Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВА́СІН (Уладзімір Паўлавіч) (н. 8.9.1923, в. Башкатава Мцэнскага р-на Арлоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1972), праф. (1973). Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію (1952). З 1955 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ Ленінграда, Масквы, Румыніі. З 1959 у Мінскім вышэйшым інж. радыётэхн. вучылішчы, з 1968 у БДУ, у 1977—93 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Асн. кірунак навук. дзейнасці — праблемы мілітарызму і мілітарызацыі эканомікі.

т. 4, с. 30

ВАСІЯ́Н ПАТРЫКЕ́ЕЎ Касы

(свецкае імя кн. Патрыкееў Васіль Іванавіч, каля 1470 — пасля 1531),

расійскі царк. і паліт. дзеяч, публіцыст. Прамы нашчадак Гедзіміна (па бацьку) і Васіля I Дзмітрыевіча (па маці). Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94, перагавораў аб міры. У рус.-швед. вайну 1495—99 ваявода, узначальваў паход на Выбарг (1496). За ўдзел у дынастычнай барацьбе на баку Дзмітрыя (унука Івана III) сасланы вял. кн. Васілём III Іванавічам у Кірыла-Белазерскі манастыр і прымусова пастрыжаны ў манахі (1499). Пасля смерці Ніла Сорскага (1508) кіраўнік несцяжацеляў. Вернуты са ссылкі каля 1509. Саветнік Васіля III. На царк. саборы 1531 асуджаны і абвінавачаны ў ерасі. Сасланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр, дзе і памёр. Аўтар 5 твораў («Збор нейкага старца», «Адказ кіраўскіх старцаў» і інш.), у якіх выступаў супраць манастырскага землеўладання, за дараванне віны ерэтыкам, што пакаяліся, і інш.

Літ.:

Казакова Н.А. Вассиан Патрикеев и его сочинения. М.; Л., 1960.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 30

ВАСКАБО́ЕЎ (Аляксандр Іванавіч) (н. 30.9.1944, в. Шашкі Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны-біяхімік. Д-р біял. н. (1983), праф. (1986). Скончыў БДУ (1968). З 1972 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі, з 1986 у Гродзенскім ун-це імя Я.​Купалы. Навук. працы па вывучэнні ферментаў біясінтэзу, кокарбаксілазы, па імабілізацыі мікраарганізмаў, якія ўдзельнічаюць у сінтэзе лізіну, па вывучэнні біяапрацоўкі поліамідных валокнаў мікраарганізмамі.

Тв.:

Биосинтез, деградация и транспорт фосфорных эфиров тиамина. Мн., 1987 (разам з І.​П.​Чарнікевічам);

Малы практыкум па фізіялогіі і біяхіміі раслін. Гродна, 1994 (разам з В.​М.​Туманавым).

т. 4, с. 31

ВАСКАБО́ЙНІКАЎ (Васіль Міхайлавіч) (н. 9.8.1923, г. Лебядзін Харкаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Харкаўскі вет. Ін-т (1948). З 1955 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (у 1968—73 прарэктар). Навук. працы па пытаннях барацьбы з ялавасцю і бясплоднасцю, укараненні ў практыку жывёлагадоўлі штучнага асемянення. Распрацаваў метады дыягностыкі і лячэння гінекалагічных хвароб с.-г. жывёл, даследаваў пытанні фізіялогіі і паталогіі родаў.

Тв.:

Борьба с яловостью коров. Мн., 1976 (разам з К.​Дз.​Валюшкіным, А.​С.​Церашэнкавым);

Маститы коров. Мн., 1981.

т. 4, с. 31

ВАСКАБО́ЙНЯ,

майстэрня для прыгатавання воску і вырабу з яго рэчаў, пераважна свечак. На Беларусі вядома з 16 ст. Звычайна невял. драўлянае збудаванне з каменнай або цаглянай печчу, у якую ўмуроўвалі кацёл для плаўкі воску. Расплаўлены воск выцякаў па спец. латаку і запаўняў разнастайныя формы. Свечкі рабілі абліваннем або аблепліваннем кнота воскам, працягваннем кнота праз ванну з воскам, адліўкай, прасаваннем. Паводле дакументаў 16—18 ст., васкабойні існавалі ў Полацку, Мінску, Оршы, Слуцку і інш. гарадах, мястэчках, фальварках, манастырах.

т. 4, с. 31

ВАСКАНЯ́Н (Арус Тыгранаўна) (10.5.1899, г. Стамбул, Турцыя — 20.7.1943),

армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1908 у Стамбуле. З 1910 выступала ў т-рах Баку, Тбілісі, з 1921 адна з вядучых актрыс Першага Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.​Сундукяна). Яе майстэрства адметнае сцэн. культурай, тонкай распрацоўкай дэталей, дакладнасцю сцэн. формы. Сярод роляў: Сона, Сусан («Злы дух», «Намус» А.​Шырванзадэ), Антыгона (аднайм. п’еса Сафокла), лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра), Кацярына, Кручыніна («Навальніца», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Марыя Мікалаеўна («Рускія людзі» К.​Сіманава).

т. 4, с. 31

ВА́СКА ДА ГА́МА (Vasco da Gama),

гл. Гама Васка да.

т. 4, с. 31

ВАСКО́ВАЯ МОЛЬ, агнёўка пчаліная вялікая (Galleria mellonella),

матыль сям. агнёвак. Пашырана ў Еўразіі, на Беларусі — у раёнах пчалярства. Актыўная на змярканні і ноччу.

Даўж 15—20 мм, размах крылаў 15—35 мм. Пярэднія крылы ў самкі фіялетава-шэрыя, у самца бураватыя, заднія шэрыя. Яйцы адкладвае ў шчыліны і смецце на дне вуллёў, на соты. Вусені (клочні) даўж. 14—18 мм брудна-белыя з карычневай галавой. Кормяцца арган. рэшткамі, потым воскам сотаў, коканамі пчол (ператвараюць іх у парахню). Ячэйкі сотаў аплятаюць павуцінай. Акукліванне ў коканах. За год 2—3 пакаленні. Вусені або яйцы зімуюць. Васковая моль шкодзіць пчалярству. Пры масавым размнажэнні пчаліныя сем’і гінуць.

Самец васковай молі.

т. 4, с. 31

ВАСКО́ВІКІ,

гл. ў арт. Стракачы.

т. 4, с. 31

ВАСКО́ВЫ ЖЫ́ВАПІС,

від жывапіснай тэхнікі, у якой сувязным рэчывам фарбаў з’яўляецца адбелены пчаліны воск. Не паддаецца ўздзеянню вільгаці і паветра і можа захоўвацца тысячагоддзямі. Існуюць гарачы (энкаўстыка) і халодны (васковая тэмпера) спосабы васковага жывапісу.

Энкаўстыка вядомая з часоў Стараж. Егіпта. У сярэднія вякі саступіла месца яечнай тэмперы. Адраджацца васковы жывапіс пачаў у эпоху Рэнесанса, асабліва пашырыўся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. васковы жывапіс выкарыстоўваўся пры рэстаўрацыйных работах, дубліраванні і рэтушы карцін і насценнага жывапісу.

Бел. мастакамі ў васковым жывапісе выкананы шэраг насценных размалёвак і карцін: «Навука» ў фае Ін-та кібернетыкі АН Беларусі (1971), «Стары і новы Вільнюс» у кінатэатры «Вільнюс» (1976; абедзве С.​Катковай і З.​Літвінавай), «Асветнікі» Г.​Вашчанкі ў Доме настаўніка (1976), «Мой край — Беларусь» І.​Кліменкі, А.​Ксяндзова, В.​Барабанцава ў б-цы Бел. эканам. ун-та (1978), «Заснавальнікі Беларускага універсітэта» У.​Самсонава ў корпусе ф-та журналістыкі БДУ, «Музыка» С.​Катовіча ў Рэсп. ліцэі пры Бел. акадэміі музыкі (абедзве 1980; усе ў Мінску) і інш. Сярод станковых работ у васковым жывапісе выкананы нацюрморты «Хлеб» і «Цыкламен» Вашчанкі (1966), «Дзяўчына ў чорным берэце» (1974) і «Партрэт Л.​Зяневіч» (1978) Літвінавай, «Партрэт дзяўчыны» (1977) і «Партрэт М.​Гусоўскага» (1980) Барабанцава, нацюрморт «Збаны і кветкі» В.​Ціханава (1980) і інш.

Да арт. Васковы жывапіс. З.​Літвінава, С.​Каткова. «Стары і новы Вільнюс». Насценная размалёўка ў кінатэатры «Вільнюс» у Мінску. 1976.

т. 4, с. 31