Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРАСАВІ́ЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1991 у Беларусі.

Пачаліся 3 крас. ў Мінску, калі ў адказ на павышэнне цэн узнік стыхійны мітынг на электратэхн. з-дзе. Да яго далучыліся рабочыя з-даў аўтаматычных ліній і шасцерань. Мітынгуючыя перапынілі рух транспарту на вул. Даўгабродскай. 4 крас. спыніў работу Мінскі аўтазавод. Каля 40 тыс. рабочых правялі марш да Дома ўрада. дзе адбыўся мітынг пратэсту, на якім прыняты патрабаванні: павышэнне зарплаты адпаведна росту цэн, адстаўка прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова, саюзнага і рэсп. ўрадаў. Створаны стачачны к-т (сустаршыні С.Антончык, Г.Быкаў, Г.Мухін), які аб’яднаў рабочых 98 прадпрыемстваў Мінска. Стачачныя к-ты створаны таксама ў Оршы, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Лідзе, Салігорску і інш. З 10 крас. да бастуючых Мінска далучыліся працоўныя інш. гарадоў Беларусі. Савет Міністраў БССР даў згоду задаволіць эканам. патрабаванні, але Прэзідыум Вярх. Савета БССР адмовіўся разглядаць паліт. патрабаванні. Пасля чаго прадстаўнікі рэсп. стачачных к-таў абвясцілі пра аднаўленне забастоўкі з 23 красавіка. Напружанае становішча склалася ў Оршы, дзе бастуючыя блакіравалі чыг. рух. Пасля аршанскіх падзей забастоўка прыпынена.

А.П.Галькевіч.

т. 8, с. 453

КРАСАВІ́ЦКІ КРЫ́ЗІС 1917,

палітычны крызіс у Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі паліт. плынямі па пытаннях аб вайне і міры. Пачаўся 20.4(3.5).1917 стыхійнай дэманстрацыяй пратэсту каля 15 тыс. салдат і матросаў Петраграда супраць ноты міністра замежных спраў П.М.Мілюкова ад 18.4(1.5).1917 пра намер Часовага ўрада працягваць вайну з Германіяй і яе саюзнікамі да перамогі. Па закліку бальшавікоў 21 крас. (4 мая) у Петраградзе адбылася 100-тысячная маніфестацыя пад лозунгамі заключэння міру і перадачы ўлады Саветам. Падобныя дэманстрацыі прайшлі ў Маскве, Рэвелі, Выбаргу. Рэзалюцыі супраць ноты Мілюкова прынялі таксама Мінскі [22 крас. (5 мая)] і Гомельскі [25 крас. (8 мая)] Саветы, сход дэлегатаў (2 тыс. чал.) вайск. падраздзяленняў Зах. фронту [27 крас. (10 мая)] і інш. Выканком Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, пайшоў на пагадненне з Часовым урадам. З урада былі выведзены міністры Мілюкоў і А.І.Гучкоў, увайшлі лідэры эсэраў і меншавікоў В.М.Чарноў, А.Ф.Керанскі, І.Г.Цэрэтэлі, М.І.Скобелеў.

т. 8, с. 453

КРАСАДЗЁН, лілейнік (Hemerocallis),

род кветкавых раслін сям. гемеракалісавых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых раёнах Еўразіі; у Зах. Еўропе, ЗША, на Каўказе — здзічэлыя. Вырошчваецца са стараж. часу. Мае больш за 10 тыс. форм і сартоў. На Беларусі інтрадукаваны К. жоўты (H. lilioasphodelus), Мідэндорфа (H. middendorfii), рыжы (H. fulva) і Тунберга (H. thunbergii).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Лісце прыкаранёвае, двухраднае, доўгае, шырокалінейнае. Кветаносы выш. 30—100 см. Лейкападобныя кветкі буйныя, жоўтыя або аранжавыя ў мяцёлчатых ці галоўчатых суквеццях. Плод — трохгранная каробачка. Дэкар. расліны. Вяленыя кветкі ў некат. краінах ужываюць як прыправу да ежы.

Красадзён жоўты.

т. 8, с. 454

КРАСАМА́Й,

возера ў Шумілінскім р-не ў бас. р. Обаль, за 30 км на ПнЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,32 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі сплавінныя. Упадаюць ручаі з азёр Жужнева і Мошня. Выцякае ручай Красамай у р. Обаль.

т. 8, с. 454

КРАСА́ЎКА (Atropa),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 5 відаў. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана К. беладонна, або соннае ачмурэнне, ці шалёная ягада (A. belladonna).

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце суцэльнае, на кароткіх чаранках. Кветкі буйныя, адзіночныя. Плод — ягада. Ядавітая. Лек. расліны.

Красаўка беладонна.

т. 8, с. 454

КРАСА́ЎСКАС ((Krasauskas) Стасіс Альгірда) (1.6.1929, г. Каўнас, Літва — 10.2.1977),

літоўскі графік. Нар. маст. Літвы (1977). Скончыў Маст. ін-т Літвы (Вільнюс, 1958), з 1961 выкладаў у ім. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы ў тэхніках лінагравюры, манатыпіі, дрэварыту. Творы вызначаюцца метафарычнасцю, сімвалічнасцю і асацыятыўнасцю вобразаў, экспрэсіўнасцю кампазіцый, напружанасцю штрыха і тонавых кантрастаў: станковыя гравюры «Юнацтва» (1961), «Маці» (1964), «Жанчына» (1972), цыклы «Акно» (1968), «Нараджэнне жанчыны» (1973), «Вечна жывыя» (1975), ілюстрацыі да твораў Ю.Марцінкявічуса («Кроў і попел», 1960), Э.Межэлайціса («Чалавек», 1962), У.Шэкспіра («Санеты», 1967) і інш. Дзярж. прэмія Літвы 1965. Дзярж. прэмія СССР 1976.

Літ.:

Корсакайте И.К. Стасис Красаускас. М., 1988.

В.Я.Буйвал.

С.Красаўкас. Ілюстрацыя да зборніка вершаў «Чалавек» Э.Межэлайціса. 1962.

т. 8, с. 454

КРАСАЦЕ́ЛЫ (Calosoma),

род жукоў сям. жужаляў. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць на глебе і дрэвах. На Беларусі 4 віды: К. залатаямкавы (C. auropunctatum), К. бронзавы або малы (C. inquisitor), К. пахучы (C. sycophanta) і К. чорны, або даследчык (C. investigator); апошнія 3 віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. 15—35 мм. Цела яркай афарбоўкі, з метал. бляскам. Ніжнія крылы добра развітыя, у горных відаў адсутнічаюць. Драпежнікі; лічынкі і дарослыя жукі знішчаюць вусеняў (1 жук Да 200—300 за лета) і кукалак матылёў, кормяцца таксама інш. насякомымі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Зімуюць у глебе і подсцілцы, жывуць 2—4 гады. Пры небяспецы К. выпырскваюць едкую пахучую вадкасць. У Паўн. Амерыцы К. пахучага разводзяць для барацьбы з няпарным шаўкапрадам.

Красацел бронзавы.

т. 8, с. 454

КРА́САЧКА (Пётр Альбінавіч) (н. 26.1. 1958, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1997). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1979). З 1991 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па вет. вірусалогіі і імуналогіі, выкарыстанні прадуктаў пчалярства ў жывёлагадоўлі і ветэрынарыі, ахове рэдкіх відаў жывёл.

Тв.:

Распространение инфекционных и инвазионных заболеваний у беловежских зубров (у сааўт.) // Сохранение биологического разнообразия лесов Беловежской пущи. Каменюки, 1996;

Состояние иммунитета при вакцинации телят бивалентной вакциной против инфекционного ринотрахеита и вирусной диареи (у сааўт.) // Весці Акадэміі аграрных навук РБ. 1998. № 2.

т. 8, с. 454

КРАСВО́РД (англ. cross-word ад cross крыж + word слова),

крыжаванка, гульня-задача, у якой фігуру з перакрыжаванымі радамі клетак патрэбна запоўніць літарамі так, каб па вертыкалях і гарызанталях атрымаліся словы зададзенага значэння.

т. 8, с. 455

КРА́СЕЎ (Міхаіл Іванавіч) (16.3.1897, Масква — 24.1.1954),

расійскі кампазітар. Вучыўся ў А.Грачанінава і інш. Адыграў прыкметную ролю ў развіцці бел. муз. культуры 1930—40-х г.; падтрымліваў творчы кантакт з БДТ-2 (т-р імя Я.Коласа), пісаў музыку да яго першых спектакляў, у якой выкарыстаў бел. нар. песні і танцы, у т. л. «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, 1936), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа (1937). Аўтар оперы «Дума пра Апанаса» (паводле Э.Багрыцкага, 1937), 10 опер для дзяцей, у т. л. «Казка аб мёртвай царэўне і сямі асілках» (паводле А.Пушкіна, 1924), «Церамок» (1942), «Марозка» (паст. 1950, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1951), аперэт, кантат, фп. п’ес, вак. і хар. твораў, песень для дзяцей, апрацовак нар. песень, у т. л. бел., для розных складаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Н.А.Юўчанка.

т. 8, с. 455