ВЯЛІ́КІ БЕЛЯНО́К,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Быстрыца, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,2 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 270 м. Пл. вадазбору 2 км². Схілы катлавіны выш. да 11 м, заходнія пад лесам і хмызняком, усходнія разараныя. Ручаямі злучаецца з азёрамі М. Белянок і Нявіда.
т. 4, с. 383
ВЯЛІ́КІ БОР,
вёска ў Велікаборскім с/с Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 25 км ад г. Хойнікі, 120 ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Партызанская. 1239 ж., 418 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.
Вядома з 16 ст., вёска ў Кіеўскім ваяв. Каралеўства Польскага. Знаходзілася ва ўладанні Парышэвічаў, Шуйскіх, Прозараў і інш. З 1793 у Рас. імперыі, сяло Хойніцкай вол. Рэчыцкага пав. У 1866 адкрыта нар. вучылішча. У 1886 — 527 ж., 58 двароў, царква, млын. З 1919 у РСФСР, з 1926 у БССР. У Вял. Айч. вайну 3.6.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, расстралялі і спалілі 36 яе жыхароў. У 1970 — 1120 жыхароў.
т. 4, с. 383
ВЯЛІ́КІ БУРГА́Н,
нафтавае радовішча ў Кувейце, адно з буйнейшых у свеце. Уваходзіць ў Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1938, распрацоўваецца з 1939. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 10,7 млрд. т. Паклады на глыб. 1,1—1,3 км. Шчыльн. нафты 868 кг/м³. Свідравіны фантануюць. Нафтаправоды да гарадоў Міна-эль-Ахмады і Эль-Кувейт.
т. 4, с. 383
ВЯЛІ́КІ ВЕРАЦЕ́ННІК,
птушка, гл. ў арт. Вераценнікі.
т. 4, с. 383
ВЯЛІ́КІ ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т
(Great Dividing Range),
Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.
Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш. Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15° паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28° паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.
т. 4, с. 383
ВЯЛІ́КІ ЕНІСЕ́Й,
Бій-Хем, рака ў Рэспубліцы Тува, у Расійскай Федэрацыі, правая складаючая р. Енісей. Даўж. 605 км, пл. бас. 56,8 тыс. км². Выцякае з воз. Кара-Балык і цячэ пераважна ў гарах паўн.-ўсх. ч. Тувы. Гал. прытокі: Азас, Хам-Сыра, Сыстыг-Хем (справа). Каля г. Кызыл зліваецца з р. Малы Енісей (Ка-Хем), утвараючы Верхні Енісей (Улуг-Хем). Суднаходная на 285 км. Сплаўная.
т. 4, с. 383
ВЯЛІ́КІ ІРГІ́З,
рака ў Заволжы, у Расіі, левы прыток Волгі. Даўж. 675 км, пл. бас. 24 тыс. км². Пачынаецца ў адгор’ях Агульнага Сырта, цячэ ў шырокай даліне, упадае ў Валгаградскае вадасховішча. Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў нізоўі каля 23 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 4, с. 384
ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ з адзнакай, геалагічны помнік прыроды на Беларусі. За 200 м на ПдЗ ад в. Сякераўцы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Граніт ружовы біятытавы, лейкакратавы дробназярністы. Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. 4,1 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй зямлі 3,2 м, у абводзе 11,6 м, аб’ём 45 м³, маса каля 118 т. На зах. баку высечаны чатырохканцовы крыж. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. гадоў назад з Балтыйскага шчыта.
В.Ф.Вінакураў.
т. 4, с. 384
ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
Чортаў камень, геалагічны помнік прыроды, самы буйны валун на Беларусі. За 500 м на З ад в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., за 400 м ад аўтадарогі Шуміліна—Бешанковічы. Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату (2—9 см у папярочніку). Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. (бачнай часткі) 11 м, шыр. 5,6 м, выш. над паверхняй зямлі 2,8 м, у абводзе 32 м, аб’ём 173 м³, маса 460 т. Прынесены ў час апошняга зледзянення каля 18 тыс. гадоў назад з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта.
В.Ф.Вінакураў.
т. 4, с. 384