РУДЗІ́НСКАС ((Rudzinskas) Юозас) (7.11.1905, Рыга — 11.1.1975),

літоўскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Літвы (1954). Вучыўся ў студыі Дзярж. т-ра ў Каўнасе (1928—31). У 1932—35 і 1939—41 акцёр Шаўляйскага, у 1935—39 Клайпедскага драм. т-раў, у 1941—66 Драм. т-ра Літвы ў Вільнюсе (у 1949—51 і 1954—66 гал. рэжысёр, у 1954—58 і дырэктар), у 1946—49 выкладаў у студыі гэтага т-ра, з 1962 адначасова ў Кансерваторыі Літвы. Творчасць вылучалася псіхалагічнасцю, пластычнасцю, выразнасцю голасу, жэстаў і мімікі. Сярод роляў: Уладальнік («Уладальнік» В.​Мікалайціса-Пуцінаса), Херт («Надзеі» Х.​Хеерманса), Скіргайла («Скіргайла» В.​Крэве), Смірноў, Лапахін («Мядзведзь», «Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Захар, Ягор («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Ціхан («Навальніца» А.​Астроўскага), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Паставіў «Картачны домік» Л.​Ленча (1951), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1959), «Прывіды» Г.​Ібсена (1961), «На дне» М.​Горкага (1964), «Фауст» І.​В.​Гётэ (1965), «Скіргайла» (1966). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1952.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)