ВАРЭ́З (Varèse) Эдгар
(22.12.1883, Парыж — 7.11.1965),
амерыканскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых прадстаўнікоў муз. авангардызму. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1906—07). З 1908 дырыжыраваў харамі і аркестрамі ў Берліне, Празе; з 1915 у Нью-Йорку. Лічыў музыку «арганізаваным шумам», імкнуўся павялічыць акустычныя магчымасці інструментаў. Эксперыментаваў у сферы канкрэтнай музыкі і электроннай музыкі. Сярод твораў: п’есы «Гіперырызма» для духавых і ўдарных (1923), «Інтэгралы» для камернага арк. і ўдарных (1925), «Іанізацыя» для 13 ударнікаў (1931), «Экватарыял» для аргана, ударных, труб, трамбонаў, 2 хваляў Мартэно і баса (1934), «Пустыня» для электронных духавых і ўдарных (1954). Аўтар прац па электроннай музыцы, муз.-крытычных артыкулаў.
т. 4, с. 20
ВАРЭ́НІУС (Varenius) Бернхардус [сапр. Варэн
(Varen) Бернхард; 1621 або 1622, г. Гановер, Германія — 1650 або 1651),
нідэрландскі географ. Аўтар «Усеагульнай геаграфіі» (Амстэрдам, 1650; пер. на рус. мову, 1718), у якой з сістэмы ведаў аб Зямлі ўпершыню вылучыў агульную і рэгіянальную геаграфію.
т. 4, с. 21
ВАРЭ́ЦА Валянцін Іванавіч
(н. 5.3.1938, пас. Выпалзава Цвярской вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1966) і да 1978 выкладаў у ім. З 1985 жыве і працуе на Беларусі. Асн. творы: жывапісныя «Зямля» (1966), «Летам» (1968), «Раніца» (1969), «Памяці Вавілава» (1988), «Бег» і «Мелодыя» (1989), «Стыхія» (1990), «Украінскі трыптых» (1991), «Місія» (1992); манум. размалёўкі «Сям’я» (1971), «Вызваленне» (1973), «Юнацтва» (1975), «Золата» (1976); графічныя «Рамантыкі» (1969), серыя «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з Л.Варэца) і інш.
т. 4, с. 21
ВАРЭ́ЦА Ляіля Ахцямаўна
(н. 13.1.1951, г. Харкаў, Украіна),
бел. мастак. Скончыла Харкаўскі маст. ін-т (1974). Працуе ў тэхніцы каляровай літаграфіі, кніжнай графікі, акварэлі. Асн. работы: графічныя серыі «Украінскія матывы» (1977), «Зямля ў квецені» (1979), «Чарнобыльскі след» і «Праява» (1989), «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з В.Варэцам) і інш.; іл. да кніг «Мая рэспубліка», «Намеснік бабулі» П.Кавалёва (абедзве 1988), «Буду настаўнікам» Э.Агняцвет (1990), «Беларуска-італьянская кухня» (1995), «Паміж Масквой і Варшавай» В.Іпатавай (1996, у сааўт.) і інш. Стварыла серыі паштовых марак «Мастакі Беларусі», «Гістарычныя асобы Беларусі», «Беларускія спартсмены да алімпіяды ў Атланце».
т. 4, с. 21
ВАСА́ДЗЕ Акакій Аляксеевіч
(6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),
грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз. т-ра імя Л.Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз. т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр. работы).
т. 4, с. 21
ВАСАЛІТЭ́Т
(франц. vassalité ад позналац. vassallus васал, vassus слуга),
сістэма адносін асабістай залежнасці адных феадалаў (васалаў) ад іншых (сеньёраў або сюзерэнаў) у Зах. Еўропе. Упершыню склаўся ў позняй Франкскай імперыі пры Карле Вялікім (768—814), далейшае развіццё атрымаў у Германіі, Францыі, Англіі. На Беларусі ў класічным выглядзе не аформіўся, спец. тэрміна для яго абазначэння не было, аднак сістэма васальнай залежнасці існавала. У часы Кіеўскай Русі князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі звалі адзін аднаго «братамі»). Баяры былі васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу мелі маёнткі. У 11—12 ст. у найбуйнейшых баяр з васалаў 3-га ўзроўню з’явіліся асабістыя дружыны. У ВКЛ у 13—14 ст. сістэма кіравання асобнымі землямі (княствамі) будавалася на васальнай залежнасці князёў ад вял. князя ВКЛ. Адначасова кожны князь меў васалаў з баяр, некаторыя з іх былі васаламі непасрэдна вял. князя ВКЛ. У канцы 14—15 ст. юрыд. правы непасрэдных васалаў вял. князя ВКЛ замацаваны ў шэрагу прывілеяў. Шляхта атрымала права распараджацца сваімі ўладаннямі. Васальныя адносіны гэтай групы феадалаў з вял. князем звяліся да абавязку ваен. службы і права падлягаць суду вял. князя ВКЛ ці яго намеснікаў.
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 21
ВАСЕМНА́ЦЦАТАГА БРУМЕ́РА VIII года рэспублікі
(паводле рэсп. календара франц. рэвалюцыі 1789—99),
дзяржаўны пераварот у Францыі 9—10.11.1799. Ажыццявіў Напалеон І, які змяніў рэжым Дырэкторыі на ваен. дыктатуру ў форме Консульства, а пасля (з 18.5.1804) — Першай імперыі. Завяршыў працэс бурж. контррэвалюцыі, пачаты Тэрмідарыянскім пераваротам 1794.
т. 4, с. 21
ВАСЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 15—20.5.1940 у Мінску; 577 дэлегатаў з рашаючым і 194 з дарадчым голасам ад 59 853 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачныя даклады ЦК КП(б)Б (П.К.Панамарэнка) і Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.Я.Сядых); выбары ЦК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд вітаў прыняцце ў 1939 Дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі аб устанаўленні ў Зах. Беларусі сацыяліст. ладу і ўз’яднанні яе з БССР, адзначыў, што тэрыторыя і насельніцтва Беларусі павялічыліся амаль у 2 разы, але неабходна ачысціць новыя тэрыторыі ад бурж. элементаў, пільна правяраць кіруючыя кадры на «палітычную сталасць». Падвёў вынікі развіцця прам-сці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі за 2 гады, вызначыў план сацыяліст. пераўтварэнняў у зах. абласцях БССР, падкрэсліў неабходнасць умацавання зах. рубяжоў краіны. У дакладах адзначалася праца парт. арг-цый па выяўленні «ворагаў народа», ліквідацыі вынікаў іх злачыннай дзейнасці, неабходнасць больш уважліва вывучаць марксісцка-ленінскую тэорыю. Выбраны ЦК КП(б)Б з 69 чал. і 45 канд., Рэвіз. камісія з 29 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Мн., 1985. Т. 3. С. 329—351.
А.Ф.Макарэвіч, У.М.Міхнюк.
т. 4, с. 21
ВА́СЕРМАН (Wassermann) Якаб
(10.3.1873, г. Фюрт, Германія — 1.1.1934),
нямецкі і аўстрыйскі пісьменнік. У сярэдзіне 1880-х г. супрацоўнічаў з час. «Simplicissimus» («Сімпліцысімус»). Набыў вядомасць як аўтар раманаў «Габрэі з Цырндорфа» (1897), «Молах» (1903), «Чалавечак з гусямі» (1915), «Этцэль Андэргаст» (1931) і асабліва «Каспар Гаўзер, або Лянота сэрца» (1908) і «Справа Маўрыцыуса» (1928), у цэнтры якіх — герой-самотнік, шукальнік праўды, які супрацьстаіць варожаму свету. У творах Васермана поўнае напружання дзеянне спалучаецца з псіхал. рэалізмам, узмоцненым псіхааналізам, маралістычнай крытыкай грамадства і яго інстытутаў (уплыў Ф.М.Дастаеўскага). Аўтар сатыр. п’есы «Камедыя хлусні» (1898), кн. «Дух пілігрыма» (1923).
Тв.:
Gesammelte Werke. Bd. 1—7. Zürich, 1944—48;
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. М., 1912—13;
Золото Кахамарки. М., 1956;
Каспар Хаузер, или Леность сердца. М., 1990.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 4, с. 22
ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.М.Астапенка
(загінуў) і М.С.Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.П.Курганская-Сакалова, А.І.Белы),
у в. Бабічы (П.А.Астапенка), Навінкі (А.Ф.Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.П.Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
т. 4, с. 22