КРЫК ((Crick) Фрэнсіс Хары Комптан) (8.6.1916, г. Нартгемптан, Вялікабрытанія),
англійскі біяфізік; адзін з заснавальнікаў малекулярнай генетыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1959), Нац.АН ЗША (1960), ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (1962). Скончыў Лонданскі універсітэцкі каледж (1937). У 1937—39 і 1947—77 у Кембрыджскім ун-це, у 1953—54 у Бруклінскім політэхнічным ін-це, з 1977 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (ЗША). Навук. працы па вывучэнні структуры нуклеінавых кіслот. У 1953 разам з Дж.Уотсанам стварыў мадэль структуры ДНК (мадэль Уотсана—Крыка, двайная спіраль). Нобелеўская прэмія 1962 (разам з Дж.Уотсанам і М.Уілкінсам).