Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЯЛІ́КАЯ ЛЯБЁДКА,

рака ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток Лебяды (бас. Нёмана). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 76 км². Пачынаецца каля в. Падгалішкі, цячэ па раўніннай мясцовасці, у сярэднім цячэнні месцамі па забалочанай пойме. Ад вытоку на працягу 12,1 км каналізаваная.

т. 4, с. 381

ВЯЛІ́КАЯ МАШЧАНІ́ЦА,

вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Аслік, на аўтастрадзе Магілёў—Мінск. Цэнтр Машчаніцкага с/с і саўгаса. За 8 км на ПдЗ ад г.п. Бялынічы, 52 км ад Магілёва, 32 км ад чыг. ст. Друць. 653 ж., 267 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 4, с. 381

ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА

(лац. Ursa Major),

незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.

т. 4, с. 381

ВЯЛІ́КАЯ НЬЮФАЎНДЛЕ́НДСКАЯ БА́НКА

(Grand Bank),

вялізная водмель у Атлантычным ак., каля в-ва Ньюфаўндленд. Пераважаюць глыб. да 100 м, найменшая глыб. 5,5 м. Грунт — пясок, галька, жвір. У раёне Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі сутыкаюцца воды халоднага Лабрадорскага цячэння і цёплага цячэння Гальфстрым. Частыя туманы. Трапляюцца айсбергі. Адзін з найб. у свеце арэалаў рыбалоўства (траска, селядзец і інш.).

т. 4, с. 381

ВЯЛІ́КАЯ ПАГА́НКА,

птушка, гл. ў арт. Паганкі.

т. 4, с. 381

ВЯЛІ́КАЯ ПО́ЛЬШЧА

(Wielkopolska),

гістарычная назва адной з абласцей Польшчы. Першапачаткова (9—11 ст.) Вялікай Польшчай называлася тэр. ў басейне рэк Варта і Нотаць, пазней — тэр., якая межавала на З з Сілезіяй і Любушскай зямлёй, на Пн з Памор’ем, на У з Мазовіяй, на Пд з Малой Польшчай. У 16—18 ст. ў Вялікую Польшчу ўваходзілі таксама Мазовія і Каралеўская Прусія. У 19 ст. тэрмін «Вялікая Польшча» выкарыстоўваўся як сінонім Пазнанскага вял. княства.

т. 4, с. 381

ВЯЛІ́КАЯ ПУСТЫ́НЯ ВІКТО́РЫЯ

(Great Victoria Desert),

пясчаная пустыня на Пд Аўстраліі. Пл. 350 тыс. км². Працягласць з У на З амаль 1200 км.

Вялікая пустыня Вікторыя — тэр. заходнеаўстралійскага пенеплену з пераважнымі выш. 150—300 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады і ўзгоркі (выш. 10—15 м), месцамі астанцовыя плато ці азёрныя засоленыя ўпадзіны. Ападкаў ад 125 да 250 мм за год. Сухія рэчышчы. Пяскі часта замацаваны дзярнінным злакам спініфекс, у міжградавых прасторах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. Пустыня практычна бязводная і цяжкадаступная; упершыню перасек яе ў 1875 англа-аўстр. даследчык Э.Джайлсам. Аднайменны нац. парк.

т. 4, с. 381

ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.

Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак. Пл. 360 тыс. км².

Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.

т. 4, с. 381

ВЯЛІ́КАЯ РАЁЎКА,

вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Нясвіж—Цімкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Капыль, 137 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 427 ж., 195 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік на месцы бою 1942.

т. 4, с. 381

ВЯЛІ́КАЯ РАСІ́Я,

афіцыйная назва з 2-й пал. 17 ст. еўрап. часткі Рус. дзяржавы, населенай пераважна рускімі. У царскім тытуле ўжывалася з 16 ст. Як геагр. паняцце ўзнікла ў сувязі з далучэннем да Расіі Левабярэжнай Украіны (Малой Расіі). З 19 ст. часцей выкарыстоўваўся тэрмін Велікаросія.

т. 4, с. 382