ВАСІ́ЛЬЕВА Зінаіда Анатолеўна

(н. 29.12.1913, С.-Пецярбург),

бел. і рус. балерына, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1933). У 1937—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова педагог арганізаванага ёю харэаграфічнага аддзялення Бел. тэатр. вучылішча (1939—41), педагог і маст. кіраўнік Бел. харэаграфічнага вучылішча (1945—49). З 1950 у т-рах оперы і балета Новасібірска і Адэсы, у 1962—65 педагог Каірскай балетнай школы (Егіпет). Першая выканала на бел. сцэне партыі Ванды («Салавей» М.Крошнера), Адэты—Адыліі («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Каламбіны («Арлекінада» Р.Дрыга), Лізы («Марная засцярога» П.Л.Гертэля). Творчая і пед. дзейнасць Васільевай зрабіла вял. ўплыў на развіццё бел. балета.

Літ.:

Модэль М. Зінаіда Васільева // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

А.І.Калядэнка.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)