Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЕ́ТКАВІЧЫ,

вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Антопаль—Бяроза. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад Драгічына, 92 км ад Брэста, 20 км ад чыг. ст. Гарадзец. 611 ж., 244 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт.

абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1740).

т. 6, с. 108

ДЗЕФІРЭ́ЛІ (Zeffirelli) Франка

(н. 12.2.1923, г. Фларэнцыя, Італія),

італьянскі рэжысёр, мастак. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Фларэнцыі. Працаваў акцёрам і асістэнтам у Л.Вісконці. З 1950-х г. ставіў драм. і оперныя спектаклі ў Італіі і за мяжой. Мастак шэрагу сваіх пастановак. З 1957 у кіно. Вядомасць яму прынеслі экранізацыі твораў У.Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы» (1967) і «Рамэо і Джульета» (1968, «Оскар»), Сярод інш. фільмаў: «Брат Сонца, сястра Месяц» (1972), «Ісус з Назарэта» (1977, тэле- і кінаварыянты), кінаверсія оперы «Травіята» Дж.Вердзі (1982). Для рэжысуры Дз. характэрныя ўвага да вытанчаных маляўнічых кампазіцый кадра, імкненне да праўдзівай рэканструкцыі эпохі.

т. 6, с. 108

ДЗЕХЦЯРЭ́НКІ,

Міхаіл Васілевіч (н. 18.5.1918, в. Траянаў Жытомірскай вобл., Украіна) і Вера Нікадзімаўна (н. 24.5.1923, г. Жлобін Гомельскай вобл.), бел. майстры маст. аплікацыі саломкай па дрэве. На аснове мясц. нар. традыцый аплікацыі саломкай утылітарна-маст. вырабаў распрацавалі тэхналогію аздаблення сувенірных вырабаў (куфэркаў, сальніц, рамак для фотаздымкаў і інш.). Арганізатары (1955) цэха інкрустацыі пры Жлобінскай фабрыцы інкрустацыі.

Я.М.Сахута.

М. і В. Дзехцярэнкі. Куфэркі. 1970.

т. 6, с. 108

ДЗЕ́ЦІ БАЯ́РСКІЯ,

гл. ў арт. Служылыя людзі.

т. 6, с. 108

ДЗЕ́ЦКІ,

1) у Стараж. Русі з 11 ст. прадстаўнік ніжэйшай («малодшай») часткі дружыны. У сац.-грамадскай сферы выконваў шэраг паліцэйскіх, адм. функцый. У надзвычайных абставінах мог быць пераведзены ў баяры і атрымаць пасадніцтва. Дз. складалі сталы вайсковы аддзел, які знаходзіўся ў непасрэдным распараджэнні князя або кіраўніцтва земскай абшчыны. Па меры разлажэння дружыны Дз. трацілі рысы дружыннай структуры і паглынуты княжацкім дваром.

2) У ВКЛ у 15—16 ст. службовая асоба, якая па даручэнні вял. князя, ваяводы, старосты ці інш. прадстаўнікоў улады затрымлівала і дастаўляла абвінавачанага ў суд. З 1566 функцыі Дз. выконваў возны.

Г.В.Ласкавы.

т. 6, с. 108

ДЗЕ́ЧКА Эдуард Міхайлавіч

(н. 24.1.1936, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металаапрацоўкі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БПІ (1958), у ім і працаваў. З 1970 рэктар Рэсп. міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галін нар. гаспадаркі, з 1990 у БПА. Навук. даследаванні па працэсах апрацоўкі металакерамічных матэрыялаў і свідравання глыбокіх адтулін у сталях.

Тв.:

Обработка отверстий в металлокерамических деталях. Мн., 1965;

Сверление глубоких отверстий в сталях. Мн., 1979.

т. 6, с. 108

ДЗЕ́Я,

закончаная частка п’есы і спектакля (драм., опернага, балетнага, музычнага). Падзел п’есы на Дз. ці акты звязаны з яе кампазіцыяй, са стылем і жанрам твора. У т-ры гэты падзел залежыць яшчэ і ад існуючых у пэўны перыяд нарматываў у дачыненні да спектакля.

т. 6, с. 108

ДЗЕЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

у праве здольнасць грамадзяніна або юрыдычнай асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і ствараць для сябе юрыдычныя абавязкі, несці адказнасць за ўчыненае правапарушэнне. У Рэспубліцы Беларусь поўнай Дз. валодаюць грамадзяне па дасягненні паўналецця (18 гадоў). Юрыд. асобы набываюць Дз., як і праваздольнасць, з моманту іх узнікнення. Правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, а таксама грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі ў выніку псіхічнай хваробы або разумовай непаўнацэннасці, абараняюцца іх законнымі прадстаўнікамі — бацькамі, усынавіцелямі або апекунамі. Ніхто не можа быць абмежаваны ў Дз. інакш, як у выпадках, прадугледжаных законам.

С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 108

ДЗЕ́ЯННЕ,

дыскрэтная або безупынная праява якой-н. прадметна-матэрыяльнай ці разумовай актыўнасці; і як адзінка дзейнасці. Адрозніваюць Дз. фіз., біял., псіхічнае, лагічнае, дзеянне сацыяльнае. У якасці філас. катэгорыі Дз. суадносіцца з перажываннем ці пакутамі (Платон, Арыстоцель); разглядаецца як момант руху разам з супрацьдзеяннем (І.Ньютан, Ф.Энгельс); трактуецца як прычына, вынік (Б.Спіноза, І.Кант, Г.Гегель); у супастаўленні з інертным матэрыяльным быццём тлумачыцца як праява творча-дзейнага духу ці самасвядомасці суб’екта (Аўгусцін, Г.Лейбніц, І.Фіхтэ, М.А.Бярдзяеў). Паняццем «Дз.» выяўляецца наяўная актыўнасць (сапраўднасць) якой-н. сілы ў адрозненне ад магчымасці (патэнцыяльнасці) яе праяўлення.

Літ.:

Григорьев В., Мякишев Г. Силы в природе. 7 изд. М., 1988. Петровский А.В., Ярошевский М.Г. История и теория психологии. Т. 2. Ростов н/Д, 1996.

А.Ю.Харын.

т. 6, с. 109

ДЗЕ́ЯННЕ ў фізіцы, фізічная велічыня, якая мае размернасць здабытку энергіі на час (або імпульсу на перамяшчэнне); адна з найважнейшых характарыстык дыскрэтных мех. сістэм.

У залежнасці ад выбранай фармулёўкі варыяцыйных прынцыпаў механікі выкарыстоўваюцца 2 вызначэнні Дз.: паводле Гамільтана S = S t0 t L d t і паводле Лагранжа W = S t0 t 2 T d t , дзе L=TU — функцыя Лагранжа, T і U — кінетычная і патэнцыяльная энергіі сістэмы адпаведна, tt0 — прамежак часу, праз які мех. сістэма пераходзіць з пачатковага ў адвольны, залежны ад часу стан сістэмы. Паняцце «Дз.» выкарыстоўваецца ў аналітычнай механіцы, а пры адпаведных абагульненнях у тэорыі пругкасці, электра- і тэрмадынаміцы, квантавай механіцы і тэорыі поля. Гл. таксама Найменшага дзеяння прынцып.

А.І.Болсун.

т. 6, с. 109