Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУДКО́ЎСКІ (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; 17.4.1936, в. Востраў Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 7.7.1991),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1961). Настаўнічаў. З 1960 у Ганцавіцкай раённай газеце, у 1962—82 на Брэсцкай студыі тэлебачання. Друкаваўся з 1957. Аўтар зб-каў лірыкі «Першыя вёрсты» (1963), «Сінія Брады» (1967), «Позвы» (1971), «У краі тым...» (1975), «Векавечная Бацькаўшчына» (1976), «Трыгор’е» (1981), «Засцярога» (1984). Гал. тэма яго твораў — Беларусь, хараство яе краявідаў, дабрыня, мужнасць і шчырасць людзей, іх надзеі, праблемы і трывогі, мінулае, сучаснае і будучыня. Палессе ў паэзіі Р. паўстае як край казачна-рамантычны, амаль былінны. Вершам Р. ўласціва тонкая акварэльнасць малюнка, трапнасць маст. дэталі, светлыя элегічныя інтанацыі роздуму пра ўзаемасувязі прыроды і чалавека, псіхалагізм. Працаваў у жанры балады, элегіі, санета, трыялета і інш. Пераклаў на бел. мову вершы ўкр. паэтаў.

Тв.:

Залатазвон: Выбр. лірыка. Мн, 1986;

Гарынь: Вершы. Мн., 1992.

Літ.:

Калеснік Зорны спеў. Мн., 1975.

Т.​К.​Чабан.

М.Рудкоўскі.

т. 13, с. 429

РУДНАТЭРМІ́ЧНАЯ ПЕЧ,

тое, што рудааднаўляльная печ.

т. 13, с. 429

РУ́ДНЕВА (Наталля Аляксандраўна) (н. 27.5.1951, г. Самара, Расія),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1981). З 1972 артыстка хору, з 1981 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае моцным голасам, яркім драм. талентам. Першая выканаўца гал. партый у операх бел. кампазітараў: Квета («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), Ганна («Новая зямля» Ю.​Семянякі), Клара Цаханасян («Візіт дамы» С.​Картэса), а таксама Мадалена («Мадалена» С.​Пракоф’ева). Сярод інш. партый: Любка («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Любаша, Лель, Вясна («Царская нявеста», «Снягурка» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Паліна, Графіня, Вольга, няня («Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Элен Бязухава, Соня, Ахросімава («Вайна і мір» Пракоф’ева), Амнерыс, Эбалі, Ульрыка, Азучэна, Мадалена, Фенена («Аіда», «Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Трубадур», «Рыгалета», «Набука» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні) і інш.

Н.Руднева ў ролі прынцэсы Эбалі.

т. 13, с. 429

РУ́ДНЕЎ (Леў Уладзіміравіч) (13.3.1885, г. Ноўгарад, Расія — 19.11.1956),

рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1915), праф. у ёй (1922—48) і ў Маскоўскім арх. ін-це (1948—52). Асн. работы: помнік «Змагарам рэвалюцыі» на Марсавым полі ў Пецярбургу (1917—19); будынак Ваен. акадэміі (1937), адм. будынкі на вул. Маршала Шапашнікава (1934—38) і на Фрунзенскай набярэжнай (1938—55), комплекс Маскоўскага ун-та (1949—53, у сааўт.; праект — Дзярж. прэмія СССР 1949) — усе ў Маскве; Дом урада ў Баку (1952), Палац культуры і навукі ў Варшаве (1952—55) і інш.

Літ.:

Архитектор Руднев. М., 1963.

т. 13, с. 429

РУДНІ́К,

горназдабыўное прадпрыемства ў асноўным з падземным спосабам распрацоўкі радовішча карысных выкапняў. Уключае сумежныя шахты, кар’еры і інш. горныя вырабаткі па здабычы і перапрацоўцы сыравіны, аб’яднаныя агульным комплексам наземных збудаванняў. Горныя работы на Р. вядуцца на глыбіні да 3 км і больш. Часам Р. наз. прадпрыемствы з адкрытай распрацоўкай карысных выкапняў.

т. 13, с. 430

РУ́ДНІКІ,

вёска ў Мокраўскім с/с Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., каля аднайм. вадасховішча. Цэнтр калгаса. За 15 км на Пн ад г. Пружаны, 100 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 187 ж., 61 двор (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана. Помнік архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 13, с. 430

РУ́ДНІКІ,

вадасховішча ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., за 2,5 км на ПнЗ ад в. Руднікі. Створана ў 1978. Пл. 0,9 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 2,5 м, аб’ём вады 1,2 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 2,2 км. Напаўняецца вадой з р. Ясельда па адкрытым канале праз сажалку пры дапамозе помпавай станцыі. Забіраецца вада з вадасховішча праз вежавы вадаскід. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

т. 13, с. 430

РУДНІКО́ВАЕ ТРАНСПАРТАВА́ННЕ, унутрышахтавае транспартаванне,

перамяшчэнне карыснага выкапня і інш. грузаў, а таксама перавозка людзей па падземных горных вырабатках і па паверхні зямлі (у межах тэр. рудніка, шахты). Ажыццяўляецца стужачнымі, скрабалкавымі, хістальнымі і інш. канвеерамі, лакаматывамі, вагонамі, самаходнымі ваганеткамі, цялежкамі, канатна-скрэпернымі ўстаноўкамі. Выкарыстоўваецца таксама гідраўлічны транспарт, гравітацыйнае транспартаванне, пнеўматычны транспарт. Пад’ём і апусканне карысных выкапняў, горнай пароды, абсталявання і людзей з шахты на паверхню робіцца клецевай, скіпавай або камбінаванай пад’ёмнай устаноўкай з загрузачнымі і разгрузачнымі прыстасаваннямі, бункерамі, капрамі (т. зв. рудніковы пад’ём).

т. 13, с. 430

РУДНІКО́ВЫ ГАЗ,

гаручы газ, што вылучаецца звычайна ў кам.-вуг. шахтах. Бясколерны, лягчэйшы за паветра. Асн. кампанент — метан, мае таксама азот, вадарод, інертныя і інш. газы. Утвараецца ў радовішчах карысных выкапняў з арган. рэчываў пры гніенні, пад уздзеяннем цяпла, ціску, часам радыяцыі. У сумесі з паветрам выбухованебяспечны. Наяўнасць Р.г. ў рудніковай атмасферы (дапушчальная канцэнтрацыя 0,5—2% па аб’ёме) зніжае канцэнтрацыю кіслароду і можа прывесці да ўдушша.

т. 13, с. 430

РУДНІ́ЦКІ (Антон Сяргеевіч) (н. 3.1.1943, в. Піліпавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1966). З 1966 у БДУ (у 1972—98 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ). Навук. працы па электрадынаміцы аптычных і радыёэлектронных сістэм. Распрацаваў эфектыўныя метады рашэння краявых задач электрадынамікі. Развіў тэорыю распаўсюджвання і дыфракцыі эл.-магн. хваль у калейдаскапічных структурах, стварыў на аснове такіх структур прыстасаванні рознага функцыянальнага прызначэння для лазерных, аптычных і радыёэлектронных сістэм.

Тв.:

К решению краевых задач методом парциальных плоских волн // Радиотехника и электроника. 1988. Т. 33, вып. 11;

Волноводы и объемные резонаторы сложной формы. Мн. 2000.

т. 13, с. 430