Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Іосіф Іосіфавіч) (8.12.1911, г. Данецк — 20.4.1994),

рускі паэт. Скончыў тэатр.-драм. курсы ў Мінску (1932). Працаваў акцёрам БДТ-2 (Віцебск), у тэатрах Расіі. З 1967 жыў у Мінску. Друкаваўся з 1931. Аўтар пейзажнай і любоўнай лірыкі. Пераклаў на рус. мову зб. паэзіі М.​Хведаровіча «Кляновы сок» (1972), казку А.​Якімовіча «Каваль-Вярнідуб» (1974). Выдаў зб. выбраных перакладаў з бел. паэзіі «Адвечнай песні галасы» (1980).

Тв.:

В добрый час. Смоленск, 1954;

Лирика. Смоленск, 1961;

Свершение. М., 1966;

Мой спутник солнце. Мн., 1971;

Река времени. Мн., 1989.

т. 4, с. 24

ВАСІЛЕ́ЎСКІ ((Wasilewski) Леан) (24.8.1870, С.-Пецярбург — 10.12.1936),

польскі публіцыст, гісторык, дыпламат. З 1896 дзеяч Польск. сацыяліст. партыі. Пасля яе расколу ў 1906 кіраўнік рэв. фракцыі. Рэдактар парт. выданняў «Przedświt» («Зара»), «Robotnica» («Работніца»). Друкаваўся пад псеўд. Л.​Плахоцкі. У 1918—19 міністр замежных спраў Польшчы. З 1924 узначальваў Ін-т вывучэння навейшай гісторыі Польшчы, з 1929 рэдактар час. «Niepodległość» («Незалежнасць»). З 1931 старшыня Ін-та вывучэння нац.-вызв. спраў. У працах «Літва і яе народы» (1907), «Літва і Беларусь» (1912) і інш. даследаваў развіццё культуры і асветы, гісторыю бел. і літ. нац.-вызв. руху ў 19 — пач. 20 ст.

т. 4, с. 24

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Пятровіч) (1904, С.-Пецярбург — 1937),

бел. графік і жывапісец. Пасля 1-й сусв. вайны жыў на радзіме бацькоў у в. Сіняўская Слабада (Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл.). Скончыў Віленскую бел. гімназію, займаўся ў маст. студыі пры гімназіі ў Я.Драздовіча. У 1926—28 супрацоўнічаў

у час. «Маланка». У сатыр. малюнках, карыкатурах выкрываў праявы сац. і нац. ўціску, палітыку санацыйнага рэжыму ў Зах. Беларусі. Як кніжны графік аформіў «Беларускі каляндар на 1929», кн. С.​Паўловіча «Пішы самадзейна» (1929), «Першыя зярняткі» (1936), «Засеўкі» (1937), час. для дзяцей «Заранка», раманс К.​Галкоўскага «Лугам, лугам зеляненькім». Творчасць Васілеўскага адметная ўвагай да нац. традыцый, імкненнем перадаць мовай мастацтва ідэі нац.-вызв. руху. У пейзажных творах адлюстроўваў асаблівасці краявідаў і нар. архітэктуры Навагрудчыны. З 1930 жыў у БССР, працаваў мастаком-карыкатурыстам у газ. «Звязда», «Советстая Белоруссия» і інш.

А.​С.​Ліс.

М.Васілеўскі. Вокладка кнігі-календара. 1929.

т. 4, с. 24

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Сямёнавіч) (10.12.1928, в. Макраны Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 14.12.1989),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). З 1961 у Дзярж. б-цы БССР, з 1968 у Мінскім пед. ін-це замежных моў, з 1978 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы сучаснай бел. літ. мовы. Аўтар прац «Прадуктыўныя тыпы дзеясловаў у сучаснай беларускай мове» (1970) і «Дзеяслоўнае словаўтварэнне: Адыменныя суфіксальныя лексемы» (1985).

т. 4, с. 24

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Пятро) (Пётр Савельевіч; н. 15.5.1922, в. Сямёнаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1953). У 1953—88 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1942. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесцей «Новы дзень» (1956), «Першапутак» (1959), «Вечныя маладажоны» (1987), п’ес «Год дзевяцьсот семнаццаты» (паст. 1957), «Чалавек вярнуўся» (паст. 1959), «Любоў, Надзея, Вера...» (паст. 1960) і інш., п’есы для тэлебачання «Руслан плюс Людміла» (1984). Пісьменніка цікавяць пераважна маральна-этычныя праблемы. Рэжысёр фільмаў «Палеская легенда» (1957, з М.​Фігуроўскім), «Рагаты бастыён» (1965) і інш.

Тв.:

Твой заўтрашні дзень: П’есы. Мн., 1968;

Красота человеческая: Повесть и рассказы. Мн., 1980;

Образ жизни: Пьесы. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 24

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Юрый Аляксандравіч) (н. 15.10.1946, г. Гомель),

бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах духавых інструментаў і дырыжыравання (1969). З 1969 артыст аркестра штаба БВА, з 1970 педагог муз. вучылішча, з 1972 гал. дырыжор цырка ў Гомелі. З 1996 гал. дырыжор канцэртнага аркестра Гомельскай абл. філармоніі. Вял. ўвагу аддае інтэрпрэтацыі твораў бел. (Я.​Глебаў, І.​Лучанок, Дз.​Смольскі і інш.) і замежных кампазітараў. Аўтар музыкі да спектакляў гомельскіх абл. драм. т-ра («Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса) і т-ра лялек («Дзед і Жораў» В.​Вольскага).

т. 4, с. 24

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Ягор Васілевіч) (1.1.1922, в. Гарбачова Віцебскага р-на — 1.5.1991),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен. авіяшколу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1939. У Айч. вайну з мая 1943 на Сцяпным, Варонежскім, 2-м Укр. франтах, камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 296 баявых вылетаў, правёў 64 паветр. баі, збіў асабіста 21 варожы самалёт і 2 у групе. Да 1958 у Сав. Арміі.

Я.В.Васілеўскі.

т. 4, с. 24

Васілеўскі Ігар Веньямінавіч

т. 18, кн. 1, с. 362

ВАСІЛЁК, валошка (Centaurea),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 550 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 8 дзікарослых (мясцовых і занесеных) відаў: васілёк іберыйскі (Centaurea iberica), лугавы (Centaurea jacea), раскідзісты (Centaurea diffusa), рэйнскі (Centaurea rhenana), сіні (Centaurea cyanus), сонечны (Centaurea solstitialis), фрыгійскі (Centaurea phrygia), шурпаты (Centaurea scaniosa), растуць у лясах, на лугах, у хмызняках, пасевах, на пясчаных мясцінах, пустках і ўздоўж дарог; 10 інтрадукаваных: васілёк мяккі (Centaurea mollis), падбелены (Centaurea dealbata), прыгожы (Centaurea bella), рускі (Centaurea ruthenica), сібірскі (Centaurea sibirica), усходні (Centaurea orientalis), Фішэра (Centaurea fischeri) і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, зрэдку сцябла зусім няма, ёсць формы тыпу «перакаці-поле». Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі рознага колеру, у кошыках (сярэдзінныя трубчастыя або трубчаста-лейкападобныя, двухполыя, краявыя — лейкападобныя). Кошыкі гетэрагамныя, мала- або шматкветныя, адзіночныя ці па некалькі на канцах парасткаў. Плод — сямянка з чубком. Дэкар., лек., тэхн. і меданосныя расліны, некат. віды — пустазелле.

Васілёк сіні.

т. 4, с. 24

«ВАСІЛЁК»,

беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.​Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.

В.​М.​Мартыненка.

т. 4, с. 25