РУСО́ ((Rousseau) П’ер Эцьен Тэадор) (15.4.1812, Парыж — 22.12.1867),

французскі жывапісец; вядучы майстар барбізонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Ш.​Рэмона і Г.​Лецьера. Зазнаў уплывы Я. ван Ройсдала, Дж.​Констэбла, К.​Ларэна. З 1830-х г. жыў у Барбізоне. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, паказаў самабытны характар нац. ландшафту пры розным стане прыроды і святлопаветранага асяроддзя. Творы вызначаюцца ўраўнаважанасцю і манументальнасцю кампазіцыі, стрыманым каларытам, адчуваннем матэрыяльнасці свету: «Кірмаш у Нармандыі» (каля 1832), «Алея каштанаў» (1837), «Балота ў Ландах», «Дубы» (абодва каля 1852), «Від у Барбізоне» і інш. Аўтар малюнкаў і афортаў.

Літ.:

Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.

Я.​Ф.​Шунейка.

Т.Русо. Дубы. Каля 1852.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)