Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРЫКВЕ́ТАК,

ліст, у пазусе якога развіваецца кветка і які ўкрывае кветкавы парастак. Ад вегетатыўнага лісця таго ж віду часта адрозніваецца больш простай формай і дробнымі памерамі; часам мае характар плеўкавых лускавінак ці падобны на звычайнае лісце.

т. 13, с. 68

ПРЫКЛАДНА́Я ГРА́ФІКА,

гл. ў арт. Прамысловая графіка.

т. 13, с. 68

ПРЫКЛАДНА́Я ЛІНГВІ́СТЫКА,

раздзел мовазнаўства, які распрацоўвае метады рашэння практычных задач, звязаных з выкарыстаннем мовы. Традыц. кірункі П.л. — стварэнне граматык і слоўнікаў, навучанне мове, дэшыфроўка стараж. помнікаў на незнаёмых відах пісьма, устанаўленне аўтарства і часу напісання тэкстаў без выходных звестак, стварэнне штучных моў для інтэрнац. зносін разнамоўных людзей, распрацоўка алфавітаў, сістэм графікі для непісьменных моў і інш. У сувязі з камп’ютэрызацыяй інтэлектуальнай дзейнасці надзённай з’яўляецца аўтаматызацыя некат. відаў разумовай працы людзей, што немагчыма без усебаковай матэм. апрацоўкі і статыстычнай параметрызацыі мовы для машыннага перакладу з адной мовы на другую, аўтам. рэферыравання і анатавання пісьмовых тэкстаў, складання канкардансаў і інш. П.л. карыстаецца дасягненнямі матэматычнай лінгвістыкі, структурнай лінгвістыкі, інжынернай, камп’ютэрнай і традыц. лінгвістыкі для практычных патрэб, у першую чаргу для хуткай апрацоўкі і аналізу інфармацыі. Аўтам. апрацоўка пісьмовых тэкстаў на натуральных мовах вымагае іх строгага фармальнага апісання. Для гэтага праводзіцца шматаспектны аналіз мовы з дапамогай матэм. працэдур, ствараюцца штучныя мовы (напр., алгол, кабол, сінтол, фартран і інш.) для зносін у сістэме чалавек — машына (ЭВМ, АСУ, камп’ютэр і інш.), складаюцца частотныя, адваротныя слоўнікі, тэзаўрусы і інш. лексікаграфічныя працы. На Беларусі праблемы П.л. даследуюцца ў Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскім лінгвістычным і Гродзенскім ун-тах, у навукова-ведамасных установах на матэрыяле пісьмовых тэкстаў і шляхам аналізу вуснага маўлення.

Літ.:

Тайны древних письмен: Пробл. дешифровки: Пер. с англ., нем., фр. и итал. яз. М., 1976;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 12. Прикладная лингвистика. М. 1983;

Мартынов В.В. Универсальный семантический код: УСК-3. Мн., 1984;

Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991;

Прикладное языкознание. СПб., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 68

ПРЫКЛАДНА́Я МУ́ЗЫКА, функцыянальная музыка,

разнавіднасць муз. культуры, якая выконвае акрэсленыя жыццёвыя, практычныя, не ўласна маст. функцыі. У стараж. культурах музыка суправаджала грамадз. і культавыя абрады і рытуалы, працоўныя і быт. працэсы. Адзін з яе стараж. відаў — сігнальная музыка (пастухоўскія, паляўнічыя, апавяшчальныя і інш. сігналы). У еўрап. традыц. культуры адбылася дыферэнцыяцыя П.м. на вытв., цырыманіяльную, ваен. і інш. З 19 ст. ў гар. культуры дамінавалі забаўляльныя жанры, звязаныя з масавай муз. культурай (салонная, танцавальная музыка, шлягер, «жорсткі» раманс і інш.). Сучасная П.м. шматлікая і разнастайная; забаўляльная танцавальная музыка, сігнальная музыка (пазыўныя радыё- і тэлестанцый, прывітальныя сігналы нар. свят і міжнар. цырыманіялу, спарт. і інш.), асобныя віды музыкі ў драм. тэатры і кінамузыка.

А.​А.​Карпілава.

т. 13, с. 68

ПРЫКЛАДНО́Е ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

комплекс тэлевізійнай апаратуры для перадачы і прыёму візуальнай інфармацыі для навук., арганізац., вытв. і інш. прыкладных мэт. У адрозненне ад вяшчальнага тэлебачання П.т. разлічана на прыём відарыса абмежаванай колькасцю прыёмнікаў і з’яўляецца замкнёнай тэлевізійнай сістэмай.

Бывае чорна-белае, каляровае, мона- і стэрэаскапічнае, шматракурснае і галаграфічнае. Кіраванне тэлевізійнай перадавальнай камерай, як правіла, дыстанцыйнае. Лінія сувязі (кааксіяльны кабель, аптычнае валакно, радзей радыёлінія) перадавальнай і прыёмнай апаратуры мае невял. працягласць. Параметры сістэм П.т. вызначаюцца галіной іх выкарыстання. Апаратура П.т. можа ўстанаўлівацца ў агрэсіўных асяроддзях, пад вадой, у месцах з павышанай радыяцыяй, высокай т-рай і інш.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 68

ПРЫКЛАДНЫ́Х ФІЗІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М ІНСТЫТУ́Т імя А.​Н.​Сеўчанкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Засн. ў 1971 у Мінску на базе н.-д. лабараторый БДУ. Арганізатар і першы дырэктар — акад. АН Беларусі А.Н.Сеўчанка. У ін-це 4 аддзелы (27 лабараторый).

Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка нізкатэмпературнай плазмы, уздзеянне іанізавальнага выпрамянення на матэрыялы і прылады электроннай тэхнікі, распаўсюджванне ультрагуку ў неаднародных асяроддзях, спектраскапія і люмінесцэнцыя кандэнсаваных сістэм, распрацоўка і стварэнне спектральнай апаратуры, лагічных элементаў і сістэм, электронна-выліч. прылад. У галіне оптыкі, спектраскапіі і люмінесцэнцыі здзейснены мэтанакіраваны сінтэз неарган. і арган. злучэнняў (вадкакрышт. матэрыялы для прылад адлюстравання інфармацыі і кіравання, актыўныя і пасіўныя лазерныя асяроддзі, аптычныя асяроддзі для запісу інфармацыі, негатыўныя і пазітыўныя фотарэзістары, матэрыялы колеракадзіравання і колераперадачы інфармацыі, пажаравыбуховабяспечныя цеплаізаляцыйныя матэрыялы, лекавыя прэпараты радыёпратэктарнага дзеяння, індыкатары для аналізу біял. вадкасцей чалавека, фарбавальнікі для онкатэрапіі і інш.); створаны метады і прылады экспрэс-дыягностыкі газавых патокаў, пылавых і дымавых выкідаў і інш. У галіне фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў распрацаваны тэорыя і метады іонна-прамянёвага легіравання і выкарыстанне іх у тэхналогіі вырабаў электроннай тэхнікі, сістэма скразнога камп’ютэрнага мадэліравання тэхналогій мікра- і нанаэлектронікі, метады атрымання звышцвёрдых і зносастойкіх матэрыялаў; даследаваны працэсы дэфектаўтварэння ў крышталях крэмнію, арсеніду галію і фасфіду індыю; прапанаваны і рэалізаваны спосабы кіравання пучкамі рэнтгенаўскіх і гама-квантаў. У галіне радыёфізікі і інфарматыкі створаны радыёгалаграфічныя сродкі для бескантактнага вымярэння вільготнасці, масы, шчыльнасці і інш. характарыстык дыэл. матэрыялаў; метады і прылады для выяўлення ачагоў узгарання лясных пажараў, ультрагукавыя расхадамеры вадкасці і газу, тэлеметрычны комплекс сейсмаразведкі, вымяральны комплекс аператыўнага маніторынгу дозных размеркаванняў пучкоў рэнтгенаўскага і электроннага выпрамяненняў; уведзена ў дзеянне першая нац. азонаметрычная станцыя, распрацаваны люмінесцэнтныя бескантактныя тэрмадатчыкі крыягенных т-р. Навук. і канструктарскія распрацоўкі ін-та знайшлі практычнае выкарыстанне ў прам-сці, нар. гаспадарцы, медыцыне і інш. Навук. дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 6 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працаваў акад. АН Беларусі Л.В.Валадзько, працуюць акад. Нац. АН Беларусі А.Ф.Чарняўскі, чл.-кар. Ф.Ф.Камароў.

У.​І.​Папечыц.

т. 13, с. 68

ПРЫКУБА́НСКАЯ НІЗІ́НА, Кубана-Прыазоўская нізіна,

раўніна ў Зах. Перадкаўказзі, у Расіі, на Пн ад ніжняга цячэння р. Кубань. Абмежавана на Пд падножжамі гор Вял. Каўказа, на У Стаўрапольскім узвышшам, на З Азоўскім м., на Пн нізоўямі рэк Дон і Маныч. Выш. да 150 м. Складзена з асадкавых парод мезакайназойскага ўзросту, укрытых лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. На ПнЗ — радовішчы газу. Клімат умерана кантынентальны, ападкаў 400—600 мм за год. Стэпы, б.ч. узараныя. П.н. — найважнейшы збожжавы раён Расіі.

т. 13, с. 69

ПРЫЛА́ДА,

1) прыстасаванне, пры дапамозе якога выконваецца якая-н. работа.

2) Спец. прыстасаванне, механізм, прыбор, прызначаныя для якой-н. мэты — вымярэння, вылічэння і да т.п.

3) Камплект, набор прадметаў для выканання аднаго працэсу, напрамку работ, напр., рыбалоўныя П., спартыўныя П.

т. 13, с. 69

ПРЫЛАДАБУДАВА́ННЕ,

комплекс галін прам-сці па вытв-сці сродкаў вымярэнняў, аналізу, апрацоўкі і прадастаўлення інфармацыі, прылад і прыстасаванняў кантролю і рэгулявання тэхнал. працэсаў, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці, сістэм кіравання і навук. даследаванняў. У залежнасці ад тэхнал. асаблівасцей адрозніваюць П. дакладнай механікі і электрамеханікі, аптычнае, оптаэлектроннае і лазернае, электроннае. Найб. пашыраны прылады вымярэння мех. (вуглавых і лінейных памераў і перамяшчэнняў, масы, сілы, вібрацыі, цвёрдасці, дэфармацыі, трываласці), эл. і магн. (напружання, току, магутнасці, частаты, супраціўлення, ёмістасці), цеплаэнергет. (т-ры, ціску, расходу рэчыва, узроўню), аптычных, радыяцыйных і інш. велічынь. Сродкі вымяральнай тэхнікі ў спалучэнні з рэгулюючымі, вылічальнымі і выканаўчымі прыстасаваннямі складаюць тэхн. базу аўтаматызаваных сістэм кіравання тэхнал. працэсамі.

Значнае месца ў П. займаюць: прылады і прыстасаванні вылічальнай тэхнікі, што выкарыстоўваюцца для механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў вылічэнняў і апрацоўкі інфармацыі пры рашэнні інж. і навук. задач; аналітычныя прылады для вызначэння саставу і канцэнтрацыі рэчываў у розных асяроддзях, матэрыялах і прадуктах (электрахім., ультрагукавыя, аптычныя, ядзерныя і інш. аналізатары); сродкі тэлемеханікі для перадачы інфармацыйных сігналаў і кіроўных імпульсаў на вял. адлегласці; прылады і прыстасаванні выпрабавальнай тэхнікі, аргтэхнікі. Стварэнню кампактных надзейных прылад, вымяральных, вылічальных і інш. сродкаў тэлемеханікі і аўтаматыкі садзейнічала развіццё мікраэлектронікі. оптаэлектронікі, мікрамеханікі і г.д., выкарыстанне матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі (плёнак, вадкіх крышталёў, магн. вадкасцей і да т.п.), новых тэхналогій.

Прадукцыя П. шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і быту.

У 19 ст. ў Расіі было некалькі невял. прадпрыемстваў, якія выпускалі тэрмометры, вагі. манометры, вадамеры і інш. найпрасцейшыя прылады. У СССР прамысл. вытв-сць прадукцыі П. пачалася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. З 1965 існавала Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання. Найбольшыя спецыялізаваныя прадпрыемствы пабудаваны ў Маскве, Ленінградзе, на Украіне, Беларусі, у рэспубліках Прыбалтыкі.

На Беларусі ў 1789—93 дзейнічала Беражанская гадзіннікавая мануфактура, з канца 19 ст.ф-ка ў Віцебску, якая вырабляла акуляры, фіз., аптэкарскія і хірург. інструменты, і некалькі майстэрняў па рамонце нескладаных прылад. У 1920-я г. адзін з цэхаў мінскага з-да «Энергія» вырабляў вагі. У 1930 створаны вагавы з-д «Ударнік». У пач. 1950-х г. пачата вытв-сць больш складаных і дакладных прылад. Як асобная галіна П. сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысл., энергет. і быт. прызначэння выпускаюць Брэсцкі электрамеханічны завод, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскі прыладабудаўнічы завод, Гродзенскі завод «Радыёпрылада», Магілёўскі завод «Электрарухавік», Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі прыборабудаўнічы завод і інш. Н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў галіне П. вядуцца ў Мінскім навукова-даследчым прыборабудаўнічым інстытуце.

У.​І.​Шамкаловіч.

т. 13, с. 69

ПРЫЛА́ДЫ ВЫТВО́РЧАСЦІ, прылады працы,

частка сродкаў вытв-сці, з дапамогай якіх або праз якія (абсталяванне, машыны, станкі і г.д.) чалавек уздзейнічае на аб’екты, прадметы працы, ператвараючы іх у гатовую прадукцыю. Тэрмін «прылады працы» шырока выкарыстоўваўся ў марксісцкай паліт. эканоміі, у сучаснай эканам. навуцы ўжываецца рэдка.

т. 13, с. 69