Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«РУСЛА́Н»,

Ан-124, транспартны (грузавы) самалёт. Створаны ў 1980-я г. ў КБ А.К.Антонава. Мае 4 турбавентылятарныя рухавікі з узлётнай цягай кожнага па 230 кН. Узлётная маса 405 т, скорасць 800—850 км/гадз, далёкасць палёту 16,5 тыс. км. Можа перавозіць груз 150 т на адлегласць 4500 км.

Самалёт Ан-124 «Руслан».

т. 13, с. 470

РУСЛА́НАВА (Лідзія Андрэеўна) (27.10.1900, с. Чарнаўка Саратаўскай вобл., Расія — 20.9.1973),

расійская эстр. спявачка (кантральта). Засл. арт. Расіі (1942). Выступаць пачала ў 1917. З 1933 артыстка муз.-эстр. ўпраўлення Дзярж. аб’яднання муз., эстр. і цыркавых прадпрыемстваў. У 1945 рэпрэсіравана. З 1953 артыстка Усерас. гастрольна-канцэртнага аб’яднання. Дасканала валодала майстэрствам імправізацыі. Гал. месца ў рэпертуары займалі рус. нар. песні, якія выконвала распеўна, з праніклівай сардэчнасцю, лірызмам і гумарам. Аднавіла (аўтар) многія нар. песні, у т. л. «Валёнкі». Першая выканаўца многіх песень рас. кампазітараў, у т. л. «Кацюшы» М.​Блантэра. У 1967 разам з Л.​Уцёсавым, К.​Шульжэнка і М.​Бернесам узначаліла 1-ы Усесаюзны фестываль сав. песні.

Літ.:

Л.​Русланова в воспоминаниях современников. М., 1981.

т. 13, с. 470

РУСЛО́ ((Rousselot) Жан П’ер) (14.10.1846, Сен-Кло, Францыя — 16.12.1924),

французскі мовазнавец; заснавальнік эксперым. фанетыкі, адзін са стваральнікаў лінгвістычнай геаграфіі. Да 1887 кюрэ і вікарый. З 1887 праф.-асістэнт франц. філалогіі ў Каталіцкім ін-це (Парыж), у якім у 1889 стварыў і ўзначаліў кафедру эксперым. фанетыкі, а ў 1921 — у Калеж дэ Франс (з 1923 праф. у ім). Распрацаваў метады развіцця мовы ў глуханямых і пазбаўлення ад моўных дэфектаў, сканструяваў шэраг фанет. прылад. Аўтар прац «Даследаванні па эксперыментальнай фанетыцы» (1891), «Фанетычныя змяненні мовы...» (1892), «Асноўныя прынцыпы эксперыментальнай фанетыкі» (т. 1—2, 1897—1901, 2-е выд. 1924) і інш. Заснавальнік Франц. дыялекталагічнага т-ва (1893).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 470

РУСО́ ((Rousseau) Анры Жульен Фелікс) (Русо Мытнік; 20.5.1844, г. Лаваль, Францыя — 2.9.1910),

французскі жывапісец, прадстаўнік інсітнага мастацтва. Служыў на парыжскай мытні (адсюль мянушка). З 1880-х г. капіраваў карціны ў маст. музеях. З 1886 выстаўляў свае творы ў «Салоне незалежных» і пры падтрымцы постімпрэсіяністаў набыў вядомасць. Творы вызначаюцца наіўнай непасрэднасцю, вобразнай метафарычнасцю, плоскаснасцю і дакладнасцю форм, яркім стракатым каларытам. Аўтар фантаст. карцін, навеяных экзотыкай далёкіх краін: «Цыганка спіць» (1897), «Тыгр атакуе разведчыкаў» (1904), «Адпачынак ільва», «Фламінга» (абедзве 1907), «У трапічным лесе. Бітва тыгра і быка» (1908), «Ягуар нападае на негра» (1909), «Ягуар нападае на каня», «Каскад» (абедзве 1910). Пісаў краявіды Парыжа («Карнавальны вечар», 1886, «Прагулка ў лесе», каля 1886—90; «Від парку Мансуры», 1895; «Булонскі лес», 1898), алегарычныя творы патрыят. тэматыкі («Стагоддзе Незалежнасці», 1892; «Артылерысты», каля 1893; «Вайна», 1894; «Сон», 1910), партрэты, у якіх падкрэслена шматзначнасць асобы, абвостраная сувязь вонкавага аблічча з таемнымі захапленнямі (аўтапартрэт, 1890; «Партрэт Лаці»; «Муза натхняе паэта», 1909), сцэны з нар. жыцця («Вяселле ў вёсцы», 1905) і інш. Пісаў музыку. Творчасць Р. паўплывала на развіццё прымітывізму.

Я.​Ф.​Шунейка.

А.Русо. Цыганка спіць. 1897.

т. 13, с. 470

РУСО́ ((Rousseau) Жан Жак) (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),

французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.

На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.​Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.​Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.​Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.​К.​Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.​Ясінскага і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;

Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;

Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.

Літ.:

Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;

Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 470

РУСО́ ((Rousseau) П’ер Эцьен Тэадор) (15.4.1812, Парыж — 22.12.1867),

французскі жывапісец; вядучы майстар барбізонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Ш.​Рэмона і Г.​Лецьера. Зазнаў уплывы Я. ван Ройсдала, Дж.​Констэбла, К.​Ларэна. З 1830-х г. жыў у Барбізоне. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, паказаў самабытны характар нац. ландшафту пры розным стане прыроды і святлопаветранага асяроддзя. Творы вызначаюцца ўраўнаважанасцю і манументальнасцю кампазіцыі, стрыманым каларытам, адчуваннем матэрыяльнасці свету: «Кірмаш у Нармандыі» (каля 1832), «Алея каштанаў» (1837), «Балота ў Ландах», «Дубы» (абодва каля 1852), «Від у Барбізоне» і інш. Аўтар малюнкаў і афортаў.

Літ.:

Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.

Я.​Ф.​Шунейка.

Т.Русо. Дубы. Каля 1852.

т. 13, с. 471

«РУ́ССКАЯ СТАРИНА́»,

гістарычны часопіс, які выходзіў у 1870—1918 у Пецярбургу штомесячна. Яго рэдактарамі былі М.І.Сямеўскі (з 1870) пры ўдзеле В.І.Сямеўскага, М.К.Шыльдэр (з 1892), М.Ф.Дубровін (1896—1904), С.​П.​Зыкаў і інш. Публікаваў афіц. дакументы, аўтабіяграфіі, мемуары, лісты паліт. і грамадскіх дзеячаў, раней не выдадзеныя творы рус. пісьменнікаў. У ім упершыню пачалі друкавацца матэрыялы па гісторыі рэв. руху ў Расіі, у т. л. пра дзекабрыстаў. Змяшчаў гравюры, малюнкі, гал. ч. партрэты і факсіміле.

т. 13, с. 471

«РУ́ССКИЙ АРХИ́В»,

гістарычны часопіс, які штомесячна выдаваўся ў 1863—1917 у Маскве. Засн. археографам П.​І.​Барценевым. Публікаваў дакумент. матэрыялы па гісторыі Расіі і рус. л-ры пераважна 18—19 ст., успаміны, дзённікі, запісныя і памятныя кніжкі, прыватную перапіску, выяўленыя літ. творы. Змяшчаў матэрыялы па гісторыі грамадскай думкі, асабліва па славянафільстве.

т. 13, с. 471

«РУ́ССКИЙ ФИЛОЛОГИ́ЧЕСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

філалагічны і навукова-педагагічны часопіс. Выдаваўся ў 1879—1917 у Варшаве на рус. мове па 4 кніжкі ў год. Першыя рэдактары — праф. Варшаўскага ун-та М.​А.​Коласаў і А.​І.​Смірноў (з 1880), з 1905 гал. рэдактар Я.Ф.Карскі. Часопіс друкаваў матэрыялы і даследаванні па мове, нар. паэзіі і стараж. л-ры славян, пераважна рускай, крытычныя матэрыялы, нататкі, рэцэнзіі, бібліяграфію, хроніку. Асвятляў праблемы педагогікі, рабіў агляды падручнікаў.

У часопісе ўдзельнічалі вядучыя вучоныя: І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф.​І.​Буслаеў, Дз.​К.​Зяленін, Б.​М.​Ляпуноў, У.​Ф.​Мілер, І.​Поліўка, А.​І.​Сабалеўскі, І.​І.​Сразнеўскі, П.​Ф.​Фартунатаў, А.​А.​Шахматаў і інш. Значную навук. каштоўнасць маюць працы А.​А.​Патабні «Агляд паэтычных матываў калядак і шчадровак» (1884—87), М.​Халанскага «Велікарускія быліны Кіеўскага цыкла» (1884—85), М.​Ф.​Сумцова «Эцюды пра Пушкіна» (1893—97), Карскага «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.» (1884—85), «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.» (1889), «Да гісторыі гукаў і форм беларускай мовы» (1890—93), «Да пытання аб межах беларускай гаворкі» (1905) і інш., А.​В.​Ветухова «Замовы, заклінанні, засцярогі і іншыя віды народнага лячэння, заснаваныя на веры ў моц слова» (1904—05), Р.​М.​Волкава «Народная драма «Цар Максімілян» (1912), нататкі У.​Дабравольскага і інш. Друкаваліся паказальнікі апублікаваных у часопісе работ, складзеныя па дзесяцігоддзях (напр., 1879—88, 1888—98 і г.д.). Часопіс адыграў важную ролю ў развіцці бел. літ.-знаўства, мовазнаўства і фалькларыстыкі.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 471

РУСТ (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны),

спосаб апрацоўкі каменю або імітаванага пад камень абліцовачнага матэрыялу, пры якім кожны камень ці яго імітацыя вылучаюцца перыметральным кантам рознай формы. У залежнасці ад спосабу апрацоўкі выпуклай паверхні каменнага блока, абліцовачнай пліты або іх імітацыі ў тынкоўцы Р. бывае гладкі або фактурны. Выкарыстоўваецца для рустыкі сцен будынкаў.

т. 13, с. 471