Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАНБЛА́Н (франц. Mont Blanc, італьян. Monte Bianco),

горны масіў і вяршыня ў Зах. Альпах, на мяжы Францыі, Італіі і Швейцарыі, самая высокая ў Еўропе (4807 м). Даўж. масіву 50 км. Складзены з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. Рэльеф альпійскага тыпу. Пл. зледзянення больш за 200 км², самы буйны ледавік Мер-дэ-Глас (даўж. 15 км). Частка водападзелу паміж рэкамі По і Рона. Альпінізм, турызм. Астранамічная абсерваторыя. Пад М. аўтамаб. тунэль (даўж. 11,6 км) і шаша з Францыі ў Італію.

т. 10, с. 64

МА́НГА (Mangifera),

род кветкавых раслін сям. анакардыевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі. М. індыйскае (M. indica) са стараж. часу культывуецца ў Індыі.

Вечназялёныя дрэвы выш. 10—45 м. Лісце суцэльнае. Кветкі двухполыя і тычынкавыя, дробныя, белыя, у мяцёлчатых суквеццях. Плод — касцянка, зялёная, жоўтая або чырвоная. Плады М. індыйскага (даўж. да 25 см, дыям. да 10 см) ядомыя. Маюць да 20% цукру, шмат вітамінаў, ім уласціва процівіруснае дзеянне.

У.​П.​Пярэднеў.

Манга.

т. 10, с. 64

МАНГАЗЕ́Я,

рускі горад і порт у 1601—72 на Пн Зах. Сібіры на р. Таз. Назву атрымаў ад ненецкага племя мангазея, ці малканзея. У 1601—07 атрад табольскіх і бярозаўскіх стральцоў і казакоў на чале з ваяводам В.​М.​Масальскім-Рубцом (з княжацкага роду Масальскіх з ВКЛ) пабудаваў 4-сценны 5-вежавы горад як апорны пункт для замацавання рускіх у басейнах рэк Енісей і Лена. Хутка набыў вял. гандл.-прамысл. значэнне (захоўваў яго да 1640-х г.). Насельніцтва (у 1620-я г. 2 тыс. чал.) займалася менавым гандлем з ненцамі, сабаліным промыслам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, суднаходствам, рамёствамі (ліцейным, кастарэзным і інш.). Асваенне новага шляху на Енісей і Лену, збядненне мясц. сабаліных промыслаў прывяло да заняпаду горада. У 1672 перанесены на месца Туруханскага зімоўя (да 1780 наз. Новая М., цяпер с. Туруханск Краснаярскага краю).

т. 10, с. 65

МАНГАЛО́ІДНАЯ РА́СА,

адна з асн. або вял. рас чалавецтва, у якую ўваходзяць паўн.-азіяцкая, арктычная, паўд.-азіяцкая, далёкаўсходняя і амерыканская малыя расы (апошнюю некат. даследчыкі вылучаюць у самаст. расу). У прадстаўнікоў М.р. скура ад цёмнага да светлага колеру з жаўтаватым адценнем, цёмныя або карыя вочы, цвёрдыя прамыя цёмныя валасы, слаба развітое валасяное покрыва на твары і целе, шырокі і плоскі твар, прыкметна выступаюць скулы і слаба — нос, ёсць асобная складка верхняга павека — эпікантус. М.р. пашырана ў Кітаі, Індакітаі, Інданезіі, М’янме, Японіі, Карэі, Манголіі, Сібіры, Амерыцы.

т. 10, с. 65

МАНГАЛУ́РУ,

горад на Пд Індыі, у штаце Карнатака. 237 тыс. ж. (1991). Порт на Аравійскім м. (вываз кавы. сандалавай драўніны, вострых прыпраў, копры, жал. руды). Аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., чорная металургія, буд. матэрыялаў, харчовая. Ганчарна-керамічная вытв-сць, перапрацоўка кавы і інш. с.-г. сыравіны. З-д хім. угнаенняў. Саматужнае рамяство (пераважна ткацтва).

т. 10, с. 65

МАНГАЛЬФ’Е́ (Montgolfier),

браты Жазеф (26.8.1740, г. Анане, Францыя — 26.6.1810) і Эцьен (7.1.1745, там жа — 2.8.1799), французскія вынаходнікі аэрастата, піянеры паветраплавання. Першы палёт пабудаванага імі паветр. шара («мангальф’ера»), напоўненага гарачым дымам, адбыўся 5.6.1783, а першы палёт людзей на такім шары — 21.11.1783 у Парыжы.

т. 10, с. 65

МАНГАНА́ТЫ,

солі невылучаных у свабодным стане кіслародзмяшчальных кіслот марганцу.

Вядомыя М., пераважна шчолачных і шчолачназямельных металаў, адрозніваюць паводле валентнасці марганцу ў іх. М. сямівалентнага марганцу (перманганаты) — солі марганцовай к-ты HMnO4. Фіялетава-чорныя крышталі, тэрмічна няўстойлівыя, павольна раскладаюцца з вылучэннем кіслароду нават пры пакаёвай т-ры. Моцныя акісляльнікі. Практычнае значэнне мае пераважна перманганат калію KMnO4 (гл. Калію злучэнні). М. шасцівалентнага марганцу, ці проста М. — солі марганцаватай ці марганцовай (VI) к-ты H2MnO4. Крышталі зялёнага колеру. Моцнымі акісляльнікамі акісляюцца да перманганатаў. М. пяцівалентнага марганцу (гіпаманганаты) — солі марганцавацістай ці марганцовай(V) к-ты H3MnO4. Сінія ці зялёныя крышталі. М. пяці- і шасцівалентнага марганцу ўстойлівыя толькі ў сухім паветры ці моцнашчолачных растворах. Выкарыстоўваюць М. барыю BaMnO4 (марганцовая зелень) як зялёны пігмент для алейных фарбаў, гіпаманганаты Ba3(MnO4)2 як блакітны пігмент для пластмас, маст. фарбаў і эмалей, Ca3(MnO4)2 5H2O для стэрылізацыі пітной вады.

т. 10, с. 65

МАНГАНІ́Т (ад лац. manganum марганец),

мінерал падкласа гідраксідаў, оксігідраксід марганцу MnO(OH). Мае 80,6% MnO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі слупкаватыя прызматычныя; часта ўтварае друзы, шчоткі. Агрэгаты шчыльныя, нацёчныя, аалітавыя, зярністыя. Колер цёмна-шэры да чорнага, з бураватым адценнем. Бляск паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4,3 г/см³. Паходжанне асадкавае, радзей гідратэрмальнае. Уваходзіць у склад марганцавых руд.

Манганіт.

т. 10, с. 65

МА́НГЕЙМ, Мангайм (Mannheim),

горад у Германіі, зямля Бадэн-Вюртэмберг. Размешчаны на правым беразе р. Рэйн, пры ўпадзенні р. Некар. Узнік на месцы рыбалавецкага пасёлка ў пач. 17 ст. 318 тыс. ж. (1994). Буйны рачны порт і чыг. вузел. Аэрапорт. У М. заканчваецца адгалінаванне нафтаправода Марсель—Карлсруэ. Разам з г. Людвігсгафен, з якім злучаны мостам, утварае прамысл. агламерацыю. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць электратэхн. абсталявання, прылад, аўтамашын, станкоў, с.-г. машын), хім., тэкст., папяровая, харчасмакавая. У раёне М. — буйны нафтаперапр. з-д. Ун-т. Планетарый. Выдавецтвы. Арх. помнікі: палац (1720—60, буйнейшы ў Германіі, цяпер ун-т), езуіцкі касцёл (1738—60), ратуша (1701—11).

т. 10, с. 65

МАНГЕ́ЙМ (Аляксандр Яўхімавіч) (1892, Мінск — 4.3.1959),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1934), праф. (1935). Скончыў Парыжскі ун-т (1914). З 1922 у БДУ (мед. ф-т), з 1934 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. У 1941—55 у Душанбінскім і Чарнавіцкім мед. ін-тах.

Навук. працы па пытаннях хірургіі дзіцячага ўзросту, артрытах, лячэнні параненых і інш.

Тв.:

Дзіцячая хірургія. Мн., 1933;

Патогенез, клиника и лечение послеродового лактационного мастита. Мн., 1936.

т. 10, с. 65