Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАНІПУЛЯ́ЦЫЯ (франц. manipulation ад лац. manipulus жменя),

рухі рукі або абедзвюх рук пры выкананні складанай работы; складаны прыём або дзеянне, якія патрабуюць спрыту ў ручной рабоце. У пераносным сэнсе — спрытнае махлярства, махінацыя, выхадка.

т. 10, с. 82

МАНІПУ́Р,

штат на ПнУ Індыі, на мяжы з М’янмай. Пл. 22,4 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1991), больш за 50% — народ маніпуры (мейтхеі). Адм. цэнтр — г. Імпхал. У рэльефе чаргаванне мерыдыянальна выцягнутых хрыбтоў (выш. 2—2,5 тыс. м) і шырокіх міжгорных далін на выш. 800—1000 м. Клімат умерана цёплы. Ападкаў ад 1500 мм у далінах да 2500 мм на схілах гор. На наветраных схілах гор пераважаюць вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — лістападныя, якія змяняюцца з вышынёй шыракалістымі і хваёвымі лясамі і лугамі. Міжгорная даліна р. Маніпур — асн. раён рысасеяння. Вырошчванне алейных, тытуню, бавоўны, струковых. Садоўніцтва, шаўкаводства. Развіта ручное ткацтва.

т. 10, с. 82

МАНІСА́ЛЕС (Manizales),

горад у Калумбіі, у даліне р. Каўка, на выш. 2100 м. Адм. ц. дэпартамента Кальдас. Засн. ў 1846. 327 тыс. ж. (1992). Трансп. вузел. Аэрапорт. Чыгункай звязаны з портам Буэнавентура на Ціхім ак. Гандаль кофе. Прам-сць: харч. (гал. ч. апрацоўка кофе), тэкст., гарбарна-абутковая. 2 ун-ты.

т. 10, с. 82

МАНІ́Т,

шасціатамны спірт, C6H14O6. Выкарыстоўваюць у медыцыне як мачагонны сродак (астматычны дыурэтык). Атрымліваюць з марскіх водарасцей ці каталітычным гідрыраваннем цукрозы і далейшай ліяфілізацыяй. Выкарыстоўваюць у мікрабіялогіі, харч. і парфумернай прамысловасці.

М.​І.​Федзюковіч.

т. 10, с. 82

МАНІТО́БА (Manitoba),

возера на Пд Канады, у бас. р. Нельсан. Пл. 4,7 тыс. км², глыб. да 20 м. Рэшткі б. прыледавіковага воз. Агасіс. Сцёк у воз. Вініпег па р. Дофін. Рыбалоўства. Багатае вадаплаўнай дзічынай. Арніталагічная станцыя. Месца адпачынку.

т. 10, с. 82

МАНІТО́БА (Manitoba),

правінцыя ў цэнтры Канады, на Пд мяжуе з ЗША. Пл. 650,1 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Вініпег. Гар. насельніцтва каля 70%. Найб. гарады: Брандан, Томпсан, Лін-Лейк, Гранд-Рапідс. На ПнУ размешчана плоская забалочаная нізіна, у цэнтры і на Пн — Лаўрэнційскае ўзв., на Пд — Манітобская нізіна. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. 18 °C, ападкаў да 650 мм за год. Густая рачная сетка. Найб. рэкі: Нельсан, Чэрчыл, Хейс. Шмат азёр, у т. л. Вініпег, Манітоба, Вініпегосіс. На Пн тундравая расліннасць, якая змяняецца хваёвымі і стэпавымі ландшафтамі. Прам-сць: перапрацоўка с.-г. прадукцыі, у т. л. мясакансервавая, мукамольная, малочная, маслабойная; здабыча і абагачэнне нікелева-медных руд, дрэваапрацоўка. Развіты нафтахім., хім., маш.-буд., металаапрацоўка, паліграф., швейная прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, жыта), тэхн. культур (лён, рапс, сланечнік). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Порт Чэрчыл (вываз збожжа). Турызм.

т. 10, с. 82

МАНІТО́Р (англ. monitor),

клас нізкабортных браніраваных ваен. караблёў з малой асадкай, прызначаных для нанясення артыл. удараў па берагавых аб’ектах праціўніка, знішчэння яго караблёў у прыбярэжных раёнах мора і на рэках.

Назва ад аднайм. карабля, пабудаванага ў пач. грамадз. вайны 1861—65 у ЗША Пазней падобныя марскія М. з’явіліся ў Вялікабрытаніі, Расіі, Францыі і інш. З канца 19 ст. яны замяняліся браняносцамі берагавой абароны, з пач. 20 ст.лінейнымі караблямі. Рачныя М. (будаваліся з канца 1860-х г., упершыню з’явіліся на Дунаі) выкарыстоўваліся для артыл. падтрымкі сухап. войск, высадкі дэсанта, аховы ўласных і парушэння варожых рачных камунікацый. У СССР (Кіеў) у 1934—37 пабудаваны 7 рачных М., у т. л. «Жалезнякоў», для Дняпроўскай ваеннай флатыліі (ДВФ; з 1940 частка ў Дунайскай флатыліі). Буд-ва марскіх і рачных М. спынена пасля 2-й сусв. вайны.

З вясны 1922 у Пінску (Зах. Беларусь), дзе пасля польска-сав. вайны 1919—20 была адноўлена польск. Пінская флатылія (ПФ), базіраваліся рачныя М. «Мазыр» (у 1923 перайменаваны ў «Торунь») і «Варшава», з 1926 (пасля расфарміравання польск. Віслінскай флатыліі) — М. «Пінск» і «Гарадзішча». Яны пабудаваны ў 1920 у Данцыгу (Гданьску, у гіст. л-ры часам наз. «гданьскія М.»). У 1924—26 у Кракаве для ПФ пабудаваны і больш лёгкія М. «Кракаў» і «Вільна». 17—21.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь усе М. затоплены («Вільна» сеў на мель на Прыпяці і 18 вер. ўзарваны экіпажам). У вер.кастр. 1939 караблі падняты і адрамантаваны сав. маракамі. Пасля пераўзбраення і перайменавання («Варшава» ў «Віцебск», «Гарадзішча» ў «Бабруйск», «Торунь» у «Вінніцу», «Кракаў» у «Смаленск», «Пінск» у «Жытомір») яны ўключаны ў ДВФ з гал. базай у Пінску, а пасля расфарміравання флатыліі (чэрв. 1940) — у Пінскую ваенную флатылію. Летам—восенню 1941 у ходзе абарончых баёў на Прыпяці, Бярэзіне, Дняпры М. знішчаны.

Літ.:

Павлович Р. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;

Яго ж. Мониторы польской Пинской флотилии: история и судьба // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Мн., 1998. Вып. 2.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Манітор «Бабруйск».

т. 10, с. 82

МАНІТО́Р (лац. monitor літар. які наглядае, напамінае),

1) старшы вучань, які дапамагаў настаўніку ў школах т.зв. узаемнай адукацыі. Існавалі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Расіі і інш. у 18 — пач. 19 ст. 2) У радыётэхніцы — тое, што відэаманітор.

3) У ЭВМ — прылада для кантролю працэсаў і кіравання выліч. сістэмай. Напр., відэаманітор выкарыстоўваецца для дыстанцыйнага назірання за станам сістэмы, дысплей з клавіятурай — як пульт кіравання і як манітор.

т. 10, с. 83

МАНІТО́Р у праграмаванні,

машынная праграма для назірання, кантролю або праверкі аперацый у сістэме апрацоўкі даных. Адрозніваюць М. раздзялення часу, рэальнага часу, віртуальных машын, вызначэння прадукцыйнасці ЭВМ, кантрольны М. (для запуску тэстаў), фонава-аператыўны (напр., для вываду інфармацыі на прынтэр адначасова з работай машыны па зададзенай праграме) і інш.

Можа быць часткай аперацыйнай сістэмы (выконвае функцыі дыспетчара) ці замяняе яе цалкам (сістэмны М.). Звычайна мае статус праграмы карыстальніка. У агульным выпадку ў праграмным забеспячэнні можа быць некалькі М., кожны з якіх выконвае свае спецыфічныя функцыі. напр., кіраванне трансляцыяй праграм, пакетам дастасавальных праграм, комплексам тэставых задач, дыялогавым рэжымам работы машыны і інш. М. у мовах праграмавання — сукупнасць аператараў для арганізацыі высокаўзроўневага механізму сінхранізацыі і ўзаемадзеяння працэсаў (у т. л. праграмных), які забяспечвае доступ да непадзельных рэсурсаў.

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 83

МАНІТО́РЫНГ (англ. monitoring) сацыяльна-палітычны, пастаянны, сістэматычны збор інфармацыі з мэтаю назірання, кантролю за ходам развіцця якой-небудзь сац.-паліт. з’явы або працэсу і яго прагназавання (напр., М. грамадскай думкі).

т. 10, с. 83