Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,

горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс. ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс. ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Шчара. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на ПнЗ ад г. Слонім, 150 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Слонім. 368 ж., 133 двары (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ-1,

нізіннае балота ў Беларусі, у Рэчыцкім, часткова ў Калінкавіцкім р-нах Гомельскай вобл., у вадазборы р. Ведрыч. Пл. 6,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,4 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. выкарыстоўваецца пад пасевы шматгадовых траў, збожжа і бульбы. Пад лесам 2,8 тыс. га.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ-2,

нізіннае балота ў Беларусі, на Пд Светлагорскага і ПнУ Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл., у вадазборы рэк Сведзь і Ведрыч. Пл. 19 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 12,4 тыс. га. Глыб. торфу да 6,4 м, сярэдняя 1,7 м. Большая ч. балота асушана, выкарыстоўваецца пад пасевы траў, збожжа і кармавых культур. На неасушаных участках пераважае драбналессе з хвоі і бярозы.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́НКА Зоя Васілеўна

(н. 30.6.1946, в. Слабодка Курскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі харчавання. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыла Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Г.В.Пляханава (1968). З 1974 у Магілёўскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі і выкарыстання расліннай прадукцыі.

Тв.:

Плодоовощные пюре в производстве продуктов. М., 1987 (разам з У.С.Баранавым).

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ (Wasilewska) Ванда Львоўна

(21.1.1905, Кракаў — 29.7.1964),

польская і савецкая пісьменніца, грамадскі дзеяч. Жонка А.Карнейчука. Скончыла Ягелонскі ун-т (1927). У 1934—37 у складзе Гал. рады Польскай сацыяліст. сацыяліст. партыі; удзельнічала ў дзейнасці Лігі аховы правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з арганізатараў антыфаш. Кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. З 1939 у СССР. Заснавала і ўзначальвала ў 1943—46 Саюз польскіх патрыётаў; нам. старшыні Польскага К-та нац. вызвалення (1944). Пісала на польскай мове. Дэбютавала вершамі (1921). Аўтар публіцыстычна-рэпартажных аповесцей «Аблічча дня» (1934), «Зямля ў ярме» (1938), рамана «Радзіма» (1935) аб жыцці рабочых і сялян у Польшчы ў міжваенны перыяд. Трылогія «Песня над водамі» (1940—51, Дзярж. прэмія СССР 1952) пра нац.-вызв. рух на Валыні. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвяціла аповесць «Радуга» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943). Сярод інш. твораў аповесць «Проста каханне» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), кнігі для дзяцей, зб-кі публіцыстыкі.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1954—55.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ Галіна Ануфрыеўна

(н. 15.1.1927, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1950). Працавала на Бел. радыё, у час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Работніца і сялянка», «Полымя». У 1982—88 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакумент. аповесцей пра юную партызанку Рыму Кунько («Маланка ўначы», 1963) і юнага партыз. разведчыка Ціхана Барана («Малюнак на снезе», 1969), аповесці-хронікі «Бывай, Грушаўка» (1978) пра барацьбу падлеткаў у акупіраваным Мінску, аповесці «Я еду на вярблюдзе» (1970).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1986;

Юныя назаўсёды. Мн., 1983;

Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага: Аповесць. Мн., 1987.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Аляксандр Барысавіч

(н. 24.2.1934, в. Задвор’е Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1968), праф. (1991). Скончыў БДУ (1956). З 1965 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па методыцы пошуку рашэння матэм. задач. Распрацаваў метадычную сістэму развіццёвага навучання матэматыцы ў сярэдняй школе.

Тв.:Метод параллельных проекций. Мн., 1985; Упражнения по алгебре и началам анализа. Мн., 1991.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Аляксандр Міхайлавіч

(30.9.1895, с. Новапакроўскае Іванаўскай вобл., Украіна — 5.12.1977),

савецкі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1943). Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1937). У арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял. Айч. вайну нам. нач. з чэрв. 1942 нач. Генштаба і нам. наркома абароны СССР. У 1942—44 каардынаваў дзеянні шэрагу франтоў, у т. л. 3-га Бел., 1-га Прыбалт. ў час Беларускай аперацыі 1944. З лют. 1945 у Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага, каманд. 3-м Бел. фронтам, галоўнакаманд. сав. войскамі на Д. Усходзе пры разгроме яп. Квантунскай арміі. З 1946 нач. Генштаба. З 1949 міністр Узбр. Сіл СССР, у 1953—57 1-ы нам., нам. міністра абароны СССР.

Тв.:

Дело всей жизни. 5 изд. М., 1984.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Даніла Мінавіч

(17.12.1889, в. Новае Сяло Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 8.12.1963),

бел. краязнавец, гісторык, літ.-знавец. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю і Віцебскі настаўніцкі ін-т. Настаўнічаў. З 1910 збіраў фальклор на Полаччыне. З 1919 інструктар школ на Віцебшчыне, пасля інспектар аддз. нар. асветы ў Оршы. У 1923 арганізаваў Віцебскае губ. бюро краязнаўства, з 1924 нам. старшыні Аршанскага акр. т-ва краязнаўства. У 1930—36 выкладчык і дэкан геагр. ф-та Магілёўскага пед. ін-та. 9.12.1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Котлас. Працаваў буравіком у Варкуце, з 1945 тэхнік-геолаг Варкуцінскага геолагаразведачнага ўпраўлення. Рэабілітаваны ў 1956. Апошнія гады жыў у Феадосіі. З 1914 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (псеўд. Шчыры, Вітэнь Д.). Даследаваў гісторыю рэв. руху, бел. л-ры 19 ст., бел. кнігадрукавання, развіцця мясц. прэсы, краязнаўчыя, гіст., этнагр. і сац.-эканам. праблемы.

Тв.:

Школа і настаўніцтва на Віцебшчыне // Асвета. 1924. № 3;

Паэт Ян Баршчэўскі аб Беларусі: (З уласных лістоў яго да пані Карсак) // Аршанскі маладняк. 1925. № 2;

Новыя матэрыялы творчасці Яна Баршчэўскага // Полымя. 1925. № 5;

Беларускі нацыянальна-рэвалюцыйны рух на Віцебшчыне ў XIX сталецці // Тамсама;

Крыніцы мінулага Беларусі // Наш край. 1926. № 1;

Сталецце краязнаўчай працы на Беларусі // Тамсама. № 2—3;

Помнікі старасветчыны на Аршаншчыне // Тамсама. 1927. № 2;

З гісторыі аршанскага друку // Тамсама. № 6—9;

Беларускае Вольна-Эканамічнае таварыства // Тамсама. № 12;

Пад аховай роднай песні: (З перапіскі Яна Баршчэўскага) // Маладняк. 1928. № 1;

Сялянства Віцебскай і Магілёўскай губерань у паўстанні 1863 году // Полымя. 1928. № 6;

Арцём Ігнатавіч Вярыга і яго літаратурна-грамадская чыннасць // Тамсама. 1929. № 6;

Паэма «Тарас на Парнасе» ў краязнаўчым асвятленні // Наш край. 1929. № 5.

Літ.:

Кісялёў Г.В. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 61—64;

Васілеўская А. Памяць // Полымя. 1990. № 7.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 24