Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭГІ́СТР у музыцы,

1) участак гукавога дыяпазону муз. інструмента або пеўчага голасу, які характарызуецца адзіным тэмбрам. Р. інструментаў бывае высокі, сярэдні і нізкі, Р. голасу — грудны, галаўны і мяшаны; у мужчынскіх галасоў — т.зв. фальцэтны (гл. Фальцэт).

2) Прыстасаванне на стр. клавішных інструментах, якое змяняе моц і тэмбр гуку.

3) Група труб (у аргане), струн (на клавесіне), язычкоў (у акардэоне, фісгармоніі і пад.) аднолькавага тэмбру.

т. 13, с. 548

РЭГІ́СТРАВАЯ ТО́НА, рэгістравы танаж,

паказчык памераў судна (яго ўмяшчальнасць). Адрозніваюць 2 віды ўмяшчальнасці: валавую (умяшчальнасць брута—брута рэгістравы танаж і чыстую (умяшчальнасць нета—нета рэгістравы танаж). Валавая Р.т. дае ўяўленне пра памеры ўсяго судна, чыстая — пра аб’ём яго памяшканняў, што выкарыстоўваюцца для перавозкі грузаў і пасажыраў.

т. 13, с. 548

РЭГІСТРА́ЦЫЯ (позналац. registratio ад registrum спіс, пералік),

1) запіс з мэтай уліку і надання факту законнай сілы.

2) Унясенне ў спіс, кнігу (напр., Р. шлюбу; Р. дэлегатаў з’езда).

т. 13, с. 548

РЭГІЯМАНТА́Н [новалац. Regiomontanus; сапр. Мюлер

(Müller) Іаган] (6.6.1436, г. Кёнігсберг, Германія, цяпер г. Калінінград, Расія — 6.7.1476),

нямецкі астраном і матэматык. У 1461—68 жыў у Італіі, дзе вывучаў творы грэч. матэматыкаў і астраномаў. У 1468—71 праф. Венскага ун-та. Заснаваў адну з першых у Еўропе астр. абсерваторый (г. Нюрнберг, 1471), пры якой існавалі майстэрня па вырабе астр. інструментаў і друкарня. У 1475 па запрашэнні папы пераехаў у Рым для ўдзелу ў работах па ўдасканаленні календара. Аўтар першых друкаваных астр. табліц, якімі карысталіся В. да Гама, Х.​Калумб і інш. мараплаўцы.

Літ.:

Белый Ю.А. Йоганн Мюллер (Региомонтан), 1436—1476. М., 1985.

А.​І.​Балсун.

т. 13, с. 548

РЭГІЯНА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

забруджванне навакольнага асяроддзя, якое выяўляецца на значнай тэрыторыі (у адрозненне ад лакальнага забруджвання). Пры пэўных умовах можа перарастаць у глабальнае забруджванне. Бывае фіз., хім., біял. і інш. Напр., забруджванне марскіх вод нафтапрадуктамі; унутр. вод у раёнах інтэнсіўнага земляробства — злучэннямі фосфару, азоту; прамысл. высокаразвітых рэгіёнаў — сярністым газам, аксідам азоту, пылам і інш. Р.з. не абмяжоўваецца дзярж. граніцамі: напр., пэўная доза забруджвальнікаў, якія выкідваюцца ў атмасферу прамысл. прадпрыемствамі краін Зах. Еўропы, з паветр. плынямі дасягае тэр. Беларусі; забруджвальнікі, якія трапілі ў рэкі бас. Нёмана і Зах. Дзвіны, аказваюць шкодны экалагічны ўплыў на акваторыю Балтыйскага, а з рэк бас. Прыпяці і Дняпра — Чорнага мора. На Беларусі найб. актуальныя праблемы Р.з. паветра гарадоў, вод, радыеактыўнага забруджвання. У 1990-я найб. высокія ўзроўні Р.з. паветра былі ў гарадах Магілёў, Мазыр, Гродна. У рэках рэгулярна выяўляюцца канцэнтрацыі асобных элементаў, якія перавышаюць гранічна-дапушчальныя канцэнтрацыі. Паводле індэксу забруджанасці вод большая ч. рэк Беларусі належыць да класа «ўмерана забруджаных», меншая — да «чыстых»; рачны створ р. Свіслач ніжэй Мінска аднесены да «забруджаных». Радыеактыўнае Р.з. мясцовасці ахоплівае больш за 22% тэр. Найб. плошчы забруджання радыеактыўнага і паветраных басейнаў гарадоў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 548

РЭГІЯНА́ЛЬНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

раздзел геалогіі, што вывучае геал. будову і гісторыю развіцця асобных рэгіёнаў (краін, кантынентаў, акіянаў, складкавых сістэм, платформ або іх частак). Гал. задачы Р.г.: комплекснае геал. даследаванне рэгіёнаў (геал. будова, стратыграфічная паслядоўнасць і ўзрост адкладаў, іх рэчыўны састаў і ўмовы намнажэння, эфузіўныя і інтрузіўныя ўтварэнні, метамарфізм, тэктагенез, фарміраванне і размеркаванне радовішчаў карысных выкапняў і інш.) і параўнальны аналіз геал. будовы і гісторыі развіцця асобных рэгіёнаў для высвятлення будовы і эвалюцыі зямной кары кантынентаў і Зямлі, таксама заканамернасці размяшчэння ў ёй карысных выкапняў. Гал. метады Р.г.: геалагічная здымка, глыбокае і звышглыбокае свідраванне, комплекс геафіз. (электра-, траві-, магніта-, сейсмаметрыя і інш.), геахім., петраграфічных, палеанталагічных даследаванняў, розныя віды дыстанцыйнага зандзіравання (аэрафота і касм.) і інш. Вынікі рэгіянальных геал. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры гідрагеал. і інжынерна-геал. дзейнасці, у пошуках карысных выкапняў, прадстаўляюцца ў выглядзе геалагічных карт, карт карысных выкапняў, таксама тэктанічных, геахім., палеагеаграфічных, літолага-фацыяльных і інш. карт, справаздач, тлумачальных запісак.

Першыя рэгіянальныя геал даследаванні адносяцца да 2-й пал. 18 ст., сістэм, характар яны набылі з пач.: 19 ст. пасля распрацоўкі Агульнай стратыграфічнай шкалы фанеразойскіх адкладаў. Найб. вядомыя вучоныя ў галіне Р.г.: англ. Р.​І.​Мурчысан, франц. Ф.​Вернёйль, рус. А.​А.​Кейзерлінг, Р.​П.​Гельмерсен, А.​П.​Карпінскі, А.​Дз.​Архангельскі, У.​А.​Обручаў, М.​С.​Шацкі, М.​М.​Страхаў, В.​Я.​Хаін і інш.

На Беларусі даследаванні па Р.г. праводзяць арг-цыі ВА «Белгеалогія». Значны ўклад у развіццё Р.г. зрабілі П.​А.​Туткоўскі, Г.​Ф.​Мірчынк, А.​М.​Жырмунскі, Г.​І.​Гарэцкі, А.​С.​Махнач, А.​В.​Фурсенка, М.​М.​Цапенка, Л.​М.​Вазнячук, С.​С.​Маныкін і інш.

Літ.:

Милановский Е.Е. Геология России и ближнего зарубежья (Северной Евразии). М., 1996.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 13, с. 548

РЭГІЯНА́ЛЬНЫ МАНІТО́РЫНГ, занальны маніторынг,

сістэма сачэння за працэсамі і з’явамі ў прыродным асяроддзі розных прыродна-геагр. рэгіёнаў (кліматычных зон, басейнаў, фіз.-геагр. раёнаў і інш.). Бывае нац. Р.м. (назіранні ў адм. межах краіны) і міжнародны маніторынг. Матэрыялы Р.м. выкарыстоўваюцца ў сістэме глабальнага маніторынгу для прагназавання кірункаў развіцця глабальных прыродных працэсаў, выяўлення небяспечных ачагоў забруджвання і разбурэння навакольнага асяроддзя, для эфектыўнага дзярж. кіравання і кантролю якасці прыроднага асяроддзя. На Беларусі існуе Праграма нац. сістэмы маніторынгу, якае ўключае маніторынгі мед., біял., навакольнага асяроддзя, імпактны (сачэнне за антрапагеннымі ўздзеяннямі пры пагрозе ўзнікнення аварый, катастроф, стыхійных бедстваў, эпідэмій).

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 548

РЭГЛА́МЕНТ (польск. reglament ад франц. règlement ад règle правіла),

1) сукупнасць правіл, якія вызначаюць парадак дзейнасці дзярж. органа, установы, арганізацыі.

2) Парадак вядзення пасяджэнняў, з’ездаў, канферэнцый.

3) Назва некат. актаў міжнар. кангрэсаў ці канферэнцый (напр., Венскі Р. 1815).

т. 13, с. 548

РЭГЛАМЕНТА́ЦЫЯ,

устанаўленне правіл, якія вызначаюць парадак якой-н. дзейнасці. Гл. таксама Рэгламент.

т. 13, с. 548

РЭГЛА́МЕНТЫ ПЯТРА́ І,

заканадаўчыя акты Рас. дзяржавы 1-й чвэрці 18 ст. Вызначалі структуру і задачы устаноў, створаных у працэсе пераўтварэнняў, што праводзіліся ў гэты перыяд. Да іх адносяцца: ваен. статуты («Ваенны артыкул», 1716, «Статут воінскі сухапутны», 1716, «Марскі статут», 1720), «Генеральны рэгламент» для калегій (1720), «Духоўны рэгламент» для Сінода (1721), «Рэгламент Галоўнага магістрата» (1721), «Рэгламент Адміралцейства» (1722). Распрацоўваліся Пятром І сумесна з кіраўнікамі дзярж. устаноў і прадстаўнікамі саслоўяў (дваранства, купецтва, духавенства). Нормы, запазычаныя з зах.-еўрап. заканадаўстваў, дастасоўваліся да ўмоў Расіі. Садзейнічалі цэнтралізацыі дзярж. апарату, пераадоленню рэшткаў феад. сепаратызму, умацаванню арміі і флоту. Разам з тым служылі ўмацаванню эксплуатацыі прыгонных сялян і работных людзей, пашыралі правы і прывілеі пануючых саслоўяў.

т. 13, с. 548