Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАМАДА́,

назва сельскага пазямельнага аб’яднання жыхароў вёсак на Беларусі і Украіне. Гл. Абшчына.

т. 5, с. 389

«ГРАМАДА́»,

бел. нелегальнае выдавецкае т-ва. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—07. Выдавала агітацыйную л-ру (арыгінальную і перакладную) рэв. зместу. Дзейнасць т-ва забаронена царскай цэнзурай. Захавалася 6 брашур, у т. л. «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» (лацінкай і кірыліцай), «Чы будзе для ўсіх зямлі?», «Што такое свабода?» Сігава (пер. з укр.), «Забастоўка» (лацінкай), «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць».

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 142, 154—155.

т. 5, с. 389

«ГРАМАДА́»,

газета, орган Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася з 1.5 да 11.6.1917 у Мінску на бел. мове. Рэдактар А.Смоліч. Змяшчала інфарм. матэрыялы, давала ацэнку грамадска-паліт. падзей у краіне, абмяркоўвала пытанні сацыяліст. светаўпарадкавання, будучага дзярж. будаўніцтва, асновы духоўнага жыцця народа. Пісала пра сац.-паліт. прычыны вайны, пра падзеі на фронце, заклікала да міру. Публікавала матэрыялы пра культ. жыццё ў Мінску, асобныя творы З.Бядулі, Л.Родзевіча, з запісаў А.Сержпутоўскага, рэв. песні. Выйшлі 4 нумары.

Літ.:

Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1992.

А.С.Ліс.

т. 5, с. 389

ГРАМАДА́ БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ,

назва некалькіх бел. маладзёжных арг-цый, якія дзейнічалі незалежна адна ад адной у 1917—21. Ставілі сабе за мэту згуртаванне бел. моладзі вакол нац. ідэі, пашырэнне бел. культуры сярод нар. мас, стварэнне культ.-асв. гурткоў, бібліятэк і інш. Найб. вядомыя: Мінская беларуская вучнёўская грамада (1917—20), Грамада беларускай моладзі ў Гродне (1919—21), Грамада беларускай моладзі ў Вільні (1919—20). У час польск. акупацыі большасць з арг-цый знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў і была ў апазіцыі да акупац. улад. Вясной 1920 па ініцыятыве БПС-Р планавалася стварыць адзіную Грамаду беларускай моладзі, быў складзены праект статута новай арг-цыі, але гэтаму перашкодзіла актывізацыя сав.-польскай вайны 1920.

У.В.Ляхоўскі.

т. 5, с. 389

ГРАМАДА́ БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ Ў ГРО́ДНЕ,

бел. маладзёжная арг-цыя ў Гродне. Існавала ў маі 1919—21. Ініцыятары стварэння — Т.Грыб, П.Мядзёлка, У.Курбскі (старшыня), Л.Дзекуць-Малей і інш. Працавалі секцыі: самаадукацыйная, літ., драм., хар., спарт. і інш. Філіялы грамады дзейнічалі ў вёсках Верцялішкі (кіраўнік В.Сянцэвіч) і Крынкі (А.Парук). Арганізоўваліся лекцыі па беларусазнаўстве, вечарыны, тэатр. спектаклі. У 1920 пры спарт. секцыі існавалі скаўцкая дружына і 2 футбольныя каманды. Грамада супрацоўнічала з Гродзенскай цэнтральнай беларускай вучыцельскай радай, цэнтр. Бел. школьнай радай, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і інш.

У.В.Ляхоўскі.

т. 5, с. 389

«ГРАМАДЗЯ́НІН»,

газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.Грыба) у Гродна.

А.С.Ліс.

т. 5, с. 389

ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ НЕПАДПАРАДКАВА́ННЕ,

адмова насельніцтва або групы асоб ад выканання распараджэнняў улад у знак пратэсту супраць якіх-н. іх дзеянняў.

т. 5, с. 389

ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ ПРА́ВА,

гл. Цывільнае права.

т. 5, с. 389

ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

гл. Цывільнае працэсуальнае права.

т. 5, с. 389

ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ ЎСХО́ДНІХ ЗЯМЕ́ЛЬ

(Zarząd Cywilny ziem Wshodnich),

орган улады пры Гал. камандаванні польск. арміі на занятай ёю тэр. Беларусі і Літвы ў 1919—20. Пачало фарміравацца ў адпаведнасці з дэкрэтам нач. Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскага ад 8.2.1919. Рада міністраў Польшчы 8.3.1919 ператварыла Літ.-Бел. дэпартамент Мін-ва замежных спраў у Дэпартамент па справах Усх. зямель на чале з грамадз. камісарам Л.Калянкоўскім; у час наступлення на Вільню (лют. 1919) ген. камісарам назначаны Е.Асмалоўскі. Упраўленне размяшчалася ў Вільні, мела ў Варшаве прадстаўніцтва на чале з графам С.М.Касакоўскім. Адм. прастора «Усх. зямель» падзялялася на 3 акругі: Віленскую, Брэсцкую, Валынскую, пасля захопу Мінска (жн. 1919) утворана і Мінская акруга. Акругі падзяляліся на паветы на чале са старастамі. Адміністрацыя ўпраўлення камплектавалася ў асн. з мясц. палякаў, пераважна нацыянал-дэмакр. арыентацыі. Летам 1920, разам з адступаючым польск. войскам, упраўленне эвакуіравалася ў г. Быдгашч, дзе спыніла сваё існаванне.

В.С.Талстой.

т. 5, с. 389