Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯТРО́Ў (Мікалай Паўлавіч) (25.5.1836, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія — 15.1.1920),

расійскі вучоны ў галіне механікі. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Пецярбургскую інж. акадэмію (1858), дзе і працаваў з 1862. З 1866 у Пецярбургскім тэхнал. ін-це (з 1871 праф.). Адначасова з 1871 у органах кіравання расійскіх чыгунак. Навук. працы па гідрадынамічнай тэорыі змазкі, тэорыі вісказіметрыі, дастасавальнай механіцы, чыг. тэхніцы. Вывеў закон трэння пры наяўнасці змазкі і заклаў асновы гідрадынамічнай тэорыі трэння ў машынах. Удзельнік буд-ва Сібірскай магістралі. Ламаносаўская прэмія Пецярбургскай АН 1884.

Літ.:

Костомаров В.М., Бургвиц А.Г. Основоположник теории гидродинамического трения в машинах Н.​П.​Петров. М., 1952.

т. 13, с. 168

ПЯТРО́Ў (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 16.7.1937, в. Адамаўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1989). Скончыў БДУ (1959). З 1975 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. З 1987 нам. дырэктара Міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі пры БПА. Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы (манаімпульсныя лазеры і лазеры хваляводнага тыпу). Выявіў (разам з Ф.І.Фёдаравым) новы від эл.-магн. хваль (гл. Неаднародныя хвалі). Прадказаў эфект узмацнення святла пры поўным адбіцці ад інверсных асяроддзяў і з’яву гістэрэзіснага адбіцця святла (аптычнай бістабільнасці). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах (разам з Ф.​І.​Фёдаравым) // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, вып. 6;

Отражение света от усиливающих и нелинейных сред. Мн., 1988 (разам з Б.​Б.​Бойкам).

М.С.Пятроў.

т. 13, с. 169

ПЯТРО́Ў (Мікалай Цітавіч) (31.12.1892, С.-Пецярбург — 11.12.1954),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1940), праф. (1941). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Засл. ўрач Беларусі (1948). Скончыў Ваен.-мед. акадэмію ў Петраградзе (1915). У 1935—41 заг. кафедры Віцебскага, у 1943—54 Мінскага мед. ін-таў (адначасова у 1944—51 нам. дырэктара). Навук. працы па пытаннях паталогіі органаў брушной поласці, пералівання крыві, агнястрэльных пашкоджанняў нерв. сістэмы.

Тв.:

Плечевые плекситы после огнестрельного ранения // Сб. науч. работ Ин-та теоретич. и клинич. медицины АН БССР. Мн., 1947;

Пенетрируюшие язвы желудка и двенадцатиперстной кишки // Сб. работ Минского мед. ин-та. Мн., 1949. Т. 2.

т. 13, с. 169

ПЯТРО́Ў (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 23.12.1937, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арг. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). З 1960 працуе ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Творчую манеру вызначаюць дакладнасць распрацоўкі характару, музыкальнасць, пластычнасць, яркая тэатральнасць і імправізацыйнасць. Лепшыя вобразы стварыў у бел. рэпертуары: Ваня («Дзеці аднаго дома» І.​Шамякіна), Марат Казей («Марат Казей» В.​Зуба), Яўмень («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.​Купалы і М.​Чарота), Пан («На ўсіх адна бяда» П.​Макаля), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.​Лынькова), Мікіта Драніца («Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава; Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы) і інш. Стварыў каларытныя вобразы Скіда і блазна Фесты («Два веронцы» і «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Старога («Пушкінскія казкі» паводле А.​Пушкіна), Артамон («Прыгоды Бураціна» паводле А.​Талстога) і інш. Паставіў спектакль «Царэўна-жаба» Н.​Гернет (1979, разам з В.​Маршаком). Зняўся ў бел. фільмах «Нашы суседзі», «Чырвонае лісце», «Гарачая душа», «Пра Чырвоную Шапачку», «Рэха ў пушчы», «Трэцяга не дадзена», «Зорны хлопчык», «Купальская ноч», «Хлеб пахне порахам», «Людзі на балоце», «Полымя» і інш.

Р.​І.​Баравік.

М.У.Пятроў.
М.У.Пятроў у ролі Ката.

т. 13, с. 169

ПЯТРО́Ў (Павел Мянандравіч) (1842—28.1.1904),

расійскі вучоны ў галіне судовай медыцыны. Д-р медыцыны (1871). Скончыў Маскоўскі ун-т (1864). З 1864 у Маскоўскім ваен. шпіталі, з 1873 прыват-дацэнт Пецярбургскай ваенна-мед. акадэміі, з 1885 урачэбны інспектар у Саратаўскай, з 1888 у Яраслаўскай, з 1891 у Мінскай губ. Навук. працы па судовай медыцыне, арганізацыі мед. дапамогі, уліку інфекц. хвароб, выніках венерычных хвароб, барацьбе з з халерай на Беларусі.

Тв.:

Холерная эпидемия в Минской губернии. СПб., 1894.

т. 13, с. 169

ПЯТРО́Ў (Уладзімір Васілевіч) (н. 28.8.1947, г. Львоў, Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізікі паўправаднікоў. Д-р фіз.-матэм. н. (1999). Скончыў БДУ (1970). З 1979 у БПІ (у 1979—84 заг. аддзела). З 1986 у БДУ (заг. лабараторыі). Навук. працы па радыяцыйным і тэрмічным дэфектаўтварэнні ў паўправадніках, легіраваных рэдкімі і рассеянымі элементамі, прымесна-дэфектнай інжынерыі паўправадніковых матэрыялаў.

Тв.:

Фотолюминесценция эпитаксиальных слоев кремния, легированных оловом и итгербием (разам з У.​А.​Быкоўскім, Дз.​І.​Брынкевічам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1989. Т. 50, № 4;

Влияние германия на состояние легирующих примесей в кремнии (разам з Дз.​І.​Брынкевічам, С.​А.​Вабішчэвічам) // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1997. № 3.

т. 13, с. 169

ПЯТРО́Ў (Уладзімір Генадзевіч) (н. 3.2.1956, г. Чэлябінск, Расія),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1985, Свярдлоўск). З 1985 у Омскім муз. т-ры. З 1992 у Нац. т-ры оперы Беларусі, адначасова ў 1992—95 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону. Сярод партый на бел. сцэне: у т-ры муз. камедыі — Эдвін, Містэр Ікс, Тасіла («Сільва», «Прынцэса цырка», «Марыца» І.​Кальмана), князь Арлоўскі («Лятучая мыш» І.​Штрауса); у т-ры оперы — Ялецкі, Яўген Анегін, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Рангоні («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Радрыга, Жэрмон («Дон Карлас», «Травіята» Дж.​Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), партыя барытона (сцэнічная кантата «Карміна Бурана» К.​Орфа), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Шарплес («Мадам Батэрфляй» Дж.​Пучыні).

т. 13, с. 169

ПЯТРО́Ў (Уладзімір Міхайлавіч) (22.7.1896, С.-Пецярбург — 7.1.1966),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1950). Вучыўся (адначасова) у Петраградскім ун-це і Тэатр. вучылішчы пры Александрынскім т-ры. Творчую дзейнасць пачаў у 1917 як драм. акцёр. У 1918 працаваў у Вялікабрытаніі ў рэж. Г.Крэга. З 1925 пам. рэжысёра, з 1928 рэжысёр. Паставіў фільмы: «Навальніца» (паводле А.​Астроўскага, 1934), «Пётр I» (1937—39, паводле А.​М.​Талстога; Дзярж. прэмія СССР 1941, вышэйшая прэмія Міжнар. выстаўкі ў Парыжы, 1937), «Кутузаў» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Без віны вінаватыя» (1945, паводле Астроўскага; Дзярж. прэмія СССР, 1946), «Сталінградская бітва» (1949, гал. прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў г. Марыянске-Лазне, Чэхія; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Рэвізор» (1952, паводле М.​Гогаля), «Паядынак» (1957, паводле А.​Купрына), «Напярэдадні» (1959, паводле І.​Тургенева), «Рускі лес» (1964, паводле Л.​Лявонава) і інш. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў.

У.М.Пятроў.

т. 13, с. 169

ПЯТРО́Ў (Яраслаў Фёдаравіч) (н. 11.6.1942, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),

бел. спявак (бас). Нар. арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974). З 1973 у Нац. акад. т-ры оперы Беларусі. Валодае моцным голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, сцэнічнай абаяльнасцю. Творчасці ўласцівы тэмперамент і шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокае пранікненне ў вобраз, гранічная выразнасць кожнага характару. Стварыў запамінальныя эпічна-велічныя, глыбока драм. і разам з тым чалавечныя вобразы. Сярод партый: Найміт («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Дварэцкі («Візіт дамы» С.​Картэса), Рыгор («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Канчак, князь Ігар, Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Кутузаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава), Філіп П, Рамсіс, Спарафучыле, Мантэроне («Дон Карлас», «Аіда», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Бартала (Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Зарастра («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта). У канцэртным рэпертуары бел. і рус. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

І.​В.​Глушакоў.

Я.Ф.Пятроў.

т. 13, с. 170

ПЯТРО́Ў (Яўген Германавіч) (н. 19.3.1939, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лясной экалогіі і фітацэналогіі. Д-р біял. н. (1983), праф. (1999). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1962). З 1963 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (з 1985 заг. лабараторыі), з 1994 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па ролі воднага фактару ў фарміраванні і прадукцыйнасці лясной расліннасці, уплыве тэхнагеннага забруджвання прыроднага асяроддзя на лясныя экасістэмы, лясным маніторынгу.

Тв.:

Водное питание и продуктивность сосновых фитоценозов. Мн., 1978 (разам з Л.​П.​Смаляком);

Водный режим и продуктивность лесных фитоценозов на почвах атмосферного увлажнения. Мн., 1983;

Экологический режим сосновых биогеоценозов. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 13, с. 170