ГРЫНЕ́ВІЧ Клім Лазаравіч
(18.2.1912, в. Шасцёраўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 3.3.1941),
бел. паэт. Працаваў на будоўлях, карэктарам у друкарні, літсупрацоўнікам газ. «Рабочий», сакратаром рэсп. ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. З 1932 вучыўся ў Мінскім Вышэйшым пед. ін-це. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны і высланы ў Казахстан, дзе працаваў настаўнікам. Служыў у арміі. Хварэў на сухоты. Пераехаў у г. Балагое (Цвярская вобл.), дзе настаўнічаў, завочна вучыўся ў Ленінградскім пед. ін-це (1937—41). Там і памёр. Друкаваўся з 1929. Выдаў кн. паэзіі «На бераг» (1932). У лірычных вершах — хараство прыроды, любоў да Радзімы, жыццё вёскі. Некат. не пазбаўлены шчырасці, лірызму, душэўных перажыванняў, здольнасці тонка адчуваць красу прыроды.
Літ.:
Пруднікаў П. Далёкае і блізкае // Пруднікаў П. Мая магістраль. Мн., 1981.
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)