Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫ́ЗІС ЭКАЛАГІ́ЧНЫ,

1) сітуацыя, якая ўзнікае ў экалагічных сістэмах (біягеацэнозах) у выніку парушэння раўнавагі пад уздзеяннем стыхійных прыродных з’яў (паводка, вывяржэнне вулканаў, засуха, ураганы, смерчы, лясныя пажары, землетрасенні і інш.) або ў выніку ўздзеяння антрапагенных фактараў (забруджванне чалавекам атмасферы, гідрасферы, глебы, разбурэнні прыродных экасістэм і комплексаў, зарэгуляванне рэк, высяканне лясоў, неапраўданая меліярацыя і інш.).

2) Напружаны стан узаемаадносін паміж чалавекам і прыродай, які характарызуецца неадпаведнасцю прадукцыйных сіл і вытворчых адносін і рэсурсна-экалагічных магчымасцей біясферы. К.э. ўзнікаюць пры масавым знішчэнні (перапромысел) буйных жывёл («крызіс кансументаў»), масавым знішчэнні і нястачы раслінных рэсурсаў («крызіс прадуцэнтаў»), пагрозе глабальнага забруджвання біясферы («крызіс рэдуцэнтаў», якія не паспяваюць ачышчаць яе ад антрапагенных прадуктаў). К.э. можа быць прадухілены адпаведнымі прыродаахоўнымі і прыродааздараўленчымі мерапрыемствамі (рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, безадходныя тэхналогіі, арганізацыя ахоўных тэрыторый і інш.). Есць лакальныя К.э., напр., дэградацыя экасістэмы Аральскага мора, вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. 3) У больш шырокім разуменні К.э. — фазы развіцця біясферы, у якія адбываецца якаснае абнаўленне жывога рэчыва (выміранне адных відаў і ўзнікненне другіх). К.э. бываюць таксама пры змене асяроддзя пражывання жывых істот, напр. узнікненне прамаходзячых антрапоідаў — непасрэдных продкаў чалавека.

т. 8, с. 505

КРЫ́ЗІС ЭКАНАМІ́ЧНЫ,

парушэнні ў працэсе развіцця эканомікі, што выяўляюцца ў спадзе вытв-сці, адноснай перавытворчасці, скарачэнні капітальных укладанняў, росце беспрацоўя, парушэннях у грашова-крэдытнай і валютна-фін. сферах, зніжэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Першы К.э. адбыўся ў 1825 у Вялікабрытаніі, калі значнае развіццё атрымала машынная вытв-сць. К.э. 1857 лічыцца першым сусв. крызісам, бо ахапіў большасць краін Еўропы і Амерыкі. З прыблізна 10-гадовай перыядычнасцю К.э. паўтараліся ў 2-й палове 19 і 1-й трэці 20 ст. Найб. глыбокімі ў сусв. гісторыі былі К.э. 1900—03 (асабліва цяжка праходзіў у Расіі) і 1929—33. К.э. носяць часовы характар і перыядычна паўтараюцца ў сучаснай рыначнай эканоміцы.

т. 8, с. 505

КРЫК (англ. creek),

рака або часовы вадацёк, якія перыядычна перасыхаюць. Тэрмін ужываецца пераважна ў Аўстраліі ў складзе геагр. назваў (напр., Куперс-Крык).

т. 8, с. 506

КРЫК ((Crick) Фрэнсіс Хары Комптан) (8.6.1916, г. Нартгемптан, Вялікабрытанія),

англійскі біяфізік; адзін з заснавальнікаў малекулярнай генетыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1959), Нац. АН ЗША (1960), ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (1962). Скончыў Лонданскі універсітэцкі каледж (1937). У 1937—39 і 1947—77 у Кембрыджскім ун-це, у 1953—54 у Бруклінскім політэхнічным ін-це, з 1977 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (ЗША). Навук. працы па вывучэнні структуры нуклеінавых кіслот. У 1953 разам з Дж.Уотсанам стварыў мадэль структуры ДНК (мадэль Уотсана—Крыка, двайная спіраль). Нобелеўская прэмія 1962 (разам з Дж.Уотсанам і М.Уілкінсам).

Ф.Крык.

т. 8, с. 506

КРЫ́КАВА (Валянціна Іванаўна) (н. 13.11.1930, С.-Пецярбург),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947). У 1947—68 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1969—78 кіраўнік дзіцячага самадз. харэаграфічнага гуртка ў Ленінградзе. Танцоўшчыца характарнага плана. У яе выкананні высокая тэхн. свабода спалучалася з мяккай пластычнасцю рухаў, выразнымі штрыхамі падкрэсліваліся індывід. рысы персанажаў. У нац. рэпертуары стварыла каларытныя вобразы: Жанчына ў чорным («Святло і цені» Г.Вагнера), Мадэрнісцкая танцоўшчыца («Мара» Я.Глебава), Ванда («Салавей» М.Крошнера). Сярод найб. значных партый: Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Мачаха («Папялушка» С.Пракоф’ева), Ліса і Варвара («Доктар Айбаліт» І.Марозава), Вулічная танцоўшчыца і Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Цыганка («Эсмеральда» Ц.Пуні), фея Бэзу і Кошачка, Іспанка («Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Анітра («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга), Іспанка («Балеро» на муз. М.Равеля). Выканала шмат характарных танцаў у балетных і оперных спектаклях, у т. л. ў операх «Фауст» Ш.Гуно («Вальпургіева ноч»), «Князь Ігар» А.Барадзіна («Палавецкія танцы»).

Л.М.Ражанава.

В.І.Крыкава.
В.Крыкава ў ролі Іспанкі («Балеро»).

т. 8, с. 506

КРЫКА́ЛАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р. Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц. пароды дрэў, ёсць экзоты.

А.М.Кулагін.

Крыкалаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 8, с. 506

КРЫКАЛЁЎ (Сяргей Канстанцінавіч) (н. 27.3.1958, С.-Пецярбург),

расійскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1989). Герой Расіі (1992). Скончыў Ленінградскі мех. ін-т (1981). З 1985 у атрадзе касманаўтаў. 26.11.1988—27.4.1989 здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз ТМ-7» (з А.А.Волкавым, Ж.Л.Крэцьенам) і арбітальным комплексе «Мір»; 18.5.1991—25.3.1992 — палёт на КК «Саюз ТМ-12» (з А.П.Арцыбарскім, англ. Х.Шарман) і арбітальным комплексе «Мір» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз ТМ-13»); 3—11.2.1994 — палёт у складзе экіпажа амер. КК «Дыскаверы» (6 чалавек, камандзір Ч.Болдэн). 4—14.12.1998 здзейсніў палёт (як спецыяліст па карыснай нагрузцы) у складзе экіпажа амер. КК «Індэвар» («Спейс шатл»); пасля стыкоўкі перайшоў (разам з камандзірам «Індэвара» Р.Кабана) у модуль «Зара» міжнар. арбітальнай станцыі «Альфа». Правёў у космасе 483 сут (больш за 1,5 сут у адкрытым космасе).

У.С.Ларыёнаў.

т. 8, с. 506

КРЫКЕ́Т (англ. cricket),

спартыўная камандная гульня з мячом і бітамі. Вядомы з сярэдніх вякоў (Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 18 ст. Сучасны К. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канадзе, Н. Зеландыі, шэрагу афр. краін; праводзяцца нац. чэмпіянаты, міжнар. сустрэчы. Нагадвае рускую лапту і амерыканскі бейсбол.

У камандах па 11 гульцоў. Гульня вядзецца на травяным полі (80 × 60 м), у сярэдзіне якога ставяцца 2 «брамкі» (выш. 67,5 см, шыр. 20 см) на адлегласці 20 м адна ад адной. Мяч 23 см у дыяметры. масай 170,5 г, біта нагадвае вясло даўж. да 95 см пры шыр. «лопасці» 6,5 см. Мэта гульні — зруйнаваць кідкамі мяча «брамку» каманды саперніка, гульцы якой абараняюць яе, адбіваючы мяч бітамі. Працягласць гульні — некалькі гадзін (па дамоўленасці паміж камандамі).

т. 8, с. 506

КРЫ́ЛАВА, Рэзервовае вадасховішча. За 20 км на ПнЗ ад г. Мінск паміж вёскамі Крылава, Вішнёўка, Чаромуха, каля вытоку р. Поплаў (бас. р. Свіслач). Створана ў 1981. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 10 м, аб’ём вады 21,6 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 720 м. Напаўняецца за кошт перакіду вады з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы; вадаскід на р. Поплаў. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 5 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 129,8 млн. м³. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой Мінска.

Г.С.Жукоўская.

т. 8, с. 506

КРЫЛАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Pteropoda),

атрад задняшчэлепных малюскаў. 2 падатр. (паводле інш. класіфікацыі 2 атр.), каля 30 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных морах.

Цела паўпразрыстае, нярэдка ярка афарбаванае. Нага рудыментарная, добра развітыя 2 яе бакавыя лопасці — параподыі, падобныя на крылы (адсюль назва), пры дапамозе якіх малюскі плаваюць. У прадстаўнікоў групы тэкасаматаў ёсць спіральная або двухбакова-сім. ракавіна ці т.зв. несапр. ракавіна: У прадстаўнікоў групы гімнасаматаў ракавіны няма. Кормяцца планктонам. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай.

Да арт. Крыланогія малюскі: 1 — глаўкус палосчаты, 2 — анёлік марскі.

т. 8, с. 507