ГРЫ́НВІЧ,
Грынуіч (Greenwich), горад у Вялікабрытаніі, у ніжнім цячэнні р. Тэмза. З 1964 гар. акруга Вял. Лондана. Каля 250 тыс. ж. (1994). Праз Грынвіч праходзіць Грынвіцкі мерыдыян. Астранамічная абсерваторыя (засн. ў 1675), у 1953 перанесена ў замак Хёрстмансо (15 ст.), за 70 км на ПдУ. У Грынвічы Нац. марскі музей.
т. 5, с. 482
ГРЫНЕ́ВІЧ Антон Антонавіч
(3.5.1877, фальварак Іваноўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ. — 8.12.1937),
збіральнік і папулярызатар бел. муз. фальклору, выдавец, педагог, кампазітар. З 1896 жыў у Пецярбургу, служыў у дэпартаменце гандлю і промыслу. З 1906 чл. бел. выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1910 заснаваў прыватнае выдавецтва (гл. Грыневіча выдавецтва). У 1919 у Мінску, заг. Бел. нар. дома, выкладчык музыкі ў школе, у бел. гімназіі. З 1920 у Вільні, у кааператыве друкароў. Выдаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік» (абодва 1920). У апошнім акрамя нар. песень змясціў і свае муз. творы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, Г.Леўчыка. У 1921 зняволены ў лукішскую турму. У 1922—23 сакратар Т-ва бел. школы, выкладчык музыкі ў Віленскай бел. гімназіі. У 1923 выдаў бел. падручнік па музыцы «Навука спеву», у 1925 — «Дзіцячы спеўнік». З 1925 жыў у Мінску, быў сакратаром муз. падсекцыі Інбелкульта, старшынёй песеннай камісіі. Зрабіў каля 300 запісаў нар. меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне. У 1928—33 жыў у Гарадку, Віцебску. 6.9.1933 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Частка фалькл. архіва Грыневіча за 1906—24 у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі.
Літ.:
Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;
Каруза П. Музычная спадчына Антона Грыневіча // Мастацтва Беларусі. 1983. № 9.
А.С.Ліс.
т. 5, с. 483
ГРЫНЕ́ВІЧ Клім Лазаравіч
(18.2.1912, в. Шасцёраўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 3.3.1941),
бел. паэт. Працаваў на будоўлях, карэктарам у друкарні, літсупрацоўнікам газ. «Рабочий», сакратаром рэсп. ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. З 1932 вучыўся ў Мінскім Вышэйшым пед. ін-це. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны і высланы ў Казахстан, дзе працаваў настаўнікам. Служыў у арміі. Хварэў на сухоты. Пераехаў у г. Балагое (Цвярская вобл.), дзе настаўнічаў, завочна вучыўся ў Ленінградскім пед. ін-це (1937—41). Там і памёр. Друкаваўся з 1929. Выдаў кн. паэзіі «На бераг» (1932). У лірычных вершах — хараство прыроды, любоў да Радзімы, жыццё вёскі. Некат. не пазбаўлены шчырасці, лірызму, душэўных перажыванняў, здольнасці тонка адчуваць красу прыроды.
Літ.:
Пруднікаў П. Далёкае і блізкае // Пруднікаў П. Мая магістраль. Мн., 1981.
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 483
ГРЫНЕ́ВІЧ Тамаш Міхайлавіч
(1815 — 28.7.1863),
кіраўнік атрада ў час паўстання 1863—64. Уладальнік маёнтка Верхняя Тошчыца ў Рагачоўскім пав. У 1834—44 на ваен. службе. Выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-ротмістра і пасяліўся на радзіме. У крас. 1863 арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім пав. Атрад не паспеў разгарнуць актыўных дзеянняў, быў рассеяны паблізу в. Верхняя Тошчыца войскамі, якім дапамагалі сяляне. Паводле прыгавору суда, зацверджанага М.М.Мураўёвым, публічна расстраляны ў Рагачове. Прататып Усяслава Грынкевіча ў рамане У.Караткевіча «Нельга забыць».
Г.В.Кісялёў.
т. 5, с. 483
ГРЫНЕ́ВІЧА ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прыватнае бел. выдавецтва ў Пецярбургу ў 1910—13. Засн. А.А.Грыневічам. Спецыялізавалася на выпуску твораў маст. л-ры і нац. муз. фальклору. Выдала каля 10 кніг агульным тыражом 28 тыс. экз., у т. л. «Беларускія песні з нотамі» Грыневіча (т. 1—2, 1910—12, з А.Зязюлем), зб. вершаў «Гусляр» (1910) і драм. паэму «Адвечная песня» (1912) Я.Купалы, творы Я.Коласа, У.Галубка.
Літ.:
Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 179—190.
т. 5, с. 483
ГРЫНКЕ́ВІЧ Станіслаў Сымонавіч
(2.2.1902, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 25.7.1945),
бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, літаратар. Скончыў мед. ф-т Пазнанскага ун-та. Працаваў у клініках Познані, Хорашча (Беластоцкае ваяв.), Вільні. Быў чл. Бел. нац. к-та, Бел. навук, т-ва. У 1931—36 віцэ-старшыня ЦК Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Друкаваўся ў час. «Студэнцкая думка», «Калоссе», газ. «Беларуская крыніца» і інш. Аўтар працы «Народ», кн. «Аб тэатры» (абедзве 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), эсэ «У братоў украінцаў» (1936). Праца Грынкевіча «Асвета» (1936) была канфіскавана, а аўтар арыштаваны польск. ўладамі. Пераклаў з лац. мовы на бел. кн. «Следам за Хрыстом» Т.Кэмпійскага. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у рабоце Віленскага бел. нац. к-та, супрацоўнічаў у газетах «Раніца», «Беларускі работнік», «Беларускі студэнт». У 1944 арыштаваны, 18.5.1945 ваен. трыбуналам Бел.-Літ. ваен. акругі прыгавораны да расстрэлу.
А.С.Ліс, А.М.Пяткевіч, І.І.Трацяк.
т. 5, с. 483
ГРЫНКЕ́ВІЧ Францішак
(5.10.1884, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 26.7.1933),
бел. рэліг. і культ. дзеяч. Скончыў духоўныя Віленскую семінарыю (1905) і Пецярбургскую акадэмію (1907). У 1907 пасвячоны ў ксяндзы. З 1909 законавучыцель у гімназіях, настаяцель пры кляштары брыгітак у Гродне. У 1909—12 кіраўнік Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1932 капелан касцёла ў Гродне. Пераклаў з лац. мовы на бел. «Часіны Прачыстай Дзевы».
А.М.Пяткевіч, І.І.Трацяк.
т. 5, с. 483
ГРЫНКІ́,
вёска ў Нязбодзіцкім с/с Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр калгаса. За 10 км на Пд ад гар. пас. і чыг. ст. Свіслач, 106 км ад Гродна. 725 ж., 321 двор (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 5, с. 483