«ГРАМАДЗЯ́НІН»,
газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.Грыба) у Гродна.
А.С.Ліс.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)