Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЫН Аляксандр Сцяпанавіч

(сапр. Грынеўскі; 23.8.1880, г. Слабадскі Кіраўскай вобл., Расія — 8.7.1932),

рускі пісьменнік. Сын ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—64. Шмат вандраваў па Расіі; неаднойчы арыштоўваўся, быў у ссылцы. Першае апавяданне «Заслуга радавога Панцялеева» (1906) было канфіскавана і знішчана. Напісаў больш за 350 апавяданняў, аповесцей, вершаў, паэм, сатыр. мініяцюр. Апублікаваў зб. «Славутая кніга» і «Здарэнне на вуліцы Пса» (1915), «Шукальнік прыгод» і «Трагедыя пласкагор’я Суан» (1916). Грын стварыў свой непаўторны свет, авеяны рамантыкай прыгод, і засяліў яго мужнымі, высакароднымі і свабоднымі людзьмі. У яго творах арганічна пераплецены рэальнасць і невычэрпная фантазія, якая адлюстравала вечную мару пра чалавечае шчасце. Да найб. папулярных належаць аповесць «Пунсовыя ветразі» (1923, экранізавана ў 1961), раманы «Бліскучы свет» (1924, экранізаваны ў 1984), «Залаты ланцуг» (1925), «Бягучая па хвалях» (1928, экранізаваны ў 1967), «Дарога нікуды» (1930) і інш. Яго творчасць доўгі час замоўчвалася і набыла прызнанне ў 1960-я г.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980;

Собр. соч. [Кн. 1—5]. СПб., 1993—94.

Літ.:

Михайлова Л. Александр Грин: Жизнь, личносгь, творчество. 2 изд. М., 1980.

т. 5, с. 481

ГРЫН

(Greene) Генры Грэм (2.10.1904, Беркхэмстэд, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 3.4.1991),

англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1925). Быў журналістам, служыў у разведцы. Аўтар раманаў «Чалавек унутры» (1929), «Стамбульскі экспрэс» (1932, экранізаваны ў 1934; бел. пер. 1993), «Мяне стварыла Англія» (1935), «Сіла і слава» (1940, экранізаваны ў 1962), «Сутнасць справы» (1948), «Ціхі амерыканец» (1955), «Наш чалавек у Гаване» (1958, экранізаваны ў 1959), «Цаной страты» (1961), «Камедыянты» (1966, экранізаваны), «Ганаровы консул» (1973), «Чалавечы фактар» (1978), «Доктар Фішэр з Жэневы, або Банкет з бомбай» (1980), «Мансеньёр Кіхот» (1982) і інш. Пісаў публіцыстыку, вершы, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, літ.-крытычныя эсэ, аўтабіяграфічныя творы. Аддаваў перавагу праблемам індывідуальнай віны і адказнасці, выбару і лёсу, сумлення і абавязку, разглядаў «цёмныя глыбіні» чалавечага духу. Глыбокае раскрыццё паліт. падзей спалучаецца з дасканалым псіхалагізмам, багаццем падтэкстаў, парадаксальнасцю вобразаў і сітуацый. Многія яго творы напісаны ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1992—96.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 482

ГРЫН

(Green) Джордж (14.7.1793, Снейнтан, цяпер у межах г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 31.3.1841),

англійскі матэматык. Самастойна вывучаў матэматыку, потым скончыў Кембрыджскі ун-т (1837). Навук. працы па матэм. фізіцы. Развіў тэорыю электрычнасці і магнетызму, увёў паняцце патэнцыялу, устанавіў сувязь паміж інтэграламі па аб’ёме і па паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём (гл. Грына формулы), вывеў асн. ўраўненне тэорыі пругкасці. Яго імем названа т.зв. функцыя распаўсюджвання (гл. Грына функцыя).

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. М., 1969.

т. 5, с. 482

ГРЫ́НА ФО́РМУЛЫ,

формулы інтэгральнага злічэння, якія звязваюць паміж сабой інтэгралы розных тыпаў. Самая простая з іх, вядомая яшчэ Л.Эйлеру (1771), звязвае падвойны інтэграл па плоскай паверхні S з крывалінейным інтэгралам па яе мяжы L: (L)   Pdx + Qdy = (S)   ( Q x P y dx   dy ) ; яе фіз. сэнс: паток вадкасці, якая цячэ па плоскасці са скорасцю V(Q, -P) праз мяжу L, роўны інтэгралу ад інтэнсіўнасці (дывергенцыі) крыніц і сцёкаў, размеркаваных па паверхні S. Дзве інш. формулы, што звязваюць інтэгралы па аб’ёме і па паверхні, якая яго абмяжоўвае, апублікаваны Дж.Грынам у 1828 у сувязі з даследаваннямі па тэорыі патэнцыялу. Гл. таксама Астраградскага формула, Стокса формула.

Р.Т.Вальвачоў.

т. 5, с. 482

ГРЫ́НА ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, звязаная з інтэгральным выяўленнем рашэнняў краявых задач для дыферэнцыяльных ураўненняў. Апісвае вынік уздзеяння кропкавай (засяроджанай) крыніцы сілы, зараду ці інш. (функцыя крыніцы) або распаўсюджванне палёў ад кропкавых крыніц (функцыя распаўсюджвання, напр., патэнцыял поля кропкавага эл. зарада, размешчанага ўнутры заземленай праводнай паверхні). Названа ў гонар Дж.Грына. Грына функцыя і яе аналагі выкарыстоўваюцца ў тэорыі функцый, канечна-рознасных ураўненняў, тэарэт. фізіцы, квантавай тэорыі поля, стат. фізіцы і інш.

Грына функцыя зводзіць вывучэнне ўласцівасцей дыферэнцыяльнага аператара да вывучэння ўласцівасцей адпаведнага інтэгральнага аператара, дае магчымасць знаходзіць рашэнні неаднароднага ўраўнення, трактуецца як фундаментальнае рашэнне лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўн., якое адпавядае аднародным краявым умовам, і г.д. Напр., поле, створанае сістэмай крыніц (у т. л. працяглымі крыніцамі), апісваецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі (суперпазіцыі) уплываў асобных крыніц. Гл. таксама Ураўненні матэматычнай фізікі.

Р.Т.Вальвачоў, Л.А.Яновіч.

т. 5, с. 482

ГРЫ́НБЕ́КЕРЫ

(англ. greenbackers ад greenbacks літар. зялёныя спінкі),

удзельнікі фермерскага руху ў ЗША у 1870—80-я г. Выступілі ў 1875 з мэтай захаваць у абарачэнні абясцэненыя папяровыя грошы (т.зв. грынбекі, іх адваротны бок меў зялёны колер, адсюль назва), спадзеючыся заплаціць імі працэнты па даўгах. У 1875—76 створана паліт. партыя грынбекераў, якая пасля аб’яднання з дробнымі гар. прадпрымальнікамі і рабочымі стала называцца Нац. грынбекерска-рабочай партыяй. Пасля паражэння іх кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 1884 партыя перастала існаваць. У 1890-я г. грынбекеры прынялі ўдзел у руху папулістаў.

т. 5, с. 482

ГРЫ́НБЕРГ Анатоль Саламонавіч

(н. 14.2.1934, Мінск),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1981), праф. (1989). Чл. Нью-Йоркскай АН (1996). Скончыў БПІ (1956) і ленінградскі Паўн.-Зах. завочны політэхн. ін-т (1961). З 1963 у Цэнтр. НДІ арганізацыі і тэхнал. кіравання, з 1992 у Акадэміі кіравання. Навук. працы па тэорыі складаных камп’ютэрных сістэм кіравання і праектавання. Распрацаваў тэарэт. асновы, мадэлі і метады аўтаматызаванага кіравання буйнымі прамысл. аб’ектамі. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Тв.:

Основы построения систем проектирования АСУП. М., 1983;

Элементы компьютерных информационных технологий. Мн., 1996 (у сааўт.).

М.П.Савік.

т. 5, с. 482

ГРЫ́НБЛАТ Майсей Якаўлевіч

(29.3.1905, Мінск — 4.7.1983),

бел. этнограф, фалькларыст, гісторык. Канд. гіст. н. (1945). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). Працаваў акцёрам у трупе У.Галубка (1921—25). З 1930 у АН Беларусі: у Ін-це гісторыі (1931—41; 1945—56) і Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957—76), адначасова выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1937—41) і БДУ (1939—41, 1945—55). Даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру, грамадскі побыт, этнагенез беларусаў, бібліяграфію беларусазнаўства. Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), нарыса «Беларусы» ў кн. «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964). Склаў зб. фальклору «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940), «Радзінная паэзія» (1971), «Загадкі» (1972, з А.І.Гурскім), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Выслоўі» (1979).

Тв.:

Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;

Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказальнік. Мн., 1972.

Літ.:

Список основных работ М.Я.Гринблата // Сов. этнография. 1976. № 2.

А.С.Ліс.

т. 5, с. 482

ГРЫ́НВІЦКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,

найстарэйшая абсерваторыя Англіі. Засн. ў 1675 у Грынвічы (прадмесце Лондана). У 1954 пераведзена ў замак Хёрстмансо, за 70 км ад Лондана. У Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі даследуюць рух і становішча зорак, Сонца, планет; вызначаюць дакладны час, вымяраюць паралаксы зорак і інш. Асн. інструменты: 28- і 26-цалёвыя рэфрактары, 98-цалёвы рэфлектар і інш. Цераз першапачатковае месцазнаходжанне Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі праходзіць Грынвіцкі мерыдыян. З 1767 Грынвіцкая астранамічная абсерваторыя выдае астр. штогоднік «Марскі альманах». Дырэктару Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі надаецца тытул каралеўскага астранома.

т. 5, с. 482

ГРЫ́НВІЦКІ МЕРЫДЫЯ́Н,

нулявы мерыдыян, пачатковы мерыдыян Зямлі з геагр. даўгатой λ = 00°0000″. Праходзіць праз адзін з пунктаў Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі. Адлікі (ад 0° да 180°) вядуцца ў напрамку на У (усх. даўгата) і на З (зах. даўгата) або ад 0° да 360° у напрамку на У. Грынвіцкі ммерыдыян з’яўляецца таксама сярэднім мерыдыянам нулявога гадзіннага пояса Зямлі пры разліках зямнога часу (зорнага, сонечнага, дэкрэтнага). Сусветны час на Грынвіцкім мерыдыяне прыняты роўным нулю. Час кожнага наступнага гадзіннага пояса (праз 15°0000″ усх. даўгаты) узрастае на 1 гадз.

т. 5, с. 482