Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАВАША́ХЦІНСК,

горад у Растоўскай вобл. Расіі. Размешчаны на ПдУ Данецкага кража, каля чыг. ст. Міхайла-Лявонцьеўская. Засн. ў 1939. 105,7 тыс. ж. (1996). Прамысл, цэнтр усх. ч. Данбаса. Здабыча каменнага вугалю. Прам-сць: металаапр., лёгкая, харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў.

т. 11, с. 103

НАВА́ШЫН (Сяргей Гаўрылавіч) (14.12.1857, с. Цароўшчына Балтайскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 10.11.1930),

расійскі батанік і цытолаг; заснавальнік карыялогіі і рас. школы цытолагаў і эмбрыёлагаў раслін. Акад. АН СССР (з 1918), акад. АН Украіны (1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1881). Працаваў у ім. З 1884 у Пецярбургскай Пятроўскай с.-г. акадэміі, з 1889 у Пецярбургскім ун-це. У 1894—1915 праф. Кіеўскага, у 1918—23 — Тбіліскага ун-таў. Заснавальнік і дырэктар (да 1929) Біял. ін-та імя К.А.Ціміразева ў Маскве. Навук. працы па эмбрыялогіі і цыталогіі раслін. Адкрыў двайное апладненне і халазагамію ў пакрытанасенных раслін.

Тв.:

О некаторых признаках внутренней организации хромосом // Сб. статей, посвящ. К.А.Тимирязеву. М., 1916;

Избр. Труды. Т. 1. М.; Л., 1951.

С.Г.Навашын.

т. 11, с. 103

НАВЕ́ЙШАЯ ГІСТО́РЫЯ,

гл. Новая і навейшая гісторыя.

т. 11, с. 103

НАВЕ́ЛА (італьян, novella літар. навіна),

малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.

Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.Чосер, Маргарыта Наварская, М.Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман, П.Мерымэ, Э.По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.Генры, Л.Пірандэла, С.Цвэйг, Р.Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.Чэхавым, Л.Андрэевым, І.Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.Бабель, У.Іванаў, А.Грын, М.Зошчанка, В.Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.Л.Борхеса, Х.Картасара, Г.Бёля, Ф.О’Конара, І.Зінгера, Дж.Чывера і інш.

У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял. Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.Зарэцкага, «Кнак» П.Галавача, «Над Кроманню» Я.Нёманскага, «Ілька» В.Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.Брыль («Галя»), Я.Скрыгай («Наталя»), В.Выкаў («Адна ноч»), Б.Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.Кудравец («Елачка»), А.Жук («Жонка героя»), В.Гігевіч («Райка»), У.Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.Марчук («Хаос») і інш.

С.Л.Андраюк.

т. 11, с. 103

НАВЕЛІСТЫ́ЧНЫЯ КА́ЗКІ, авантурна-навелістычныя казкі,

жанравая разнавіднасць казачнага эпасу. Спосабам маст. асэнсавання рэчаіснасці яны набліжаюцца да сацыяльна-бытавых казак, аднак адрозніваюцца прыгодніцкім зместам і тэматыкай (сац. канфлікт для іх не галоўны, хоць сімпатыі казачнікаў заўсёды на баку прац. чалавека). Героі Н.к. — сялянскі або купецкі сын, прыказчык, салдат, дзяўчына-ваяка, верная жонка — дасягаюць мэты не з дапамогаю чарадзейнай сілы, а дзякуючы розуму, кемлівасці і вынаходлівасці. Фантастыка тут у гіпербалізацыі магчымасцей чалавека, якому даводзіцца «змагацца» з цяжкімі абставінамі, а не з фантастычнымі істотамі (як у чарадзейных казках). Тыповыя сюжэты Н.к. — жаніцьба героя з прыгажуняй і выхад дзяўчыны замуж, вернасць і нявернасць, прадвызначанасць лёсу; вял. групу складаюць казкі пра разбойнікаў і ліхадзеяў. У бел. фальклоры найб. пашыраны сюжэты пра кемлівую дзяўчыну, пра разбойнікаў.

Літ.:

Померанцева Э.В. Русская народная сказка. М., 1963. С. 87—93;

Дунаевська Л.Ф. До питання про тематичну і сюжетну структуру новелістичної казки // Вісн. Київського ун-ту. Укр. філологія. Київ, 1980. Внп. 22;

Яе ж. Про ідейно-художню структуру української народної новелістичної казки // Українське літературознавство. Львів, 1982. Вип. 39.

Л.П.Барабанава.

т. 11, с. 103

НАВЕ́Р ((Noverre) Жан Жорж) (29.4.1727, Парыж — 19.10.1810),

французскі артыст балета, балетмайстар; рэфарматар і тэарэтык харэаграфічнага мастацтва. Вучыўся ў Ж.Д.Дзюпрэ і Л.Дзюпрэ. З 1743 артыст, з 1751 і балетмайстар у еўрап. т-рах, у т.л. Парыжскай оперы (у 1776—81 гал. балетмайстар). Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самаст. відам сцэн. мастацтва. Яго лепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, муз., верагодна, Ф.Гарнье); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на муз. Ж.Ж.Радольфа), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» паводле П.Карнеля (1775; абедзве на муз. І.Старцэра); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на муз. Ф.Аспельмайра (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на муз. Мілера). Аўтар кн. «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самаст. спектакль. Яго творчасцъ значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.

Літ. тв.: Рус. пер. — Письма о танце и балетах. Л.; М., 1965.

Л.А.Сівалобчык.

т. 11, с. 104

НАВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́ (англ. Windward Islands, ісп. Islas Barlovento),

Карыбскія астравы, група каралавых і вулканічных астравоў у Карыбскім м.; усх. ч. архіпелага Малыя Антыльскія астравы, паміж Віргінскімі а-вамі і востравам Трынідад. Найб. а-вы: Гвадэлупа, Дамініка, Марцініка, Грэнада, Сент-Вінсент, Антыгуа і інш. На Н.а. размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Грэнада, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Люсія, а таксама ўладанні Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў. Агульная пл. каля 6 тыс. км2. Нас. 1,3 млн. ж. (1990). Рэльеф пераважна горны (выш. да 1447 м, на в-ве Дамініка). Дзеючыя вулканы. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Трапічнае земляробства. Плантацыі цукр. трыснягу, цытрусавых, кавы, какавы, бананаў. Важнейшыя гарады: Фор-дэ-Франс (в-аў Марцініка), Пуэнт-а-Пітр і Бас-Тэр (в-аў Гвадэлупа), Кастры (в-аў Сент-Люсія). Назва «Н.а.» тлумачыцца наветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату.

т. 11, с. 104

НАВІГАЦЫ́ЙНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,

сістэма збудаванняў, прыстасаванняў, прылад для забеспячэння бяспечнага ваджэння суднаў, лятальных апаратаў, наземных трансп. сродкаў і інш. рухомых аб’ектаў у любых ўмовах; адзін з тэхн. сродкаў навігацыі.

Сродкі Н.а. (СНА) устанаўліваюць на зямной і воднай паверхні, на борце рухомых аб’ектаў. Паводле тэхн. аснашчанасці падзяляюцца на візуальныя і спецыяльныя. Візуальныя СНА — светлавыя маякі, буі, бакены, плывучыя вехі і інш. навігацыйныя знакі, што свецяцца і не свецяцца; спецыяльныя — акустычныя, або гукавыя, сродкі (гукасігнальныя і электраакустычныя ўстаноўкі, напр., сірэны, наўтафоны; гідраакустычныя маякі) і радыётэхнічныя (перадавальныя радыёстанцыі, радыёкомпасы, радыёпеленгатары, радыёмаякі вугламерных, дальнамерных і рознаснадальнамерных сістэм, якія бываюць імпульснымі, фазавымі, імпульсна-фазавымі і частотнымі). Да радыётэхн. сродкаў адносяцца таксама актыўныя адказчыкі і пасіўныя адбівальнікі.

С.А.Гаршкоў, В.В.Латушкін.

т. 11, с. 104

НАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

сетка наземных радыёстанцый, навігацыйных ШСЗ з камандна-вымяральным комплексам і падводных гідраакустычных станцый, па сігналах якіх з дапамогай бартавых сродкаў навігацыі вызначаюць каардынаты месцазнаходжання караблёў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў. Кожная Н.с. ўключае таксама бартавыя навігацыйныя комплексы, а пры іх адсутнасці — навігацыйныя прылады, якія дазваляюць з высокай дакладнасцю і надзейнасцю вызначаць папраўкі да злічоных каардынат месца і курсу. Існуюць астранавігацыйныя сістэмы (гл. Астранамічная навігацыя), інерцыяльныя (засн. на вызначэнні паскарэнняў аб’екта з дапамогай акселерометраў і па гэтых даных — месцазнаходжання, курсу, скорасці і інш. параметраў), касмічныя (гл. Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы), радыёнавігацыйныя сістэмы. С.А.Гаршкоў, П.М.Шумскі.

т. 11, с. 104

НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ А́КТЫ (Navigations Acts),

у 14—19 ст. пастановы англ. парламента, якія выдаваліся з мэтай абароны марскога гандлю Англіі ад замежнай канкурэнцыі. Першы Н.а. прыняты ў 1381. Выдадзены 9.10.1651 «Акт аб павелічэнні гандлёвага флоту і падтрымцы мараплавання англійскай нацыі», які ўстанавіў, што тавары з Азіі, Афрыкі і Амерыкі трэба ўвозіць у Англію і яе ўладанні толькі на англ. суднах, а еўрап. тавары — на англ. суднах або суднах краіны-экспарцёра, быў накіраваны супраць галанд. пасрэдніцкага гандлю і рыбалоўства і прывёў да англа-галанд. марской вайны 1652—54 (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Пасля паражэння ў вайне Нідэрланды вымушана прызналі акт 1651. Палажэнні гэтага акта захаваліся ў актах 1660, у т.л. «Акт аб падтрымцы і развіцці караблебудавання і мараплавання», і ў 1663, якія патрабавалі, каб у англ. калоніі тавары перавозіліся толькі на англ. суднах і забаранялі экспарт шэрагу тавараў з калоній за мяжу; яны далей развіты ў актах 1672 і 1696. Н.а. адыгралі вял. ролю ва ўмацаванні марскога гандлю Англіі, але сталі непатрэбнымі пры пераходзе да свабоднага гандлю — фрытрэдэрства і адменены ў 1849.

т. 11, с. 104