КРАСАДЗЁН, лілейнік (Hemerocallis),

род кветкавых раслін сям. гемеракалісавых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых раёнах Еўразіі; у Зах. Еўропе, ЗША, на Каўказе — здзічэлыя. Вырошчваецца са стараж. часу. Мае больш за 10 тыс. форм і сартоў. На Беларусі інтрадукаваны К. жоўты (H. lilioasphodelus), Мідэндорфа (H. middendorfii), рыжы (H. fulva) і Тунберга (H. thunbergii).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Лісце прыкаранёвае, двухраднае, доўгае, шырокалінейнае. Кветаносы выш. 30—100 см. Лейкападобныя кветкі буйныя, жоўтыя або аранжавыя ў мяцёлчатых ці галоўчатых суквеццях. Плод — трохгранная каробачка. Дэкар. расліны. Вяленыя кветкі ў некат. краінах ужываюць як прыправу да ежы.

Красадзён жоўты.

т. 8, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)