Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАМАНТАВАЕ ДРЭ́ВА,

тое, што секвоядэндран.

т. 10, с. 53

МА́МАНТАВА ПЯЧО́РА (Mammoth Cave),

у заходніх перадгор’ях Апалачаў, у ЗША (штат Кентукі), каля г. Луісвіл; адна з буйнейшых карставых пячор свету. Складаная 5-ярусная сістэма поласцей у тоўшчы вапнякоў, якія залягаюць гарызантальна. Глыб. каля 300 м. Агульная даўж. поласцей 74 км, 225 праходаў, 47 высокіх купалаў, 23 глыбокія ямы (шахты). Падземныя рэкі звязаны з сістэмай р. Грын-Рывер. М.п. злучана з суседняй пячорай Флінт-Рыдж (іх агульная даўж. 500 км). Турызм. Нац. парк, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 10, с. 53

МА́МАНТАЎ (Сава Іванавіч) (15.10.1841, г. Ялутараўск Цюменскай вобл., Расія — 6.4.1918),

рас. прадпрымальнік, мецэнат, дзеяч тэатр. і муз. мастацтва.

Вучыўся ў Пецярбургскім горным ін-це і Маскоўскім ун-це, вывучаў спевы і жывапіс у Італіі. Гал. акцыянер т-ваў Маскоўска-Архангельскай чыг., Неўскага мех. з-да і Усх.-Сіб. чыгунаплавільных з-даў. Разарыўся ў 1899. У 1870—90 у яго падмаскоўным маёнтку Абрамцава збіраліся буйнейшыя рас. мастакі, музыканты, пісьменнікі (гл. «Абрамцава»). Садзейнічаў развіццю рас. выяўл. мастацтва, нар. маст. творчасці і рамёстваў, муз. тэатра. У 1885 засн. на свае сродкі Маскоўскую прыватную рускую оперу (існавала да 1904), пэўны час кіраваў ёю як рэжысёр. Аўтар лібрэта да шэрагу опер.

т. 10, с. 53

МА́МАНТАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Сургуцкім р-не Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Расійскай Федэрацыі. Уваходзіць у Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Адкрыта ў 1965. Распрацоўваецца з 1970. Выяўлены 4 нафтавыя гарызонты на глыб. 1,9—2,5 км у адкладах ніжняга мелу. Паклады пластовыя, скляпенневыя, пластова-літалагічныя. Эфектыўная магутнасць пластоў 12—30 м. Шчыльн. нафты 0,87—0,89 г/см³, уключае серу 1,3—2,08%. Спосаб эксплуатацыі — законтурнае завадненне. Цэнтр здабычы г. Ніжнявартаўск.

т. 10, с. 53

МАМАРДАШВІ́ЛІ (Мераб Канстанцінавіч) (15.9.1930, г. Горы, Грузія — 25.11.1990),

грузінскі і рас. філосаф. Д-р філас. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). У 1957—61, 1968—74 працаваў у час. «Вопросы философии», у 1961—66 у час. «Проблемы мира и социализма». З 1980 у Ін-це філасофіі АН Грузіі. У цэнтры яго філасофіі — ідэя свабоднай з’явы, або падзеі думкі, што можа адбывацца ў любой сферы чалавечай жыццядзейнасці, найперш у аспекце анталагічнай абароны трансцэндэнтальных асноў еўрап. культуры, выяўленых Р.Дэкартам і І.Кантам. Зыходзячы з апрыёрнасці ўмоў жыццёвага вопыту чалавека, падкрэсліваў немагчымасць адвольна і па жаданні назапашваць дадатковыя веды, паколькі жыццёвы час дыскрэтны. Сфармуляваў звязаны з самім фактам падзеі думкі апастэрыёрны падыход да аналізу падзеі ведаў або думкі. Паводле М., філосаф разважае не пра тое, што бачна, а пра тое, што бачна або пазнаецца ў той ступені, у якой маецца ўсведамленне бачнага або думка пра бачнае на ўзроўні рэфлексіі. Створаны фонд М., які выдае матэрыялы навук. чытанняў, прысвечаных М. («Конгеніяльнасць думкі», 1994; «Сустрэча з Дэкартам», 1996; «Зробленае і названае», 1998).

Тв.:

Классический и неклассический идеалы рациональности. Тбилиси, 1984;

Как я понимаю философию. 2 изд. М., 1992;

Картезианские размышления (январь 1981 г.). М., 1993;

Лекции о Прусте. М., 1995;

Стрела познания: Набросок естественноист. гносеологии. М., 1996;

Кантианские вариации. М., 1997;

Лекции по античной философии. М., 1997;

Эстетика Мышления. М., 1999;

Современная европейская философия, XX в. М., 1999.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 53

МАМАРЭ́ (Mamoré),

у вярхоўях Рыо-Грандэ, рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Балівіі і па мяжы Балівіі з Бразіліяй. Зліваецца з р. Бені і ўтварае р. Мадэйра (прыток р. Амазонка). Даўж. 2300 км, пл. басейна 620 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна сярод саваннаў і саваннавых лясоў па раўнінах Балівіі. У ніжнім цячэнні парогі і вадаспады. Найб. прыток Гуапарэ (правы). Разводдзе з лют. да красавіка. Сярэдні расход вады 8100 м³/см. Суднаходная паміж гарадамі Гуажара-Мірын і Ікеронес.

т. 10, с. 53

МАМБА́СА (Mombasa),

горад і порт у Кеніі, на каралавым востраве ў Індыйскім ак., злучаны з мацерыком дамбамі і мостам. Адм. ц. Прыбярэжнай правінцыі. Засн. ў 12 ст. арабамі. 442 тыс. ж. (1985, з прыгарадамі). Буйны порт Усх. Афрыкі. Звязаны чыгункай і шашой з Угандай і Танзаніяй. Міжнар. аэрапорт Порт-Рэйтс (на мацерыку). Прам-сць: харч. (у т. л. цукр.), тэкст., нафтаперапр., металургічная, цэм., папяровая, шкляная, хімічная. Вываз кавы, чаю, нафтапрадуктаў, пірэтруму, сізалю, цэменту. Марскі курорт.

т. 10, с. 53

МАМБЕ́ТАЎ (Азербайджан Мадзіевіч) (н. 1.9.1932),

казахскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1957 рэжысёр, з 1964 гал. рэжысёр Каз. акад. т-ра драмы імя М.​Аўэзава. Сярод пастановак: «Ваўчаня пад шапкай» і «Свацця прыехала» К.​Мухамеджанава, «Летуценнікі» А.​Абішава, «Айман Шалпан» Аўэзава, «Абай» Аўэзава і Л.​Собалева, «Казы-Карпеш і Баян-Слу» Г.​Мусрэпава, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.​Айтматава і К.​Мухамеджанава, «Кроў і пот» паводле А.​Нурпіесава і інш. Дзярж. прэмія СССР 1974.

т. 10, с. 53

МАМЕ́ДАВА (Шэўкет Гасан кызы) (18.4.1897, Тбілісі — 8.6.1981),

азербайджанская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1938). Вучылася ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21), у Мілане і Парыжы (1927—29). У 1921—48 салістка Азерб. т-ра оперы і балета (Баку). З 1945 выкладала ў Азерб. кансерваторыі (з 1949 праф.). Адна з першых азерб. оперных спявачак. Валодала голасам цёплага мяккага тэмбру. Сярод партый: Шахсенем («Шахсенем» Р.​Гліэра), Нэргіз («Нэргіз» А.М.​М.​Магамаева), Гюльчахра («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба). Аўтар кн. «Шляхі развіцця азербайджанскага музычнага тэатра» (1931).

т. 10, с. 53

МАМЕ́ДАЎ (Мехты Асадула аглы) (22.5.1918—1985),

азербайджанскі рэжысёр. Нар. арт. Азербайджана (1958). Нар. арт. СССР (1974). Д-р мастацтвазнаўства. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1941). З 1945 працаваў (з перапынкамі) у Азербайджанскім т-ры імя М.​Азізбекава (у 1960—63 гал. рэжысёр), у 1956—60 гал. рэжысёр Азербайджанскага т-ра оперы і балета імя М.​Ахундава (абодва ў Баку). З 1960 праф. Азербайджанскага тэатр. ін-та. У пастаноўках імкнуўся дасягнуць жыццепераканаўчай і паэт. атмасферы спектакля. Паставіў: у драм. т-рах — «Мадрыд» М.​Ібрагімава, «Вагіф» С.​Вургуна, «Яшар» Дж.​Джабарлы, «На далёкіх берагах» І.​Касумава і Г.​Сеідбейлі, «Хаям» Г.​Джавіда, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Жывы труп» Л.​Талстога і інш.; у т-ры оперы і балета — «Севіль» Ф.​Амірава, «Азад» Дж.​Джангірава, «Кёр-аглы» У.​Гаджыбекава, «Тоска» Дж.​Пучыні і інш. Аўтар шэрагу тэатразнаўчых работ.

т. 10, с. 53