РУ́ДЗЕНСК,
гарадскі пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.; чыг. ст. на лініі Мінск—Асіповічы; вузел аўтадарог на Вузляны, Дукору, Праўдзінскі. За 22 км ад Мар’інай Горкі (цэнтр раёна), 41 км ад Мінска. 3 тыс. ж. (2000).
У 19 ст. вёска ў Цітвянскай вол. Ігуменскага пав. З пабудовай у 1873 Лібава-Роменскай чыгункі — станцыя з пасёлкам. У 1888—14 двароў. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Смілавіцкага, з 8.7.1931 — Пухавіцкага, з 12.2.1935 — Рудзенскага, з 6.7.1935 — Смілавіцкага, з 11.2 да 27.9.1938 — Рудзенскага р-наў. З 12.2.1935 да 20.1.1960 цэнтр Рудзенскага раёна (з 6.7.1935 да 11.2.1938 раён быў перайменаваны ў Смілавіцкі). З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 30.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 4750 чал., дзейнічала Рудзенскае патрыятычнае падполле. З 20.1.1960 у Пухавіцкім р-не.
Працуюць з-д пластмасавых вырабаў, лясніцтва, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Радзіма пісьменніка М.Чарота.
т. 13, с. 428
РУ́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г.п. Рудзенск і раёне пад кіраўніцтвам Рудзенскага падп. райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 12 груп (75 чал., кіраўнік М.П.Пакроўскі); 1-я Рудзенская (кіраўнікі В.І.Шкурдзюк, М.В.Данільчык), 2-я Рудзенская (С.М.Малашонак, С.І.Шэлег), у вёсках Азярычына (М.Т.Шайбак), Голацк (А.А.Сачак), Дудзічы (В.П.Адамовіч), Дукарка (В.В.Мешчаракоў, К.В.Людчык, А.Р.Гарбацэвіч), Караваева (С.З.Саранча), Каробавічы (В.Д.Рагатка), Крыстамполле (Н.Г.Андрэеў, І.Г.Шэлег), Сяргеевічы (Ф.Н.Макарэвіч), Цітва (С.К.Доўнар, В.К.Мароз), на торфазаводзе «Дукора» (П.С.Рак, Ф.А.Стуканаў). Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, трымалі сувязь з партызанамі, рыхтавалі для іх кадры, збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання і медыкаменты, разведданыя, зрывалі эканам. мерапрыемствы акупантаў, выводзілі са строю тэлегр. лінію, абсталяванне торфазавода, узрывалі склады, масты, чыг. збудаванні і інш. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
А.Б.Рогаў.
т. 13, с. 428
РУ́ДЗЕНСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у лютым — ліп. 1935 і 1938—60. Цэнтр — г.п. Рудзенск. Утвораны 12.2.1935, падзелены на 13 сельсаветаў: Азярычынскі, Вузлянскі (з 8.4.1957 Навапольскі), Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дудзіцкі, Дукорскі, Пудзецкаслабодскі, Пярэжырскі, Рудзенскі, Сяргеевіцкі, Цітвянскі, Шацкі. 6.7.1935 перайменаваны ў Смілавіцкі, які з 11.2.1938 атрымаў ранейшую назву. З 1938 у Мінскай вобл. 20.1.1960 раён скасаваны, Смілавіцкі с/с перададзены Чэрвеньскаму, Навапольскі, Шацкі — Уздзенскаму, Голацкі, Дрычынскі, Дукорскі, Пярэжырскі, Сяргеевіцкі, Цітвянскі і г.п. Рудзенск — Пухавіцкаму р-нам.
т. 13, с. 428
РУДЗЕ́Я, Рудзейка,
рака ў Магілёўскім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Раста (бас. р. Дняпро). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 318 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Макаўня Магілёўскага р-на, вусце ў межах в. Цемналессе Чавускага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 0,2—0,5 км, у асобных месцах да 1 км. Рэчышча на працягу 7,9 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй па цячэнні звілістае.
т. 13, с. 428
РУДЗЕ́Я,
вадасховішча на мяжы Магілёўскага і Чавускага р-наў, каля вёсак Гародня і Мядзвёдаўка. Створана на р. Рудзея ў 1986. Пл. 3,8 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 7,6 м, аб’ём вады 8,3 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі і адпачынку.
т. 13, с. 428
РУ́ДЗІК (Пётр Сафронавіч) (н. 29.6.1913, г. Харкаў, Украіна),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1970). Скончыў Харкаўскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1946—78 гал. архітэктар праектаў). Сярод работ: забудова цэнтр. сядзіб калгасаў «Прагрэс» і «Гвардыя» Гродзенскага, імя Калініна Магілёўскага, імя Леніна Брэсцкага р-наў, саўгасаў «Леніна» Горацкага р-на Магілёўскай вобл., «Волма» Мінскага р-на і інш. Аўтар шэрагу тыпавых праектаў 1—2-павярховых (2- і 4-кватэрных) жылых дамоў, адм., гандл. і грамадскіх будынкаў.
В.М.Чарнатаў.
т. 13, с. 428
РУДЗІ́НСКАС ((Rudzinskas) Юозас) (7.11.1905, Рыга — 11.1.1975),
літоўскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Літвы (1954). Вучыўся ў студыі Дзярж. т-ра ў Каўнасе (1928—31). У 1932—35 і 1939—41 акцёр Шаўляйскага, у 1935—39 Клайпедскага драм. т-раў, у 1941—66 Драм. т-ра Літвы ў Вільнюсе (у 1949—51 і 1954—66 гал. рэжысёр, у 1954—58 і дырэктар), у 1946—49 выкладаў у студыі гэтага т-ра, з 1962 адначасова ў Кансерваторыі Літвы. Творчасць вылучалася псіхалагічнасцю, пластычнасцю, выразнасцю голасу, жэстаў і мімікі. Сярод роляў: Уладальнік («Уладальнік» В.Мікалайціса-Пуцінаса), Херт («Надзеі» Х.Хеерманса), Скіргайла («Скіргайла» В.Крэве), Смірноў, Лапахін («Мядзведзь», «Вішнёвы сад» А.Чэхава), Захар, Ягор («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Паставіў «Картачны домік» Л.Ленча (1951), «Гамлет» У.Шэкспіра (1959), «Прывіды» Г.Ібсена (1961), «На дне» М.Горкага (1964), «Фауст» І.В.Гётэ (1965), «Скіргайла» (1966). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1952.
т. 13, с. 428
РУДЗІ́НСКІ ((Rudziíski) Вітальд) (н. 14.3.1913, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія),
польскі кампазітар, музыказнавец, муз. крытык, педагог. Скончыў Кансерваторыю імя М.Карловіча ў Вільні (1937; кл. кампазіцыі Т.Шалігоўскага). Выкладаў у кансерваторыях Вільні, Лодзі, з 1957 у Акадэміі музыкі ў Варшаве (з 1965 праф.). Яго творчасці ўласціва выкарыстанне польск. муз. фальклору, вобразнасць муз. мовы. Сярод твораў оперы, у т. л. «Адпраўленне грэчаскіх паслоў» (1962), «Мужыкі» (1972), араторыі, арк. творы, камерна-інстр. ансамблі, музыка для драм. т-ра і кіно і інш. Аўтар прац пра творчасць С.Манюшкі, Б.Бартака і інш.
т. 13, с. 428
РУ́ДЗІЦА,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 30 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,22 км², даўж. 770 м, найб. шыр. 380 м, даўж. берагавой лініі 2,2 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. да 8 м, у верхняй ч. разараныя. Берагі высокія, участкамі зліваюцца са схіламі. Злучана ручаём з воз. Паскрынне 2-е, выцякае р. Чэртка.
т. 13, с. 428
РУДЗЬКО́ (Дзмітрый Васілевіч) (11.2.1920, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. —20.12.1998),
бел. цымбаліст. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1955). У 1937—84 артыст Дзярж. нар. аркестра Беларусі, адначасова ў 1955—72 выкладчык і дырыжор дзіцячага аркестра нар. інструментаў Мінскай дзіцячай муз. школы №2.
т. 13, с. 428