ВАСІЛЬКО́ЎСКІ Сяргей Іванавіч
(19.10.1854, г. Ізюм, Украіна — 7.10.1917),
украінскі жывапісец. У 1876—85 вучыўся ў Пецярбургскай АМ у М.Клота і У.Арлоўскага. Аўтар лірыка-эпічных пейзажаў, адметных мяккімі колеравымі спалучэннямі, жанравых і гіст. карцін («Раніца. Статак у стэпе», 1884, «Казацкі луг», 1893, «Казак і дзяўчына», 1894), манум. пано, альбомаў «З украінскай даўніны» (1900) і «Матывы ўкраінскага арнаменту» (1912, абодва разам з М.Самокішам).
Літ.:
Безхутрий М.М. Сергій Васильківський: Біогр. повість. Київ, 1979.
т. 4, с. 30
ВАСІ́ЛЬЧАНКА Глеб Віктаравіч
(н. 8.9.1927, г. Смаленск),
бел. вучоны ў галіне гідрамеліярацыі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў БПІ (1954). З 1961 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (г. Мінск). Навук. працы па тэорыі ўзаемадзеяння турбулентных патокаў з жорсткімі і дэфармавальнымі межамі, мадэляванні водных аб’ектаў і гідразбудаванняў на рэках Беларусі, Сібіры і Сярэдняй Азіі.
Тв.:
Воздействие потоков на мелиоративные и водохозяйственные сооружения. Мн., 1985.
т. 4, с. 30
ВАСІ́ЛЬЧАНКА (сапр. Панасенка) Сцяпан Васілевіч
(8.1.1879, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 11.8.1932),
украінскі пісьменнік. Скончыў Карастышаўскую настаўніцкую семінарыю (1898). Настаўнічаў. Асн. тэмы твораў — жыццё ўкр. дарэв. вёскі (зб-кі апавяданняў «Эскізы», 1911; «Апавяданні», 1915), праца нар. настаўніка (навелы «Вячэра», «Чароўная Галя», «Грэх»), падзеі 1-й сусв. вайны («Акопны дзённік», 1917, і інш.). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, фельетонаў, незакончанай аповесці пра Т.Шаўчэнку «У бур’янах» (апубл. 1938).
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1974.
Літ.:
Шумило Н.М. Проза Степана Васильченко. Київ, 1986.
В.А.Чабаненка.
т. 4, с. 30
ВАСІ́ЛЬ ІВА́НАВІЧ ШУ́ЙСКІ
(1522—12.9.1612),
рускі цар [1606—10]. З удзельных ніжагародска-суздальскіх князёў. Выбраны царом на Земскім саборы (19.5.1606) пасля забойства Лжэдзмітрыя І (гл. Ілжэдзмітрый І). Узмацніў прыгонніцтва, вызначыў тэрмін для пошуку беглых сялян — 15 гадоў, што паспрыяла задушэнню Балотнікава паўстання 1606—07. Для барацьбы з Ілжэдзмітрыем II і інтэрвенцыяй Рэчы Паспалітай заключыў саюз са швед. каралём Карлам IX (1609), якому аддаў г. Карэла (Кексгольм) з паветам. 24.6.1610 пацярпеў паражэнне ад войск польск. караля і вял. князя літ. Жыгімонта II Вазы. Палітыка Васіля Іванавіча Шуйскага выклікала незадаволенасць насельніцтва. 17.7.1610, напярэдадні ўступлення ў Маскву войск Рэчы Паспалітай, часткай баярства, сталічнага і правінцыяльнага дваранства скінуты з прастола і пастрыжаны ў манахі. Памёр у польск. палоне.
т. 4, с. 26
ВАСІ́ЛЬ ПАЛАЧА́НІН,
полацкі баярын 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146, калі разам з інш. баярамі браў удзел у міжусобных сварках паўд.-рускіх князёў. Гэта ўпамінанне сведчыць, што радаслоўная баярскіх родаў у Полацку бярэ пачатак з 12 ст.
т. 4, с. 26
ВАСІ́ЛЬ I Дзмітрыевіч
(30.12.1371, Масква — 27.2.1425),
вялікі князь маскоўскі [1389—1425]. Старэйшы сын Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Жанаты з Соф’яй, дачкой вял. князя літ. Вітаўта. Да Маскоўскага княства далучыў у 1392 Суздальска-Ніжагародскае і Мурамскае княствы, у 1397—98 — Волак Ламскі, Бежацкі Верх, Волагду, Вялікі Усцюг і землі комі. Для барацьбы з татарамі заключыў з ВКЛ саюз (1392), які распаўся ў сувязі з захопам Вітаўтам у 1403—04 Смаленска і Вязьмы.
т. 4, с. 26
ВАСІ́ЛЬ II Васілевіч Цёмны
(10.3.1415—27.3.1462),
вялікі князь маскоўскі [1425—62]. Сын Васіля І Дзмітрыевіча і Соф’і, дачкі вял. князя літ. Вітаўта. Амаль 30 гадоў ваяваў з кааліцыяй удзельных князёў, якою кіраваў галіцкі кн. Юрый Дзмітрыевіч і яго сыны. У 1446 аслеплены адным з іх, Шамякам (адсюль прозвішча Цёмны). Ліквідаваў большасць удзелаў у Маскоўскім княстве, умацаваў велікакняжацкую ўладу. Пры ім выбраны мітрапаліт (1448), рус. царква стала незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха.
т. 4, с. 26
ВАСІ́ЛЬ III Іванавіч
(25.2.1479, Масква — 4.12.1533),
вялікі князь маскоўскі [1505—33]. Сын Івана III і Соф’і Палеалог. Завяршыў аб’яднанне рус. зямель вакол Масквы. Пасля смерці вял. князя літ. Аляксандра (1506), які быў жанаты з сястрою Васіля III Аленай, дамагаўся, каб яго выбралі вял. князем у ВКЛ. У 1507—08 і 1512—22 ваяваў з ВКЛ. 1.8.1514 з дапамогай М.Глінскага ўзяў Смаленск, але 8 вер. ў Аршанскай бітве 1514 маск. войска было разбіта. Мірныя перагаворы 1517 не далі вынікаў, бо Васіль III патрабаваў далучэння да Маскоўскага княства Кіева, Віцебска, Полацка і інш. Паводле перамір’я 1522 Смаленск застаўся за Масквою.
т. 4, с. 26
ВАСІЛЯ́ БЛАЖЭ́ННАГА ХРАМ, Пакроўскі сабор, што на Рове,
помнік рускай архітэктуры. Пабудаваны ў 1555—60 у Маскве на Краснай плошчы дойлідамі Бармам і Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, адна і тая ж асоба) у гонар перамогі над Казанскім ханствам. Уключае 8 стоўпападобных цэркваў, згрупаваных вакол цэнтр. шатровага слупа і аб’яднаных агульным падмуркам і ўнутр. пераходамі. Вылучаецца маляўнічасцю і разнастайнасцю арх. формаў, багаццем і прыгажосцю дэкар. элементаў. У 1588 да сабора прыбудаваны прыдзел Васіля Блажэннага, у 1670-я г. ўзведзена шатровая званіца. Да канца 17 ст. храм — самая высокая пабудова ў Маскве (выш. больш за 60 м). Неаднаразова перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся.
Літ.:
Ильин М.А. Русское шатровое зодчество: Памятники середины XVI в. М., 1980. С. 63—74;
Памятники архитектуры Москвы: Кремль. Китай-город. Центральные площади. М., 1983. С. 395—403.
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 4, с. 30