МАНІТО́БА (Manitoba),

правінцыя ў цэнтры Канады, на Пд мяжуе з ЗША. Пл. 650,1 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Вініпег. Гар. насельніцтва каля 70%. Найб. гарады: Брандан, Томпсан, Лін-Лейк, Гранд-Рапідс. На ПнУ размешчана плоская забалочаная нізіна, у цэнтры і на Пн — Лаўрэнційскае ўзв., на Пд — Манітобская нізіна. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. 18 °C, ападкаў да 650 мм за год. Густая рачная сетка. Найб. рэкі: Нельсан, Чэрчыл, Хейс. Шмат азёр, у т. л. Вініпег, Манітоба, Вініпегосіс. На Пн тундравая расліннасць, якая змяняецца хваёвымі і стэпавымі ландшафтамі. Прам-сць: перапрацоўка с.-г. прадукцыі, у т. л. мясакансервавая, мукамольная, малочная, маслабойная; здабыча і абагачэнне нікелева-медных руд, дрэваапрацоўка. Развіты нафтахім., хім., маш.-буд., металаапрацоўка, паліграф., швейная прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, жыта), тэхн. культур (лён, рапс, сланечнік). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Порт Чэрчыл (вываз збожжа). Турызм.

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)