Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́ЎЧАНКА (Сцяпан Уладзіміравіч) (28.12.1889, с. Сіняўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.1.1942),

украінскі літаратуразнавец і педагог. Праф. (1925). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913) і з 1917 выкладаў у ім. Аўтар даследаванняў: «Паходжанне раманскіх моў» (1916), «Гі дэ Мапасан» (1926), «Класічны тэатр XVII ст. і класіцызм» (1931), «Шаўчэнка і сусветная літаратура» (1939) і інш. У працы «Руская народная казка» (1914) даследаваў гісторыю збірання і вывучэння бел. казак. Пераклаў з лац. на рус. мову і апублікаваў «Данясенні папскага нунцыя Іаана Тарэса, архіепіскапа Адрыянопальскага, аб падзеях у Польшчы ў час, паўстання Багдана Хмяльніцкага» (1916), што мела пэўнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі.

В.​Я.​Буран.

М.Я.Саўчанка.

т. 14, с. 199

СА́ЎЧАНКА (Уладзімір Кірылавіч) (н. 27.9.1939, в. Хмяльное Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне генетыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989), д-р біял. н. (1977), праф. (1988). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1962). У 1965—90 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (у 1979—90 заг. лабараторыі). У 1980—90 старшыня Бел. нац. к-та па праграме ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера», з 1990 нам. дырэктара Аддзела экалагічных навук ЮНЕСКА. Навук. працы па агульнай і тэарэт. генетыцы. Распрацаваў новыя метады генет. аналізу і сінтэзу, асн. палажэнні генетыкі паліплоідных папуляцый, выявіў генет. прычыны геномнага эфекту, тэарэтычна абгрунтаваў і эксперыментальна распрацаваў канцэпцыю геномнай лабільнасці бісексуальных жывёл і асацыятыўнага адбору, вывучыў генет. працэсы ў папуляцыі пры працяглым адборы. Распрацаваў сістэмную мадэль самаарганізацыі эвалюц. працэсу, сістэму генет. маніторынгу папуляцый, прапанаваў спосаб сеткавых пробных скрыжаванняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Генетика полиплоидных популяций. Мн., 1976;

Генетический анализ и синтез в практической селекции. Мн., 1986;

Длительный отбор в популяциях. Мн., 1988 (разам з М.​У.​Тананка, Б.​Ю.​Аношанкам).

У.К.Саўчанка.

т. 14, с. 199

Саўчанка Ігар Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 447

САФАНІ́Я, Сафанія-Хафджы,

газанафтавае радовішча ў паўд.-зах. частцы Персідскага зал., у тэр. водах Саудаўскай Аравіі і зоны, падзеленай паміж Саудаўскай Аравіяй і Кувейтам; самае вял. марское газанафтавае радовішча ў свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1951, распрацоўваецца з 1957. Пач. прамысл. запасы нафты 3,45 млрд. т, газу 3,27 млрд. м³. Паклады нафты ў пародах мелавога ўзросту на глыб. 1500—3360 м. Паклады газу ў вапняках палеагенавага (эацэнавага) узросту на глыб. 600—900 м. Шчыльн. нафты 0,87—0,89 г/см³, мае серу (2—3%). Цэнтр здабычы — нас. пункт Сафанія.

т. 14, с. 199

САФА́РАЎ (Назір) (9.1.1905, г. Джызак, Узбекістан — 1.4.1985),

узбекскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Узбекістана (1950). Нар. пісьменнік Узбекістана (1975). Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў апавяд. і нарысаў «Землякі» (1958), «Залаты месяц» (1961), «Кропля крыві» (1967), аповесцей «Празорлівая дзяўчына» (1961), «Аб пражытым і перажытым» (1968, Дзярж. прэмія Узбекістана 1968), рамана «Наўруз» («Час белых буслоў», 1973) і інш., п’ес «Абуджэнне» (1938), «Золак Усходу» (1948), драмы «Школа жыцця» (1954), камедыі «Каму гора, каму смех» (1963) і інш. Адзін з аўтараў сцэнарыя фільма «Бура над Азіяй» (1965). На бел. мову раман «Дні праклёну і дні надзеі» (1982) пераклаў А.​Жук.

т. 14, с. 199

САФА́РЫ (англ. safari ад араб. сафара — падарожнік),

1) запаведнік у Афрыцы, у якім дазволена паляванне на дзікіх звяроў, а таксама само паляванне ў гэтым запаведніку.

2) Адзенне прамога крою з лёгкай гладкай тканіны з кішэнямі і адстрочкай.

т. 14, с. 199

САФАРЭ́ВІЧ ((Safarewicz) Ян) (26.1.1904, г. Даўгаўпілс, Латвія — 1992),

польскі мовазнавец. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1945), Польскай АН (з 1958). Вучыўся ў Вільні і Парыжы. З 1937 праф. Ягелонскага ун-та ў Кракаве. Аўтар прац па гісторыі лац. мовы, класічных і балт. мовах, індаеўрапеістыцы, агульным мовазнаўстве: «Даследаванні па фанетыцы і метрыцы лацінскай мовы» (1936), «Гістарычная граматыка лацінскай мовы» (ч. 1—2, 1937—50, з Я.​Атрэмбскім), «Нарыс гістарычнай граматыкі лацінскай мовы» (1953), «Нарыс гісторыі лацінскай мовы» (1986). Большасць артыкулаў сабрана ў зб. «Мовазнаўчыя даследаванні» (1967).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 199

САФІ́, Асфі,

горад на З Марока. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Засн. ў 11 ст. Каля 250 тыс. ж. (2000). Порт на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (вываз фасфарытаў, суперфасфату, рыбных кансерваў). Пачатковы пункт чыгункі ва ўнутр. частцы краіны. Найбуйнейшы сусв. цэнтр па вытв-сці фосфарнай кіслаты. Прам-сць: суднабуд., рыбакансервавая, тэкстыльная. Цэнтр рыбалоўства.

т. 14, с. 199

САФІ́ЗМ (грэч. sophisma выдумка, галаваломка),

лагічна няправільнае, уяўнае меркаванне (вывад, доказ), якое выдаецца за правільнае. Звычайна абгрунтоўвае заведама абсурднае ці парадаксальнае сцвярджэнне, якое супярэчыць агульнапрынятым уяўленням. Грунтуецца на наўмысных лагічных памылках (падмена тэзіса доказу, парушэнне правіл лагічнага вываду, прыняцце несапраўдных пасылак), мнагазначнасці слоў, аманіміі і інш. Класічным узорам С. з’яўляецца сцвярджэнне: «Тое, што ты не страціў, ты маеш; ты не страціў рогі, значыць, ты іх маеш». Шматлікія ўзоры С. прыводзіў у сваіх дыялогах Платон («Эўтыдэм» і інш). Лагічны аналіз С. і іх класіфікацыю зрабіў Арыстоцель у працы «Аб сафістычных абвяржэннях». Сенека параўноўваў выкарыстанне С. з мастацтвам фокуснікаў. Г.​Гегель лічыў, што С. не толькі выконвае функцыю ўвядзення ў зман, але і з’яўляецца своеасаблівай формай усведамлення праблемнай сітуацыі. Адрозніваюць 3 асн. віды С.: «пачацвярэнне тэрміна» — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла простага катэгарычнага сілагізму аб тым, што ў сілагізме выкарыстоўваюцца толькі 3 тэрміны; меркаванне будуецца з выкарыстаннем падобных, але не тоесных паняццяў (напр., «Злодзей не жадае набыць нічога кепскага; набыццё добрага ёсць справа добрая; значыць, злодзей жадае добрага»); С. недазволенага працэсу — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што тэрміны, не ўзятыя ў пасылках ва ўсім аб’ёме, не могуць быць узяты ва ўсім аб’ёме і ў заключэнні (напр., «Усе ўважлівыя добра засвойваюць урокі; некат. вучні ўважлівыя; усе вучні добра засвойваюць урокі»); С. зборнага сярэдняга тэрміна — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што сярэдні тэрмін (агульны для абедзвюх пасылак) павінен быць узяты ва ўсім аб’ёме хаця б у адной з пасылак (напр., «Некат. людзі ўмеюць іграць на скрыпцы; усе дыпламаты — людзі; усе дыпламаты ўмеюць іграць на скрыпцы»).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 199

САФІ́СТЫ (грэч. sophistēs мудрэц, майстар),

умоўнае абазначэнне шэрагу стараж.-грэч. філосафаў сярэдзіны 5—1-й пал. 4 ст. да н.э. Першапачаткова С. называлі мудрых людзей, дасведчаных і аўтарытэтных у пытаннях прыватнага і грамадскага жыцця. З сярэдзіны 5 ст. да н.э. С. сталі называць платных выкладчыкаў красамоўства і разнастайных ведаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. С. былі практыкамі і тэарэтыкамі рыторыкі. У цэнтры іх увагі было слова. Яны ўпершыню заўважылі, што мова — семантычна адкрытая сістэма, якая характарызуецца зараджэннем новых і стратай устарэлых сэнсаў слова. Адрозніваюць старэйшых (Пратагор, Горгій, Гіпій, Антыфонт, Крытый) і малодшых С. (Лікафрон, Алкідамант, Трасімах). С. не былі адзінай, цэласнай групай ні па сац.-паліт. арыентацыі, ні па філас. ідэях. Агульнае, што аб’ядноўвае іх, — перанос увагі з натурфіласофіі на праблемы чалавека, яго суб’ектыўных здольнасцей, этыкі, палітыкі і тэорыі пазнання. Характэрная рыса вучэнняў С. — рэлятывізм, які знайшоў класічнае выяўленне ў тэзісе Пратагора «Чалавек — мера ўсіх рэчаў». С. лічылі, што не існуе надзейных аб’ектыўных крытэрыяў для адрознення ісціны ад маны, дабра ад зла, справядлівасці ад несправядлівасці. Рэлятывізму С. садзейнічаў характар іх дзейнасці: гал. задачай яны лічылі навучыць чалавека пераканаўча абараняць любую ідэю, якая б магла спатрэбіцца для паспяховага ўладкавання спраў. Вучэнні С. супярэчылі традыц. рэліг. вераванням: напр., Пратагор сцвярджаў, што не ведае, ці існуюць багі; Крытый абвяшчаў рэлігію выдумкай, прызначанай для таго, каб прымушаць простых людзей падпарадкоўвацца законам. Шэраг С. прапаведавалі ідэі роўнасці людзей перад богам і прыродай і абвяргалі прывілеі знаці (Алкідамант, Антыфонт, Лікафрон).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 200