СА́ЎЧАНКА (Сцяпан Уладзіміравіч) (28.12.1889, с. Сіняўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.1.1942),
украінскі літаратуразнавец і педагог. Праф. (1925). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913) і з 1917 выкладаў у ім. Аўтар даследаванняў: «Паходжанне раманскіх моў» (1916), «Гі дэ Мапасан» (1926), «Класічны тэатр XVII ст. і класіцызм» (1931), «Шаўчэнка і сусветная літаратура» (1939) і інш. У працы «Руская народная казка» (1914) даследаваў гісторыю збірання і вывучэння бел. казак. Пераклаў з лац. на рус. мову і апублікаваў «Данясенні папскага нунцыя Іаана Тарэса, архіепіскапа Адрыянопальскага, аб падзеях у Польшчы ў час, паўстання Багдана Хмяльніцкага» (1916), што мела пэўнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі.