КРА́СЕЎ (Міхаіл Іванавіч) (16.3.1897, Масква — 24.1.1954),

расійскі кампазітар. Вучыўся ў А.Грачанінава і інш. Адыграў прыкметную ролю ў развіцці бел. муз. культуры 1930—40-х г.; падтрымліваў творчы кантакт з БДТ-2 (т-р імя Я.​Коласа), пісаў музыку да яго першых спектакляў, у якой выкарыстаў бел. нар. песні і танцы, у т. л. «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, 1936), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.​Коласа (1937). Аўтар оперы «Дума пра Апанаса» (паводле Э.​Багрыцкага, 1937), 10 опер для дзяцей, у т. л. «Казка аб мёртвай царэўне і сямі асілках» (паводле А.​Пушкіна, 1924), «Церамок» (1942), «Марозка» (паст. 1950, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1951), аперэт, кантат, фп. п’ес, вак. і хар. твораў, песень для дзяцей, апрацовак нар. песень, у т. л. бел., для розных складаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Н.​А.​Юўчанка.

т. 8, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)