ВАСІ́ЛЬЕВА Зінаіда Анатолеўна
(н. 29.12.1913, С.-Пецярбург),
бел. і рус. балерына, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1933). У 1937—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова педагог арганізаванага ёю харэаграфічнага аддзялення Бел. тэатр. вучылішча (1939—41), педагог і маст. кіраўнік Бел. харэаграфічнага вучылішча (1945—49). З 1950 у т-рах оперы і балета Новасібірска і Адэсы, у 1962—65 педагог Каірскай балетнай школы (Егіпет). Першая выканала на бел. сцэне партыі Ванды («Салавей» М.Крошнера), Адэты—Адыліі («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Каламбіны («Арлекінада» Р.Дрыга), Лізы («Марная засцярога» П.Л.Гертэля). Творчая і пед. дзейнасць Васільевай зрабіла вял. ўплыў на развіццё бел. балета.
Літ.:
Модэль М. Зінаіда Васільева // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
А.І.Калядэнка.
т. 4, с. 26
ВАСІ́ЛЬЕВА Ларыса Мікалаеўна
(н. 23.11.1935, г. Харкаў),
руская пісьменніца. Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). Друкуецца з 1957. Лірычныя зб-кі вершаў і паэм: «Ільняны месяц» (1966), «Лебяда» (1970), «Адна зямля — адно каханне» (1973), «Агонь у акне» (1978), «Васіліса» (1981), «Гай» (1984) і інш. насычаны вобразамі часоў Стараж. Русі, але характэрны для паэтэсы эмацыянальны струмень выводзіць яе герояў з даўніны ў свет сучасных радасцей і смутку. Аўтар кн. апавяданняў пра Англію «Альбіён і таямніцы часу» (1978), кн. «Крамлёўскія жонкі» (1993), рамана «Кніга пра бацьку» (1984) і інш. На рус. мову пераклала асобныя вершы Я.Купалы.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989.
т. 4, с. 27
ВАСІ́ЛЬЕВА Настасся Якаўлеўна, бел. этнограф, фалькларыст і краязнавец 2-й пал. 19 ст. У 1874—80 жыла на Палессі, некаторы час працавала валасным пісарам у в. Грабаў (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.). Супрацоўнічала з Мінскім губернскім стат. к-там, Т-вам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. Даследавала побыт, матэрыяльную культуру, абрады, фальклор сялян, вывучала гісторыю і этнаграфію вёсак Мазыршчыны. Аўтар артыкулаў «Кароткі нарыс вёскі Грабава Мазырскага павета», «Сялянскія памінкі ў Мазырскім павеце» (абодва 1877), «Веснавыя песні і абрады ў вёсках Мазырскага павета» (1878), «Легенды і павер’і ў Мінскай губерні», «Кірмашы ў Мазырскім павеце» (абодва 1879), «Знахары», «Вытрымкі з жыцця беларускай жанчыны» (абодва 1880) і інш.
А.Ю.Лозка.
т. 4, с. 27
ВАСІ́ЛЬЕВЫ,
рускія акцёры, браты.
Сяргей Васілевіч (19.9.1827, Масква — 17.6.1862). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1844), працаваў у трупе Малога т-ра. Да 1853 выступаў пераважна ў вадэвілях. Новы этап у творчасці пачаўся са з’яўленнем п’ес А.Астроўскага: Бародкін («Не ў свае сані не садзіся»), Разлюляеў («Беднасць не загана»), Ціхан («Навальніца») і інш. Павел Васілевіч (1832, Масква — 10.4.1879). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1850). Працаваў у Маскоўскай балетнай трупе імператарскіх тэатраў, у правінцыі. З 1860 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Асабліва ўдаваліся яму ролі ў п’есах Астроўскага: Любім Тарцоў («Беднасць не загана»), Падхалюзін («Свае людзі — паладзім») і інш., выступаў таксама ў камедыях А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Сухаво-Кабыліна, вадэвілях.
Васільевы — яркія прадстаўнікі рус. акцёрскай школы, вызначаліся прастатой і натуральнасцю выканання.
т. 4, с. 27
ВАСІ́ЛЬЕВЫ
(цёзкі па прозвішчы; псеўд. браты Васільевы),
рускія кінарэжысёры і сцэнарысты.
Георгій Мікалаевіч (25.11.1899, г. Волагда, Расія — 18.6.1946), засл. дз. маст. Расіі (1940). Вучыўся ў маскоўскай тэатр. студыі «Маладыя майстры». Сяргей Дзмітрыевіч (4.11.1900, Масква — 16.12.1959), нар. арт. СССР (1948). Скончыў Ленінградскі ін-т экраннага мастацтва (1924). Пачалі працаваць у кіно ў 1924. Вучні С.М.Эйзенштэйна. Першая іх сумесная рэжысёрская работа — дакумент. фільм «Подзвіг у льдах». Пад агульным псеўданімам упершыню выступілі ў 1930 (фільм «Спячая прыгажуня»). Сумесна знялі фільмы: «Чапаеў» (1934, Дзярж прэмія СССР 1941), «Валачаеўскія дні» (1937), «Абарона Царыцына» (1942, 1-я серыя, Дзярж прэмія СССР 1942), «Фронт» (1943). Аўтары сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў. У 1955 Сяргей Васільеў паставіў фільм «Героі Шыпкі» (з балг. Кінематаграфістамі).
т. 4, с. 27
ВАСІ́ЛЬЕЎ Аляксандр Карпавіч
(12.9.1904, г. Рэчыца — 23.4.1956),
поўны кавалер ордэна Славы. На фронце з 1942. Камандзір сапёрнага аддзялення ст. сяржант Васільеў вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: з групай сапёраў размініраваў 2 мінныя палі, зняў 75 мін; пад агнём праціўніка пераправіў на лодцы цераз Одэр 250 пехацінцаў; у баях за расшырэнне плацдарма зрабіў 5 праходаў у мінных палях, зняў 65 мін.
т. 4, с. 27
ВАСІ́ЛЬЕЎ Барыс Львовіч
(н. 21.5.1925, г. Смаленск),
рускі пісьменнік, драматург. Скончыў Ваен. акадэмію бранятанкавых войск (1948). Вядомасць прынесла аповесць «А досвіткі тут ціхія...» (1969; аднайм. фільм, 1972; Дзярж. прэмія СССР 1975; бел. пер. Ю.Гаўрука; інсцэніроўка Бел. т-ра Я.Коласа 1971 і інш.), у якой адзін з трагічных эпізодаў Вял. Айч. вайны ўзняў да значнага філас.-маст. абагульнення. Працяг ваен. тэматыкі ў аповесцях «Іванаў катэр», «Самы апошні дзень» (абедзве 1970), «Сустрэчны бой» (1979) і інш., у рамане «У спісах не лічыўся» (1974). Сац.-маральная праблематыка ў раманах «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1973), «І быў вечар, і была раніца», «Вам прывітанне ад бабы Леры» (абодва 1989), аповесцях «Незгасальная купінá» (1986), «Жыла-была Клавачка», «Кароткая ракіроўка», «Гібель багінь» (усе 1989) і інш. Гіст. раман «Былі і небыліцы» (кн. 1—2, 1977—80) прысвечаны падзеям руска-турэцкай вайны 1877—78. Аўтар біягр. аповесці «Лятуць мае коні» (1982), п’ес «Афіцэр» (1955), «Стукайце і адчыніцца» (1959), апавяданняў, кінасцэнарыяў.
Тв.:
Избранное. Т. 1—2. М., 1988.
С.Ф.Кузьміна.
т. 4, с. 27
ВАСІ́ЛЬЕЎ Васіль Вячаслававіч
(н. 2.12.1954, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1982), Беларускую АМ (1992). Выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. У пач. творчасці ў традыц. формах мастацтва імкнуўся знайсці жывапісную гармонію. З 1990 займаецца пластычнымі, колеравымі, канцэптуальнымі пошукамі. За працу «Адбіткі на асфальце» (1991) «Гран-пры» І Міжнар. пленэру «Малевіч. Уновіс. Сучаснасць» (Віцебск, 1994).
М.М.Паграноўскі.
т. 4, с. 27
ВАСІ́ЛЬЕЎ Васіль Іванавіч
(н. 1.6.1927, в. Тушавая Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Віленскі маст. ін-т (1952). З 1960 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах пейзажа і партрэта. У пейзажах багатая вобразнасць спалучаецца з майстэрствам абагульнення: «Веснавое ворыва» (1967), «Восеньскі матыў» (1973), «Восень на Вячы» (1975), «Браслаўшчына» (1976), «Лён» (1977), «Вечар» (1981), «Зноў прыйшла вясна» і «Лён сцелюць» (1982), «Месячная ноч ля возера» (1983), «Парыў ветру» (1994), «Белавежская пушча» (1996) і інш.
т. 4, с. 28
ВАСІ́ЛЬЕЎ Васіль Паўлавіч
(4.3.1818, Ніжні Ноўгарад — 10.5.1900),
рускі вучоны-кітаязнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Праф. Казанскага (з 1851) і Пецярбургскага (з 1855) ун-таў. Скончыў Казанскі ун-т (1837). У 1840—50 у рус. духоўнай місіі ў Пекіне, вывучаў санскрыт, кіт., манг., тыбецкую і маньчжурскую мовы. Навук. працы па рэлігіі Усходу, гісторыі, геаграфіі, л-ры Кітая (першы з еўрапейцаў даследаваў фанетыку, марфалогію і пісьмо Кітая). Гал. працы: «Будызм, яго догматы, гісторыя і літаратура» (ч. 1, 3, 1857—69), «Аналіз кітайскіх іерогліфаў» (ч. 1—2, 1866—84) і інш.
т. 4, с. 28