ГРЫ́НБЛАТ Майсей Якаўлевіч

(29.3.1905, Мінск — 4.7.1983),

бел. этнограф, фалькларыст, гісторык. Канд. гіст. н. (1945). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). Працаваў акцёрам у трупе У.Галубка (1921—25). З 1930 у АН Беларусі: у Ін-це гісторыі (1931—41; 1945—56) і Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957—76), адначасова выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1937—41) і БДУ (1939—41, 1945—55). Даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру, грамадскі побыт, этнагенез беларусаў, бібліяграфію беларусазнаўства. Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), нарыса «Беларусы» ў кн. «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964). Склаў зб. фальклору «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940), «Радзінная паэзія» (1971), «Загадкі» (1972, з А.І.Гурскім), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Выслоўі» (1979).

Тв.:

Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;

Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказальнік. Мн., 1972.

Літ.:

Список основных работ М.Я.Гринблата // Сов. этнография. 1976. № 2.

А.С.Ліс.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)