КРЫ́КАВА (Валянціна Іванаўна) (н. 13.11.1930, С.-Пецярбург),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947). У 1947—68 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1969—78 кіраўнік дзіцячага самадз. харэаграфічнага гуртка ў Ленінградзе. Танцоўшчыца характарнага плана. У яе выкананні высокая тэхн. свабода спалучалася з мяккай пластычнасцю рухаў, выразнымі штрыхамі падкрэсліваліся індывід. рысы персанажаў. У нац. рэпертуары стварыла каларытныя вобразы: Жанчына ў чорным («Святло і цені» Г.​Вагнера), Мадэрнісцкая танцоўшчыца («Мара» Я.​Глебава), Ванда («Салавей» М.​Крошнера). Сярод найб. значных партый: Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Мачаха («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Ліса і Варвара («Доктар Айбаліт» І.​Марозава), Вулічная танцоўшчыца і Мерседэс («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Цыганка («Эсмеральда» Ц.​Пуні), фея Бэзу і Кошачка, Іспанка («Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Анітра («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Іспанка («Балеро» на муз. М.​Равеля). Выканала шмат характарных танцаў у балетных і оперных спектаклях, у т. л. ў операх «Фауст» Ш.​Гуно («Вальпургіева ноч»), «Князь Ігар» А.​Барадзіна («Палавецкія танцы»).

Л.​М.​Ражанава.

В.І.Крыкава.
В.Крыкава ў ролі Іспанкі («Балеро»).

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)