Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЁМКІНА Вольга Васілеўна

(н. 30.4.1953, в. Забаенне Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар,прыкладнога мастацтва. Скончыла Рэсп. школу-інтэрнат па музыцы і выяўл. мастацтве (1971), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе на Мінскім вытв.-маст. камбінаце (з 1979). У тэхніцы габелену стварае творы на тэмы бел. мінуўшчыны («Рэха», 1977, «Песня з мінулых стагоддзяў», 1978, «Ветразь міру», 1986, «На строме часу», 1986, «Малітва», 1992), чарнобыльскай трагедыі («Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся», «Крыніца часу», абедзве 1989, «Узыходжанне», 1990, «Зорка Палын», 1991, «Таямніца святла», 1995), космасу і сусвету («Пакланенне зоркам», 1992, «Песня вятроў», 1996). У работах «Дажынкі», «Гуканне вясны», «Купалле», «Паганскія сімвалы», «Гімн лілеям» (усе 1990-я г.) тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сістэму бел. арнаменту. Стварыла сцэн. касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Батык, Габелен.

Літ.:

Фатыхава Г. Зорка Палын // ЛіМ. 1996. 26 крас.;

Я е ж. Музыка габелена // Беларусь. 1996. № 10.

Г.А.Фатыхава.

В.Дзёмкіна. Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся. 1989.

т. 6, с. 110

ДЗЁНІЦ (Dönitz) Карл

(16.9.1891, Берлін — 24.12.1980),

ваенна-марскі дзеяч фаш. Германіі, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Гросадмірал (1943). У ВМФ з 1910. У 1936—43 камандуючы падводнымі сіламі, у 1943—45 галоўнакамандуючы ВМФ: выступаў за вядзенне неабмежаванай падводнай вайны. У маі 1945 паводле завяшчання А.Гітлера рэйхсканцлер і вярх. галоўнакамандуючы. Урад Дз. арганізаваў капітуляцыю Германіі перад дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі. 23.5.1945 арыштаваны за злачынствы супраць міру і парушэнне прававых норм вядзення вайны, асуджаны на 10 гадоў зняволення.

Тв.:

Рус. пер. — Немецкие подводные лодки во второй мировой войне. М., 1964;

Двадцать дней на посту главы государства // Новая и новейшая история. 1991. № 6.

т. 6, с. 110

ДЗЁННІК,

штодзённыя або перыядычныя запісы (звычайна датаваныя), якія адлюстроўваюць падзеі жыцця аўтара на фоне рэчаіснасці; літаратурна-бытавы жанр. Запісы часта вызначаюцца па гарачых слядах падзей. Дз. найчасцей пішацца для сябе і не разлічаны на публічнае прачытанне (за выключэннем літ. Дз.).

З’яўляюцца своеасаблівымі гісторыка-культ. дакументамі (Дз. мараплаўца Дж.Кука, ліцэйскі Дз. дзекабрыста В.К.Кюхельбекера, публіцыста АС.Суворына, пісьменнікаў В.Скота, Стэндаля, Т.Шаўчэнкі, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, А.Чэхава і інш.). Пэўнымі дзённікавымі асаблівасцямі вызначаюцца некаторыя творы стараж. бел. л-ры: «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.), дыярыушы А.Філіповіча, С. і Б.Маскевічаў, якія грунтаваліся на папярэдніх дзённікавых запісах. Элементы Дз. часта маюць падарожныя запісы і лісты, што тлумачыцца іх хранікальнасцю: мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914). Пісьменніцкія Дз., нават калі не становяцца літ. творамі, маюць літ.-гіст. значэнне і з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для даследавання жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, вытокаў і псіхалогіі яго творчасці (дзённікавыя запісы 1902—03, «На схіле дзён», 1945—51, Я.Коласа; «Лісткі календара», 1932—39, М.Танка; ваен. Дз. 1941—43 І.Мележа і інш.). Часта Дз. выступае як жанравая разнавіднасць дакумент. і маст. прозы, можа быць блізкі да твораў аўтабіяграфічнага жанру.

В.І.Атрашкевіч.

т. 6, с. 110

ДЗЁННЫЯ ДРАПЕ́ЖНЫЯ ПТУ́ШКІ,

гл. Сокалападобныя.

т. 6, с. 110

ДЗЁРАН,

верхні слой глебы, густа пераплецены жывымі і адмерлымі каранямі, парасткамі і карэнішчамі шматгадовых траў. Фарміруецца пад травяністай расліннасцю ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу на аблогах, поймавых і сухадольных лугах і пашы, забалочаных глебах. Мае павышаную колькасць пажыўных рэчываў (асабліва азотных) і большую звязнасць у параўнанні з ніжняй часткай перагнойнага гарызонту. Дз., ці дзярнінай называюць таксама выразаныя пласты з зарослага травою верхняга слоя глебы, якімі ўмацоўваюць адхоны, схілы і інш.

т. 6, с. 110

ДЗЁРНАВІЧЫ,

вёска ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Дрыса. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км на У ад Верхнядзвінска, 150 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы. 469 ж., 208 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 110

ДЗІ́БІЧ-ЗАБАЛКА́НСКІ Іван Іванавіч

(Іаган Карл Фрыдрых Антон; 13.5.1785, Гросляйпэ, Сілезія, цяпер Вроцлаўскае ваяв., Польшча — 10.6.1831),

генералфельдмаршал рас. арміі (1829). З сям’і прускага афіцэра Дзібіча, які ў 1798 перайшоў на службу ў рас. армію. Вучыўся ў Берлінскім кадэцкім корпусе, у 1801 пераведзены на службу ў Расію. Удзельнік вайны з Францыяй у 1805—07, замежных паходаў рас. арміі ў 1812—13. У 1823—24 нач. Гал. штаба. Кіраваў арыштамі дзекабрыстаў у 2-й арміі. У час руска-турэцкай вайны 1828—29 кіраваў ваен. дзеяннямі на Балканах, за што атрымаў дадатак да прозвішча — Забалканскі. Выступаў супраць нац.-вызв. вайны на Балканах. Са снеж. 1830 галоўнакамандуючы войскамі супраць паўстання 1830—31.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 110

ДЗІ́ВА,

рака ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 631 км2. Выцякае з воз. Урада, цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага ўзв., працякае цераз азёры Атолава, Турасы, Бярозаўскае і Павульскае, упадае ў воз. Янова. Каля 12% вадазбору Дз. прыпадае на 130 азёр Ушацкай групы. Пры выхадзе з кожнага возера на некаторай адлегласці рака не замярзае ў самы моцны мароз, а над вадой стаіць пара.

т. 6, с. 111

ДЗІ́ВАВА ПЯЧО́РА,

карставая вапняковая пячора на зах. схіле Паўн. Урала, у даліне р. Колва (бас. Камы), у Пермскай вобл. Расіі. Агульная даўж. галерэй 9,7 км. Вядома 59 гротаў (Бетлан, Дзева, Гваздзецкага і інш.). Есць ручай і 9 невял. азёр. Шматлікія нацечныя ўтварэнні. Вядома з 18 ст. Спелеатурызм.

т. 6, с. 111

Дзівакова Таццяна Сямёнаўна

т. 18, кн. 1, с. 379