Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛІ́ЧНЫ СКЛОН,

гл. ў арт. Клічная форма.

т. 8, с. 347

КЛІ́ШЧАНКА (Анатоль Пятровіч) (н. 1.9.1946, г. Калінінград, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1995), праф. (1996). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе. Навук. працы ў галіне нелінейнай оптыкі і лазернай фізікі. Распрацаваў спектральна-палярызацыйныя метады вызначэння тыпаў і механізмаў нелінейных працэсаў у малекулярных сістэмах.

Тв.:

Физический практикум. Мн., 1986 (у сааўт.);

Обобщенный метод описания формирования поляризованного излучения в лазерах на растворах красителей (разам з Л.​І.​Буравым, А.​П.​Лістападам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 5.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 8, с. 347

КЛІШЭ́ (франц. cliché),

1) друкарская форма высокага друку, прызначаная для паліграф. ўзнаўлення ілюстрацый, а часам і тэксту.

Бываюць штрыхавыя (атрымліваюць са штрыхавога арыгінала з элементамі аднолькавай насычанасці — з чарцяжоў, рысункаў пяром і інш.), растравыя (атрымліваюць з паўтонавых выяў з элементамі рознай насычанасці — з фатаграфій, акварэльных малюнкаў і да т.п.) і камбінаваныя. Вырабляюць К. фотамеханічным (гл. Аўтатыпія), электрамеханічным (гравіраваннем металу) спосабамі і фотаполімерызацыяй (уздзеяннем святла на палімерныя матэрыялы, з якіх утвараюцца друкарскія элементы). К. звычайна робяць з дробнакрышталічнага цынку (гл. Цынкаграфія), магнію, часам з медзі і алюмінію. З аднаго К. атрымліваюць да 1 млн. адбіткаў.

2) Хадзячы (стэрэатыпны) выраз, які механічна ўзнаўляецца (ужываецца) у тыповых моўных кантэкстах і сітуацыях; шаблонная (збітая) фраза. Гл. таксама Штамп.

т. 8, с. 347

КЛІШЭ́ВІЧ (Уладзімір Сідаравіч) (12.3.1914, в. Краснадворцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 14.11.1978),

бел. паэт. Скончыў педкурсы ў Слуцку, вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1933—36). У 1936 беспадстаўна арыштаваны, у 1937 сасланы на Калыму. У 1939 вернуты ў мінскую турму на даследаванне. У Вял. Айч. вайну жыў у Слуцку, служыў нам. старшыні гаруправы, рэдагаваў «Газэту Случчыны». З 1944 у Германіі, з 1948 жыў у г. Лос-Анджэлес (ЗША). Рэдагаваў ратапрынтны час. «Беларус у Амерыцы», выкладаў у каледжы. Друкаваўся з 1931. У вайну змяшчаў вершы ў выданнях «Беларуская газэта» (Мінск), «Новы шлях» (Рыга), «Беларускі работнік» і «Раніца» (Берлін). Яго творы ў калектыўных зб-ках «Песняры Случчыны» (1943, Слуцк), «Ля чужых берагоў» (1955, Мюнхен). У паэме «Васіль Каліна» (1965, Лондан) паказаў жыццё вёскі ў перыяд калектывізацыі, масавыя рэпрэсіі супраць сялян і інтэлігенцыі. Паэма «Шлях у светлае» прысвечана гісторыі БССР і СССР.

Тв.:

Далячынь: Вершы. Саўт-Рывер, 1964;

Сняцца дні мне залатыя. Мн., 1973;

[Вершы] // Туга па Радзіме. Мн., 1992.

А.​В.​Мальдзіс, Б.​І.​Сачанка.

т. 8, с. 347