САФІ́СТЫ (грэч. sophistēs мудрэц, майстар),

умоўнае абазначэнне шэрагу стараж.-грэч. філосафаў сярэдзіны 5—1-й пал. 4 ст. да н.э. Першапачаткова С. называлі мудрых людзей, дасведчаных і аўтарытэтных у пытаннях прыватнага і грамадскага жыцця. З сярэдзіны 5 ст. да н.э. С. сталі называць платных выкладчыкаў красамоўства і разнастайных ведаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. С. былі практыкамі і тэарэтыкамі рыторыкі. У цэнтры іх увагі было слова. Яны ўпершыню заўважылі, што мова — семантычна адкрытая сістэма, якая характарызуецца зараджэннем новых і стратай устарэлых сэнсаў слова. Адрозніваюць старэйшых (Пратагор, Горгій, Гіпій, Антыфонт, Крытый) і малодшых С. (Лікафрон, Алкідамант, Трасімах). С. не былі адзінай, цэласнай групай ні па сац.-паліт. арыентацыі, ні па філас. ідэях. Агульнае, што аб’ядноўвае іх, — перанос увагі з натурфіласофіі на праблемы чалавека, яго суб’ектыўных здольнасцей, этыкі, палітыкі і тэорыі пазнання. Характэрная рыса вучэнняў С. — рэлятывізм, які знайшоў класічнае выяўленне ў тэзісе Пратагора «Чалавек — мера ўсіх рэчаў». С. лічылі, што не існуе надзейных аб’ектыўных крытэрыяў для адрознення ісціны ад маны, дабра ад зла, справядлівасці ад несправядлівасці. Рэлятывізму С. садзейнічаў характар іх дзейнасці: гал. задачай яны лічылі навучыць чалавека пераканаўча абараняць любую ідэю, якая б магла спатрэбіцца для паспяховага ўладкавання спраў. Вучэнні С. супярэчылі традыц. рэліг. вераванням: напр., Пратагор сцвярджаў, што не ведае, ці існуюць багі; Крытый абвяшчаў рэлігію выдумкай, прызначанай для таго, каб прымушаць простых людзей падпарадкоўвацца законам. Шэраг С. прапаведавалі ідэі роўнасці людзей перад богам і прыродай і абвяргалі прывілеі знаці (Алкідамант, Антыфонт, Лікафрон).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)