Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАДРАМА́ЛЬНЫ ПЕРЫ́ЯД (ад грэч prodromos які бяжыць наперадзе, прадвеснік),

стадыя развіцця хваробы, што папярэднічае яе асн. клінічным праявам. У час П.п. можна распазнаць хваробу па яе параўнальна ранніх сімптомах (напр., плямы Копліка—Філатава пры адры).

т. 12, с. 538

ПРАДРО́СТАК,

мікраскапічнае ўтварэнне ў водарасцей і мохападобных, тое, што пратанема.

т. 12, с. 538

ПРАДСТАЎНІ́К УЛА́ДЫ,

дзяржаўны служачы, які мае права ў межах сваёй кампетэнцыі даваць распараджэнні і загады, прымаць рашэнні адносна асоб, што не падначалены яму па службе. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да П.у. адносяцца дэпутаты палат Нац. сходу і дэпутаты мясц. Саветаў, работнікі праваахоўных і кантралюючых органаў і інш. службовыя асобы, надзеленыя ўладнымі паўнамоцтвамі. Закон прадугледжвае крымін. адказнасць за супраціўленне П.у., публічную яго знявагу, пагрозу насіллем і насілле над П.у. пры выкананні ім службовых абавязкаў. У той жа час прадугледжана крымін. адказнасць і П.у. за злоўжыванне ўладай або яе перавышэнне ці бяздзейнасць (невыкананне службовых абавязкаў).

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 538

ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў праве,

праваадносіны, паводле якіх адна асоба можа ажыццяўляць юрыд. дзеянні ад імя другой асобы. У адпаведнасці з Цывільным кодэксам Рэспублікі Беларусь здзелка, выкананая адной асобай (прадстаўніком) ад імя другой асобы (прадстаўленага) у адпаведнасці з паўнамоцтвамі, заснаванымі на даверанасці, заканадаўстве або акце ўпаўнаважанага на тое дзярж. органа ці органа мясц. кіравання і самакіравання, непасрэдна стварае, змяняе і спыняе грамадзянскія правы і абавязкі прадстаўленага. Паўнамоцтва таксама можа вынікаць з абставін, у якіх дзейнічае прадстаўнік (прадавец у рознічным гандлі, касір і да т.п.).

т. 12, с. 538

ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ААН У РЭСПУ́БЛІЦЫ БЕЛАРУ́СЬ.

Адкрыта 8.9.1992 у Мінску. Створана і дзейнічае ў адпаведнасці з пагадненнямі паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ААН і Праграмай развіцця ААН (ПРААН). З’яўляецца першым з 8 прадстаўніцтваў ААН, створаных па ініцыятыве ген. сакратара ААН Б.Бутраса-Галі ў краінах СНД. Аказвае дапамогу народу і ўраду Беларусі ў правядзенні праграм эканам. і сац. развіцця ў час пераходу эканомікі краіны да рыначных адносін і яе інтэгравання ў сусв. супольніцтва, спрыяе працэсам дэмакратызацыі, свабоднаму прадпрымальніцтву, каардынуе дапамогу Беларусі з боку краін-донараў і асобных міжнар. арг-цый, распаўсюджвае матэрыялы і дакументы ААН і з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра дзейнасць ААН. Супрацоўнічае з грамадскімі арг-цыямі, аб’яднаннямі, сродкамі масавай інфармацыі Беларусі і інш.

т. 12, с. 538

ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА МЕ́НІПАСЦІ,

разнавіднасць выбарчай мажарытарнай сістэмы. Выкарыстоўваецца ў краінах, дзе існуюць розныя паліт. рухі і ідэйныя плыні, якія не маюць парламенцкага прадстаўніцтва і ў выніку вымушаны арыентавацца на непарламенцкія метады барацьбы. Сэнс такой сістэмы ў тым, каб даць справядлівае прадстаўніцтва паліт. меншасцям і пазбегнуць назапашвання ў грамадстве ўнутр. напружанасці.

т. 12, с. 538

ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б Існавала з сак. 1925 замест Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі ў сувязі з утварэннем у КПЗБ сэцэсіі і неабходнасцю яе ліквідацыі. У розны час Прадстаўніцтва ўзначальвалі А.​С.​Славінскі

(Качароўскі),

С.​Т.​Мілер, М.​А.​Блінчыкаў, А.​У.​Канчэўскі, Г.​М.​Дуа, Ю.​Брун, Р.​Д.​Вольф, С.​А.​Мергэнс, Е.​І.​Шоламаў, І.​Ф.​Сяменікаў. Працавала пад кіраўніцтвам Прадстаўніцтва КПП пры Выканкоме Камінтэрна ў Маскве і фактычна лічылася яго філіялам у Мінску. Рэгулярна інфармавала кіруючыя органы КП(б)Б пра дзейнасць і мерапрыемствы ЦК КПЗБ, стан рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, вяло перапіску па паліт. і арганізац. пытаннях з Бюро і Краявым сакратарыятам ЦК КПЗБ, якія знаходзіліся ў падполлі, дапамагала ім рыхтаваць кадры для падп. парт. работы, выдаваць парт. л-ру, займалася справамі паліт. эмігрантаў і асоб, што прыбылі нелегальна з Зах. Беларусі, рыхтавала з’езды КПЗБ і КСМЗБ, кіравала Мінскай школай КПЗБ, часткай Цэнтр. рэдакцыі КПЗБ, якая выдавала л-ру для Зах. Беларусі, Камісіяй па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР і Зах. сектарам Гістпарта. Функцыянавала да лета 1937.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 538

ПРАДУКТААБМЕ́Н,

форма эканам. сувязей паміж вытворцамі, якая характарызуецца абменам прадуктамі працы і рознага віду паслугамі без пасрэдніцтва грошай. Выкарыстоўваўся на розных этапах развіцця чалавечага грамадства. У сучаснай эканоміцы П., асабліва ў міжнар. гандлі, ажыццяўляецца праз бартэрныя здзелкі (гл. Бартэр).

т. 12, с. 538

ПРАДУ́КТ ПРА́ЦЫ (ад лац. productus зроблены, створаны),

рэчавы або нематэрыяльны вынік працоўнай дзейнасці для задавальнення грамадскіх ці асабістых патрэбнасцей. Ўключае ў сябе навук. і вытв.-тэхн. распрацоўкі, тавары нар. ўжытку, аб’екты буд-ва. Кожны П.п. характарызуецца здольнасцю задавальняць якую-н. патрэбнасць і ўвасабленнем патрачанай на яго грамадскай працы. Сукупнасць карысных уласцівасцей П.п. ператварае яго ў спажывецкую вартасць. Гэта датычыцца натуральна-рэчавага боку П.п. З грамадскага боку П.п. ўвасабляе пэўную колькасць патрачанай працы ў розных сферах і галінах грамадскай вытв-сці і паказвае, у што абыходзіцца атрыманне спажывецкай вартасці, таксама кошт затрат для задавальнення пэўнай патрэбнасці людзей.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 538

ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ ТЭО́РЫІ,

эканамічныя тэорыі, якія разглядаюць узаемадзеянне паміж вытв-сцю і размеркаваннем яе вынікаў сярод удзельнікаў вытв-сці. Першапачаткова П.т. выступала ў выглядзе тэорыі фактараў вытв-сці (Ж.​Б.​Сей, К.​Ф.​Бастыя і інш), паводле якой кожны фактар вытв-сці (праца, капітал, зямля) удзельнічае ў стварэнні вартасці грамадскага прадукту і атрымлівае адпаведны даход у форме заработнай платы, прыбытку, рэнты. У канцы 19 ст. Дж.​Б.​Кларк распрацаваў тэорыю гранічнай прадукцыйнасці, у якой пад гранічным прадуктам разумеўся натуральны ўзровень даходу, што выплачваецца кожнаму з фактараў вытв-сці. П.т. цесна звязаны з гранічнай карыснасці тэорыяй.

т. 12, с. 538