РУДКО́ЎСКІ (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; 17.4.1936, в. Востраў Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 7.7.1991),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1961). Настаўнічаў. З 1960 у Ганцавіцкай раённай газеце, у 1962—82 на Брэсцкай студыі тэлебачання. Друкаваўся з 1957. Аўтар зб-каў лірыкі «Першыя вёрсты» (1963), «Сінія Брады» (1967), «Позвы» (1971), «У краі тым...» (1975), «Векавечная Бацькаўшчына» (1976), «Трыгор’е» (1981), «Засцярога» (1984). Гал. тэма яго твораў — Беларусь, хараство яе краявідаў, дабрыня, мужнасць і шчырасць людзей, іх надзеі, праблемы і трывогі, мінулае, сучаснае і будучыня. Палессе ў паэзіі Р. паўстае як край казачна-рамантычны, амаль былінны. Вершам Р. ўласціва тонкая акварэльнасць малюнка, трапнасць маст. дэталі, светлыя элегічныя інтанацыі роздуму пра ўзаемасувязі прыроды і чалавека, псіхалагізм. Працаваў у жанры балады, элегіі, санета, трыялета і інш. Пераклаў на бел. мову вершы ўкр. паэтаў.

Тв.:

Залатазвон: Выбр. лірыка. Мн, 1986;

Гарынь: Вершы. Мн., 1992.

Літ.:

Калеснік Зорны спеў. Мн., 1975.

Т.​К.​Чабан.

М.Рудкоўскі.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)