МАНАПО́ЛЬНАЯ ЦАНА́,
від рыначнай цаны, які ўстанаўліваецца пад уплывам панавання манапалістаў на рынку дадзенага тавару, таксама пад уплывам попыту і прапановы. З’яўляецца вынікам згоды паміж манапалістамі і вызначаецца, зыходзячы з разліку атрымання найбольшага прыбытку ад продажу тавараў. Можа ўстанаўлівацца манаполіямі вышэй або ніжэй за кошт тавару.
т. 10, с. 59
МАНАПО́ЛЬНЫ ПРЫБЫ́ТАК,
доўгатэрміновы звышпрыбытак, які атрымліваюць манаполіі ў працэсе вытв-сці і продажу тавараў.
т. 10, с. 59
МАНАПО́ЛЬ МАГНІ́ТНЫ,
гіпатэтычны фіз. аб’ект, які некат. сваімі ўласцівасцямі нагадвае ізаляваны магн. полюс. Існаванне М.м. парушае інварыянтнасць адносна адлюстравання прасторы і абарачэння часу, дазваляе растлумачыць дыскрэтнасць эл. зараду, пабудаваць мадэль канфайнменту кваркаў (існаванне іх толькі ў звязаным стане), прадказаць імавернасць распаду пратона, і шэраг інш., у т. л. касмалагічных, эфектаў.
Адпавядае аднайм. тапалагічна-нетрывіяльнаму рашэнню ўраўненняў калібровачнай тэорыі поля. У лінейнай тэорыі манапольныя рашэнні пабудаваны П.Дзіракам (1931, 1948), у нелінейнай — незалежна рас. вучоным А.М.Паляковым і галандскім вучоным Г.Хоафтам (1974). Эфектыўныя манапольныя канфігурацыі адыгрываюць істотную ролю ў параметрычнай дынаміцы класічных і квантавых сістэм. Пошук М.м. вядзецца ва ўсіх тэхн. дасягальных інтэрвалах адлегласцей і энергій.
Літ.:
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;
Shnir Ya.M., Tolkachev E.A., Tomil’chik L.M. P-violating magnetic monopole influence on the behaviour of the atom-like System in external fields // International Journal of Modem Physics A. 1992. Vol. 7, № 16.
Я.А.Талкачоў, Л.М.Тамільчык.
т. 10, с. 59
МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),
сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл. таксама Манаполія, Алігаполія, Алігапсонія.
т. 10, с. 59
МА́НАР (англ. manor ад лац. maneo астаюся, пражываю),
назва феад. вотчыны ў сярэдневяковай Англіі. Сфарміраваўся ў 11—12 ст. Складаўся з дамена — зямлі, на якой уласную гаспадарку землеўладальніка-лорда вялі юрыд. падсудныя яму прыгонныя сяляне-віланы, зямлі трымальнікаў — віланаў і вольных сялян, а таксама абшчынных угоддзяў. З развіццём капіталіст. адносін і знікненнем катэгорыі віланаў (15—16 ст). М. паступова перараджаўся і ў 18 ст. канчаткова знік.
т. 10, с. 59
МАНА́РАЎ (Муса Хіраманавіч) (н. 22.3. 1951, Баку),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1988, 1991), лётчык-касманаўт СССР (1988). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1974). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 21.12.1987—21.12.1988 з У.Г.Цітовым і А.С.Леўчанкам здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз ТМ-4» і арбітальнай станцыі «Мір» (вярнуўся на Зямлю на касм. караблі «Саюз ТМ-6»), 2.12.1990—26.5.1991 з В.М.Афанасьевым — палёт (як борт-інжынер) на касм. караблі «Саюз ТМ-11» і арбітальнай станцыі «Мір». У космасе правёў 541 сут.
т. 10, с. 60
МАНА́РХ (грэч. monarchos ад monos адзін + archos правіцель),
аднаасобны кіраўнік дзяржавы, які ажыццяўляе ўладу паводле ўласнага права, а не ў дэлегаваным парадку. Улада М. з’яўляецца, як правіла, пажыццёвай і перадаецца ў спадчыну. Ва ўсіх манархічных краінах М. паводле закону — недатыкальная асоба. У розных краінах М. маюць розныя назвы: кароль — у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Даніі, Швецыі, Бельгіі; султан — у Малайзіі, Брунеі, Амане, эмір — у Кувейце, Аб’яднаных Араб. Эміратах, вял. герцаг — у Люксембургу, князь — у Ліхтэнштэйне. Гл. таксама Манархія.
т. 10, с. 60
МАНАРХІ́ЗМ (ад мана... + грэч. orchis яечка),
адсутнасць аднаго яечка ў мужчын; анамалія развіцця. Часам спалучаецца з прыроджанай адзінай процілеглай ныркай.
т. 10, с. 60
МАНА́РХІЯ (ад грэч. monarchia адзінаўладдзе),
форма праўлення, пры якой кіраўніком дзяржавы з’яўляецца манарх. Яго ўлада, як правіла, з’яўляецца пажыццёвай і перадаецца ў парадку прастоланаследдзя. Захоўваюцца 2 гіст. тыпы М. — абсалютная і канстытуцыйная. Абсалютная М. характарызуецца юрыд. і фактычным сканцэнтраваннем усёй паўнаты дзяржаўнай, а таксама духоўнай (рэліг.) улады ў руках манарха. У наш час у свеце 8 краін з абсалютнай М.: ААЭ, Аман, Бахрэйн, Бруней, Ватыкан, Катар, Кувейт, Саудаўская Аравія. Пры канстытуцыйнай М. ўлада манарха абмежавана канстытуцыяй, ёсць выбарны заканад. орган — парламент і незалежныя суды; манарх пазбаўлены права самастойна ажыццяўляць фармальна захаваныя за ім паўнамоцтвы, і ўсе акты, што зыходзяць ад яго імя, патрабуюць ухвалення кабінета міністраў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які нясе адказнасць перад парламентам. Прыкладам такой М. з’яўляецца Вялікабрытанія. Асобая разнавіднасць М. — выбарная, якая спалучае элементы М. і рэспублікі. Такая М. існуе ў Малайзіі.
т. 10, с. 60
МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),
верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.Панчанкі, «Лірычны жарт» С.Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.Вярцінскага:
Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!
В.П.Рагойша.
т. 10, с. 60