Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВАСІ́ЛЬКА (сапр. Міляеў) Васіль Сцяпанавіч

(7.4.1893, с. Бурты Чаркаскай вобл., Украіна — 18.3.1972),

украінскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1912, рэжысёрскую — у 1920. У 1926—56 (з перапынкамі) узначальваў Адэскі ўкраінскі муз.-драм. т-р (у 1948—56 — гал. рэжысёр). Сярод роляў: Шпак і Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі), Бублік («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Банка («Макбет» У.​Шэкспіра), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля). Паставіў спектаклі: «За двума зайцамі» паводле М.​Старыцкага (1925), «У нядзелю рана зелле капала...» паводле В.​Кабылянскай (1955), «Гайдамакі» паводле Т.​Шаўчэнкі (1961) і інш. Арганізатар шэрагу тэатр. студый, заснавальнік тэатр. музея ў Кіеве (1924).

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА БАРЫ́САВІЧ,

князь полацкі 13 ст. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.​М.​Тацішчава пад 1217—18 як сын полацкага кн. Барыса Давыдавіча і брат Вячкі. Разам з апошнім атрымаў ад бацькі ў трыманне Дзвінскую воласць (землі па Зах. Дзвіне). Пад 1218 упамінаецца як полацкі князь. Некаторыя гісторыкі ставяць пад сумненне верагоднасць звестак Тацішчава.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА БРАЧЫСЛА́ВАВІЧ,

ізяслаўскі (заслаўскі), магчыма і стрэжаўскі князь 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі разам з чарнігаўскімі князямі Яраславам Усеваладавічам і Ігарам Святаславічам, а таксама з віцебскім кн. Брачыславам Васількавічам, полацкім кн. Усяславам Васількавічам і лагожскім (лагойскім) кн. Усяславам Мікулічам, атрадам Літвы і ліваў удзельнічаў у вял. паходзе на Друцк, які знаходзіўся ў сферы ўплыву смаленскіх князёў, што варагавалі з паўд.-рускімі князямі.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА ВАЛАДА́РАВІЧ,

лагожскі (лагойскі) князь 12 ст. У 1186 разам са смаленскім кн. Давыдам, яго сынам наўгародскім кн. Мсціславам і друцкім кн. Усяславам удзельнічаў у паходзе на Полацк. Полацкае веча вырашыла дамагацца мірнага ўрэгулявання канфлікту: палачане сустрэлі праціўнікаў з пашанай і паклонамі, далі ім шмат дароў; тыя, атрымаўшы ўзнагароду, згадзіліся на мір.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА РАМА́НАВІЧ (1199—1271; паводле інш. звестак 1203—69),

князь уладзіміра-валынскі; канчаткова замацаваўся на гэтай пасадзе ў 1241. У паліт. справах выступаў разам з братам Данілам Раманавічам. У 1246 і 1247 яны разбілі каля Пінска атрады Літвы, якія нападалі на Валынскую зямлю. У 1249 войска Васількі Раманавіча ўдзельнічала ў паходзе на Новагародскую зямлю праз Ваўкавыск, у 1251 на Новагародак і Гарадзен (Гродна). У 1258 Васілька Раманавіч разам з татарскім ваяводам Бурундаем ваяваў Літоўскую (верхняе Панямонне) і Нальшчанскую (ПнЗ Беларусі) землі. У 1264 войска Васількі Раманавіча дапамагала кн. Войшалку ў заваяванні Дзяволтвы і Нальшчанаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА СВЯТАСЛА́ВІЧ,

полацкі князь 12 ст. Сын Святаслава Усяславіча, брат Прадславы (Ефрасінні Полацкай). Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1132, калі полацкае веча прагнала навязанага Полацку кн. Святаполка Мсціславіча і выбрала Васільку Святаславіча на трон. З імем Васількі Святаславіча звязана ўсталяванне ў Полацку прынцыпу выбарнасці князя вечам. У 1143 выдаў дачку Марыю замуж за Святаслава Усеваладавіча.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА ЯРАПО́ЛЧЫЧ,

князь драгічынскі і нурскі 12 ст. Сын бужскага кн. Яраполка Ізяславіча. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.​М.​Тацішчава пад 1182 як валадар гарадоў Драгічын і Нур на р. Зах. Буг. Захапіў Бярэсце (Брэст) у мінскага кн. Уладзіміра Валадаравіча, аднак той з дапамогай полацкіх войск вярнуў горад і ўварваўся ва ўладанні Васількі. Тады Васілька Яраполчыч ўцёк да цесця, польскага кн. Лешка, з яго дапамогай вярнуў свае землі, але быў выгнаны ўладзіміра-валынскім кн. Раманам Мсціславічам.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 29

ВАСІЛЬКО́Ў (Іосіф Георгіевіч) (11.3.1879, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 23.8.1942),

бел. батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1904). У 1920—29 праф., заг. кафедры ў Горацкай с.-г. акадэміі. З 1934 у Ін-це біялогіі АН Беларусі. Аўтар прац па флоры Каўказа, Казахстана, Еўрапейскай ч. Расіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Флора БССР».

Тв.:

Матэрыялы да флоры Горацкага раёна // Праца навук т-ва па вывучэнні Беларусі пры Бел. дзярж. акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках. 1927. Т. 3.

т. 4, с. 29

ВАСІЛЬКО́Ў (Мікалай Карнілавіч) (6.5.1902, Віцебск — 4.7.1973),

савецкі ваенны дзеяч, ген.-лейтэнант артылерыі (1954). Скончыў Ваенна-тэхн. акадэмію імя Дзяржынскага (1931). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У 1934—36 выкладаў у Ваен. артыл. акадэміі імя Дзяржынскага. У Вял. Айч. вайну на Сталінградскім, Варонежскім, Цэнтр., 1-м Укр., Паўд., 1-м Бел. франтах: камандзір асобнай брыгады, корпуса ППА. З 1945 на адказных пасадах у войсках ППА краіны. У 1959—62 нам. начальніка Ваен. каманднай акадэміі ППА.

т. 4, с. 29

ВАСІЛЬКО́ЎКА,

археалагічныя помнікі (гарадзішча, курганны могільнік) штрыхаванай керамікі культуры (7—6 ст. да н.э. — 4—5 ст.) каля в. Васількоўка Лагойскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы, умацаваным 2 кальцавымі валамі і ровам паміж імі, выяўлены рэшткі жылых і гасп. пабудоў слупавой канструкцыі; сярод знаходак фрагменты гліняных пасудзін, прасліцы, жал. сярпы, шылы, абломкі каменнай сякеры і грузіка дзякоўскага тыпу. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; знойдзены невял. гаршчок конусападобнай формы.

т. 4, с. 29