца паралельна ў двух ці трох сумежных сказах, радках, строфах; адна са стылістычных фігур. У некат. сваіх формах П. бывае блізкі да параўнання, але ў адрозненне ад яго не толькі супастаўляе з’явы, а выконвае і кампазіц. функцыю. Здаўна пашыраны ў вуснай нар. творчасці (быліны, песні, прымаўкі, прыказкі), засвоены пісьмовай л-рай (на ім у многім заснаваны паэт. стыль Бібліі).
Выдзяляюць П.: псіхалагічны (суаднясенне з’яў чалавечага жыцця са з’явамі прыроды): «Над ракою ў спакою // Зацвітала каліна; // У сяле за ракою // Вырастала дзяўчына; // Да зялёнай каліны // Прылятала зязюля; // Да дзяўчыны-каліны // Удаваўся Януля» (Я.Купала. «Над ракою ў спакою...»); сінтаксічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх радкоў); страфічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх строф); адмоўны (адмаўленне падкрэслівае не розніцу, а блізкасць асн. адзінак супастаўляемых з’яў, прадметаў): «Не лясы шумяць, // Не дубравы гамоняць, // Плача бацька, маці: // На паход, бач, звоняць» (М.Чарот «Атаман»). Па аналогіі са славесна-вобразным, або сінтакс., П. гавораць пра славесна-гукавы (алітэрацыя, рыфма), рытмічны (страфа і антыстрафа ў стараж.-грэч. лірыцы), кампазіцыйным (паралельныя сюжэтныя лініі ў рамане) П. і інш.
Т.І.Шамякіна.
т. 12, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)