ВЯЛІ́КАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ
(ВСЭ),
буйнейшае універсальнае энцыклапедычнае выданне ў СССР. Выдавалася ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». 1-е выд. (т. 1—66, 1926—47) уключала 65 тыс. арт., прысвечаных будаўніцтву сав. дзяржаўнасці, тагачаснай палітыцы і эканоміцы, міжнар. становішчу. У 2-е выд. (т. 1—51, 1950—58; каля 100 тыс. арт.; прадметна-імянны паказальнік у 2 т., 1960) побач з разгорнутымі артыкуламі пра саюзныя рэспублікі, замежныя краіны, навукі і інш. ўключана вял. колькасць сярэдніх і невялікіх па аб’ёме артыкулаў. У 3-м выд. (т. 1—30, 1969—78; больш за 100 тыс. арт., імянны паказальнік у 1 т., 1981) празмерная ідэалагізаванасць паступова саступіла месца навук. аб’ектыўнасці, а шматслоўнасць і паняційная няпэўнасць — сцісласці і лагічнай дакладнасці. Па прынцыпах укладання 3-е выд. ВСЭ канкурыруе з лепшымі ням. універсальнымі энцыклапедыямі (Бракгаўза, Меера, Бертэльсмана). Перакладзена і выдадзена ў ЗША, Грэцыі. У 1957—90 выдаваўся «Штогоднік ВСЭ». На базе ВСЭ выйшлі «Малая Савецкая Энцыклапедыя», «Дзіцячая Энцыклапедыя», шматлікія галіновыя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі.
В.К.Шчэрбін.
т. 4, с. 382
ВЯЛІ́КАЯ СІСТЭ́МА ў кібернетыцы, сукупнасць размеркаваных у прасторы ўзаемазвязаных элементаў (кіроўных падсістэм), аб’яднаных агульнай мэтай функцыянавання. Для вялікай сістэмы характэрны: іерархічны прынцып пабудовы (вышэйшая ступень кіруе некалькімі падраздзяленнямі ніжэйшай ступені, кожнаму з якіх падначалены падраздзяленні больш нізкай ступені), удзел у сістэме людзей, машын і навакольнага асяроддзя; наяўнасць матэрыяльных, энергет. і інфарм. сувязей паміж часткамі сістэмы і інш. Вялікія сістэмы інтэнсіўна развіваюцца ў галіне адм. кіравання, абслугоўвання, у многіх галінах нар. гаспадаркі і абароны, дзе патрабуецца ўлік вял. колькасці фактараў і перапрацоўка вял. аб’ёмаў інфармацыі.
Кіраванне вялікай сістэмы заснавана на ўзаемадзеянні людзей, сродкаў вылічальнай тэхнікі, збору, перадачы, выяўлення і захавання інфармацыі.
Персанал, які кіруе, у сукупнасці з тэхн. сродкамі ўтварае аўтаматызаваную сістэму кіравання. Прыклады вялікіх сістэм: энергасістэма, якая мае прыродныя крыніцы энергіі (рэкі, радовішчы хім. або ядзернага паліва, ветравую або сонечную энергію), электрастанцыі, лініі перадачы энергіі, персанал, карыстальнікаў і інш.; вытв. прадпрыемства, якое мае крыніцы забеспячэння сыравінай і энергіяй, тэхнал. абсталяванне, фінансы, збыт прадукцыі, улік і справаздачнасць і інш. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці.
М.П.Савік.
т. 4, с. 382
ВЯЛІ́КАЯ СЛІ́ВА,
рака ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Случ (бас. Прыпяці). Даўж. 25 км. Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Муравішчына. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.
т. 4, с. 382
«ВЯЛІ́КАЯ СЯМЁРКА»
(англ. Group of Seven, G7),
прынятая з сярэдзіны 1970-х г. назва 7 найб. развітых краін свету: Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Францыі і Японіі. Назва ўзнікла ў сувязі са штогадовымі сустрэчамі кіраўнікоў гэтых дзяржаў для абмеркавання надзённых глабальных праблем паліт. і эканам. развіцця і выпрацоўкі ўзгодненай палітыкі па іх вырашэнні. Першая сустрэча адбылася ў 1975 у Рамбуе (Францыя), удзельнічалі лідэры 6 краін. У 1976 да іх далучыўся прэм’ер-міністр Канады, з 1977 — прадстаўнік ЕЭС. З 1992 да ўдзелу ў сустрэчах «вялікай сямёркі» запрашаюць і прадстаўніка Расіі. На пач. 1990-х г. на долю краін «сямёркі» прыпадала больш за 50% сусв. валавога нац. прадукту і прамысл. вытв-сці, больш за 25% с.-г. прадукцыі.
т. 4, с. 382
ВЯЛІ́КАЯ ФРАНЦУ́ЗСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ.
гл. Французская рэвалюцыя 1789—99.
т. 4, с. 382
ВЯЛІ́КАЯ ХА́РТЫЯ ВО́ЛЬНАСЦЕЙ
(англ. The Great Charter, лац. Magna Charta Libertatum),
грамата, падпісаная англ. каралём Іаанам Беззямельным 15.6.1215. Упершыню ў гісторыі Англіі абмяжоўвала правы караля. Яе падпісанню папярэднічала паўстанне баронаў, незадаволеных узмацненнем улады караля і парушэннем ім феад. звычаяў. Рыцары і гараджане, якія выступілі на баку баронаў, забяспечылі іх перамогу. Вялікая хартыя вольнасцей напісана на латыні, уключала 63 артыкулы. Абмяжоўвала правы караля (гал. чынам у інтарэсах арыстакратыі), яго судовую ўладу, давала некаторыя прывілеі рыцарству, гарадам і вярхам вольнага сялянства. Баронам было дадзена права кантраляваць выкананне гарантый хартыі. Мела фундаментальнае значэнне ў развіцці канстытуц. працэсу ў Англіі і ўспрымалася як сімвал вярхоўнай улады закону.
т. 4, с. 382
«ВЯЛІ́КАЯ ХРО́НІКА»,
«Летопис, то ест Кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана», беларуска-ўкраінскі хранограф 1-й пал. 17 ст., своеасаблівая гіст. энцыклапедыя свайго часу, першая сур’ёзная спроба выкладу сусв. гісторыі на старабел. мове. Месца ўзнікнення дакладна невядомае. Ранняя рэдакцыя помніка, найбольш верагодна, бел. паходжання, больш позняя — украінскага. Мае кампілятыўны характар. Паводле жанравай структуры — звод гіст. аповесцей, апавяданняў і пагадовых запісаў. Складаецца з 3 асн. частак: «Хронікі ўсяго свету» (грунтуецца пераважна на аднайм. хроніцы польск. гісторыка М.Бельскага), «Хронікі славянарускай» («Хронікі славян») і «Хронікі літоўскай і жамойцкай» (абедзве грунтуюцца на «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага). У 1-й частцы апісана далёкае мінулае чалавецтва ад «стварэння свету» да часоў Карла Вялікага (9 ст.). 2-я частка прысвечана гісторыі стараж. Русі ад заснавання Кіева да 1480. Адзін з раздзелаў «Хронікі славянарускай» называецца «Хроніка Белай і Чорнай Русі». У 3-й частцы гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да 1588. «Вялікая хроніка» змяшчае таксама шмат міфаў, легенд, паданняў і літаратурных апрацовак, у т. л. аповесці пра Траянскую вайну, Аляксандра Македонскага (гл. «Александрыя»), Кулікоўскую бітву і інш. «Вялікая хроніка» захавалася больш чым у 10 спісах. Большая частка тэксту «Вялікай хронікі» не апублікавана, акрамя «Хронікі літоўскай і жамойцкай», выдадзенай у «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 32, 1975).
В.А.Чамярыцкі.
т. 4, с. 382
ВЯЛІ́КАЯ ШВА́КШТА,
возера, гл. Вялікія Швакшты.
т. 4, с. 382
ВЯЛІ́КА-ТЫ́РНАВА,
горад на Пн Балгарыі, на р. Янтра. 65 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (вытв-сць электрарухавікоў, электратэльфераў, радыётэхнікі і інш.), тэкст., хім., дрэваапр., харчасмакавая прам-сць. Ун-т «Кірыла і Мяфодзій». Арх. музей. У горадзе — рэшткі сярэдневяковых умацаванняў, палаца; цэрквы (12—19 ст.), манастыры ў стылі Балгарскага Адраджэння. Горад-запаведнік. Турызм.
Вядома як вял. паселішча ў 11—12 ст. пад назвай Тырнаўград, пазней — Тырнава (да 1965). У 1185 упамінаецца як цэнтр паўстання балгараў супраць візант. панавання. У 1187—1393 сталіца Другога Балг. царства, рэзідэнцыя балг. архіепіскапа (з 1235 — патрыярха). У 1393 захоплены і разрабаваны туркамі. З 16 ст. развіваецца як цэнтр рамеснай вытв-сці. У 1598 і 1686 — цэнтр антытур. паўстанняў. У 1767 скасавана тырнаўская патрыярхія. У 1869 В.Леўскі ў Вяліка-Тырнаве стварыў рэв. к-т. У час падрыхтоўкі Красавіцкага паўстання 1876 Вяліка-Тырнава — цэнтр 1-й рэв. акругі. Вызвалены рус. войскамі ў 1877 у ходзе руска-тур. вайны 1877—78. У лют.—крас. 1879 тут працаваў Устаноўчы сход, які прыняў Тырнаўскую канстытуцыю 1879. 5.10.1908 у Вяліка-Тырнаве абвешчана незалежнасць Балгарыі.
т. 4, с. 369