ВАСАЛІТЭ́Т
(франц. vassalité ад позналац. vassallus васал, vassus слуга),
сістэма адносін асабістай залежнасці адных феадалаў (васалаў) ад іншых (сеньёраў або сюзерэнаў) у Зах. Еўропе. Упершыню склаўся ў позняй Франкскай імперыі пры Карле Вялікім (768—814), далейшае развіццё атрымаў у Германіі, Францыі, Англіі. На Беларусі ў класічным выглядзе не аформіўся, спец. тэрміна для яго абазначэння не было, аднак сістэма васальнай залежнасці існавала. У часы Кіеўскай Русі князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі звалі адзін аднаго «братамі»). Баяры былі васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу мелі маёнткі. У 11—12 ст. у найбуйнейшых баяр з васалаў 3-га ўзроўню з’явіліся асабістыя дружыны. У ВКЛ у 13—14 ст. сістэма кіравання асобнымі землямі (княствамі) будавалася на васальнай залежнасці князёў ад вял. князя ВКЛ. Адначасова кожны князь меў васалаў з баяр, некаторыя з іх былі васаламі непасрэдна вял. князя ВКЛ. У канцы 14—15 ст. юрыд. правы непасрэдных васалаў вял. князя ВКЛ замацаваны ў шэрагу прывілеяў. Шляхта атрымала права распараджацца сваімі ўладаннямі. Васальныя адносіны гэтай групы феадалаў з вял. князем звяліся да абавязку ваен. службы і права падлягаць суду вял. князя ВКЛ ці яго намеснікаў.
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)