ВАСІ́ЛЬЕЎ Канстанцін Аляксеевіч
(3.9.1942, г. Майкоп, Адыгея — 29.10.1976),
рускі жывапісец. Скончыў Казанскае маст. вучылішча (1961). У 1960-я г. працаваў у сюррэаліст. ключы («Струна», «Апостал», «Атамны выбух»). Вядомасць прынеслі работы ў рэаліст. манеры («Рускі віцязь», «Ілья Мурамец вызваляе вязняў», «Плач Яраслаўны», «Аўдоцця-разаначка», «Гусі-лебедзі», «Паўночны арол», «Туга па Радзіме», «Развітанне славянкі», «Нашэсце», «Парад 41-га», партрэт Маршала Сав. Саюза Г.К.Жукава, серыя «Вялікія жанчыны Расіі», усе 1970-я г.).
Літ.:
Доронин А. Художник Константин Васильев: Рассказ о творчестве. М., 1985.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 4, с. 28
ВАСІ́ЛЬЕЎ Леанард Леанідавіч
(н. 3.1.1937, г. Сімферопаль, Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р тэхн. н. (1972), праф. (1978). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1959). З 1960 у Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава». Навук. працы па цеплафізічных уласцівасцях матэрыялаў, пытаннях энергазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. Распрацаваў новыя віды цеплаабменнікаў, халадзільных установак, цеплавых помпаў на цвёрдых сарбентах. Дзярж. прэмія Беларусі 1981.
Тв.:
Теплообменники на тепловых трубах. Мн., 1981;
Гидродинамика и теплообмен в пористых элементах конструкций летательных аппаратов. М., 1988 (разам з У.М.Паляевым, В.А.Маёравым).
т. 4, с. 28
ВАСІ́ЛЬЕЎ Павел Мікалаевіч
(25.12.1910, г. Зайсан Усходне-Казахстанскай вобл. — 1937),
рускі паэт. З сям’і сямірэчанскіх казакаў. Працаваў на Д. Усходзе матросам, старацелем на залатых прыісках. Пра гэта ў кнігах нарысаў «У залатой разведцы» (1930) і «Людзі ў тайзе» (1931). У вершах і паэмах («Песня пра пагібель казачага войска», 1928—32; «Саляны бунт», 1933; «Хрысталюбаўскія паркалі», 1935—36) падаецца быт сямірэчанскага казацтва, узнаўляюцца падзеі грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Лета» (1932), «Жнівень» (1932—34), «Адна ноч» (1933), «Кулакі» (1936) і інш. Паэт ліра-эпічнага складу. Востраканфліктная, напоўненая сац. супярэчнасцямі свайго часу, паэзія Васільева адметная сілаю і выразнасцю вобразаў, страснасцю светаўспрымання, сакавітасцю мовы, блізкасцю да народна-песеннай творчасці. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Тв.:
Стихотворения и поэмы. Л., 1968.
Літ.:
Михайлов А.А. Степная песнь. М., 1971.
т. 4, с. 28
ВАСІ́ЛЬЕЎ Рыгор Арцёмавіч
(5.12.1885, г. Жлобін — 23.12.1976),
удзельнік рэв. руху, гасп. дзеяч. Вёў рэв. прапаганду сярод салдат, адзін са стваральнікаў рэв. ваен. саюза ў Верхняудзінску (Улан-Удэ). У 1906 і 1907 арыштаваны; на 3 гады зняволены ў Акатуйскую турму, з 1911 у ссылцы ў Якуцку. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на гасп. рабоце ў Гомелі. У грамадз. вайну на Зах. фронце. З 1922 камісар, упаўнаважаны Упраўлення Бел. чыгункі, кіраўнік па забеспячэнні буд-ва чыг. магістралі Турксіб. З 1935 у ін-це Транстэхпраект Мін-ва шляхоў зносін. Аўтар успамінаў «З рэвалюцыйнага мінулага» (2-е выд. Улан-Удэ, 1968).
т. 4, с. 28
ВАСІ́ЛЬЕЎ Уладзімір Віктаравіч
(н. 18.4.1940, Масква),
рускі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958). У 1958—88 саліст Вял. т-ра, з 1995 яго маст. кіраўнік — дырэктар. Творчасць Васільева вылучаецца сілай і прыгажосцю скачкоў і вярчэнняў, чысцінёй ліній, пластычнай дасканаласцю. Сярод партый: Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага), Шчаўкунок-Прынц» («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага); першы выканаўца партыі Спартака («Спартак» А.Хачатурана»; Ленінская прэмія 1970) і інш. Пастаянны партнёр К.Максімавай (жонка Васільева). Сярод пастановак: «Макбет» К.Малчанава (1980, і выканаўца гал. партыі), «Папялушка» С.Пракоф’ева (1991), опера «Травіята» Дж.Вердзі (рэжысёр-пастаноўшчык; 1996). Першыя прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964, Балгарыя), прэмія В.Ф.Ніжынскага (Парыж, 1964). З 1980-х г. выступае за рубяжом у спектаклях балетмайстраў М.Бежара, Р.Пці і інш.
т. 4, с. 28
ВАСІ́ЛЬЕЎ Уладзімір Сямёнавіч
(н. 12.10.1936, г. Віцебск),
бел. вучоны-інфекцыяніст. Д-р мед. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1960). З 1963 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1980 прарэктар). Навук. працы па клінічнай імуналогіі і прыкладной цытахіміі, дыягностыцы і лячэнні вірусных гепатытаў, інфекц. монануклеозе, менінгакокавай інфекцыі, сальманелёзах, дызентэрыі, трыхінелёзе і інш.
Тв.:
Водорастворимые витамины в инфекционной патологии. Мн., 1991 (разам з В.І.Комарам, А.Г.Майсяёнкам);
Практика инфекциониста. 2 изд. Мн., 1994 (разам з В.І.Комарам, У.М.Цыркуновым);
Немедикаментозное лечение инфекционных больных. Мн., 1996 (з імі ж).
т. 4, с. 28
ВАСІ́ЛЬЕЎ Фёдар Аляксандравіч
(22.2.1850, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 6.10.1873),
рускі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургу ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1866—67), у АМ (1871), зазнаў уплыў І.Шышкіна, быў блізкі да І.М.Крамскога. Ужо ў ранніх пейзажах, напісаных насычанымі фарбамі, адухоўленых і рамантычна ўзнёслых, вобразы рус. прыроды паэтычныя і глыбокія («Перад навальніцай», 1868—69, і інш.). Вынікам сумеснай паездкі на Волгу з І.Рэпіным (1870) сталі малюнкі і жывапісныя творы («Від на Волзе. Баржы»). Найб. значныя яго пейзажы («Адліга», 1871, «Мокры луг», 1872) маюць эпічны і велічны характар («У крымскіх гарах», 1873). У Нац. маст. музеі Беларусі карціны Васільева «Пейзаж» (1869), «Крым» і «Перад навальніцай» (абедзве 1873).
Літ.:
Мальцева Ф.С. Ф.А. Васильев, 1850—1873. М., 1984.
т. 4, с. 28
ВАСІ́ЛЬЕЎКА,
вёска ў Беларусі, у Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПдУ ад г. Добруш, 49 км ад Гомеля, 11 км ад чыг. ст. Церахоўка. 830 ж., 401 двор (1996). Цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. Сувязі.
т. 4, с. 29
ВАСІ́ЛЬЕЎСКІ Васіль Рыгоравіч
(2.2.1838, Яраслаўская вобл., Расія — 25.5.1899),
расійскі гісторык, візанцініст. Акад. Пецярбургскай АН (1890), праф. (1870). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). Паклаў пачатак вывучэнню сац.-эканам. гісторыі Візантыі. Абгрунтаваў тэзіс пра падабенства эвалюцыі сац. і паліт. ладу Візантыі і краін сярэдневяковага Захаду. Даказаў існаванне ў візант. вёсцы 8—9 ст. вольнай сял. абшчыны, вызначыў уплыў славян на грамадскі лад Візантыі. Звязваў гісторыю Візантыі з гісторыяй зах. і ўсх. свету. Зрабіў выснову, што паходы русаў на Візантыю пачаліся задоўга да з’яўлення на Русі нарманаў, што хрышчэнню Русі папярэднічаў яе ваен. саюз з Візантыяй. Даследаваў і выдаваў візант. крыніцы (жыціі святых). Заснавальнік і адзін з рэдактараў час. «Византийский временник» (1894).
Тв.:
Труды. Т. 1—4. СПб.; Л., 1908—30.
т. 4, с. 29
ВАСІ́ЛЬКА,
слонімскі князь 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1281. У саюзе з валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам і інш. князямі памагаў мазавецкаму кн. Кандрату (Конраду) у міжусобнай барацьбе з Баляславам Мазавецкім. Гэта адзінае сведчанне пра існаванне Слонімскага княства і яго князя.
т. 4, с. 29