Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цяж, ‑а, Т ‑ом, м.

1. Рэмень ці трос, якія служаць сродкам перадачы цягавай сілы. Падчапілі другі паравоз, рванулі раз і два .. Перадыхнулі хвіліну, другую і рванулі так, што загрымеў і лопнуў цяж. Лынькоў.

2. Рэмень ці вяроўка, нацягнутыя ад верхняга канца аглоблі да восі пярэдняга кола для выраўноўвання ходу экіпажа. Пры конях ішлі па некалькі чалавек, мясілі гразь і час ад часу хапаліся за цяжы, крычалі на коней. Лобан.

3. Скрэпа, замацаванне, звязка. Змацаваць бярвенне жалезным цяжом.

ця́жанька, прысл.

1. Вельмі цяжка. Цяжанька несці. □ Цяжка, цяжанька ўздыхнула Бедная жанчына. Колас.

2. безас. у знач. вык. Пра дрэнны фізічны стан, пачуцці болю, стомы і пад. [Марыля:] Ах, як жа цяжанька! Падай мне вады, Данілка. Купала.

цяжа́р, ‑у, м.

1. Вага чаго‑н. (звычайна цяжкага). Пад цяжарам .. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. [Чалавек] грудзьмі, жыватом, усім цяжарам свайго цела ўпаў на спіну леапарду. Караткевіч.

2. Цяжкая ноша, груз вялікай вагі. Цяжары падвозіць, Як волат нястомны, Наш «МАЗ» — грузавік Дваццаціпяцітонны. Нядзведскі. // У спорце — снарады для падымання.

3. Абавязкі, павіннасці, цяжкасці, звязаныя з чым‑н. адказным, непрыемным і пад. Цяжар няволі. Цяжар турбот. Цяжар вайны. □ Гады праз два калгас узбуйніўся, і Шалюта адразу пачуў на сваіх плячах непамерны цяжар гаспадарскіх клопатаў. Дуброўскі.

4. Адчуванне (звычайна непрыемнае) чаго‑н. цяжкага (у целе, галаве і пад.). Распраналася яна [Маша] марудна — ад утомы, якая роўным цёплым цяжарам наліла цела. Мележ. Ва ўсім целе і асабліва ў нагах адчуваўся нейкі цяжар. Кулакоўскі. // перан. Тое, што гняце, прыгнятае, выклікае сумны, змрочны настрой. І лепш аддайся светлым марам, Каб месца не было жальбе, Калі каханне не цяжарам, А песняю жыве ў табе. Астрэйка. Кожны раз, як душа натоміцца, Я, каб скінуць з яе цяжар, Прыпадаю да Вашых томікаў — Вашых думак і Вашых мар. Тармола. І чуцен ціхі сэрца голас, Хоць на душы ва ўсіх цяжар. Дзень добры, друг, Наш бацька Колас — Народа нашага пясняр! Прыходзька. Прыгінае і самых высокіх Да зямлі вечны цяжар гадоў. І цішэюць, цішэюць крокі У людзей і старых гарадоў. Сіпакоў.

•••

Цэнтр цяжару гл. цэнтр.

Скінуць цяжар гл. скінуць.

Цяжар з душы спадзе — пра пачуццё палёгкі, якое наступае пасля вызвалення ад таго, што гняло, заклапочвала.

цяжа́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Станавіцца цяжарнай.

цяжа́рнасць, ‑і, ж.

1. Стан жанчыны ў перыяд развіцця плода ў яе арганізме. Водпуск па цяжарнасці.

2. Працэс, у выніку якога з аплодненай яйцаклеткі ў арганізме жывародных развіваецца плод.

•••

Пазаматачная цяжарнасць — аб цяжарнасці, якая праходзіць не ў матцы, па-за маткай.

цяжа́рная,

Якая носіць ва ўлонні плод. Бабы не давалі галасіць Марыне, бо яна хадзіла цяжарнай апошнія дні. Ермаловіч. / у перан. ужыв. Ды глянь: набухшы ў кожнай баразёнцы, Цяжарная ўраджаямі ралля У павітухі запрашае сонца. Макаль. / у знач. наз. цяжа́рная, ‑ай, ж. Гімнастыка для цяжарных.

цяжа́рны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Вельмі цяжкі. Астаўся ззаду шлях блукання, Цяжарны шлях пакут, туляння. Колас. Адкуль навісла над .. [Зосяю] гэта цяжарная ўдушлівая духата, засмуціўшы яе вочы, здавіўшы сэрца? Гартны.

ця́жба, ‑ы, ж.

Уст. Спрэчка двух бакоў перад судом; грамадзянская судовая справа. [Сяляне:] — У справе ж нашых цяжбаў з вамі [пан Скірмунт].. суд стаў на вашу старану. Колас.

ця́жка,

1. Прысл. да цяжкі (у 1–6 і 9 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі фізічны стан, пачуцці стомы, болю і пад. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што яму цяжка стаяць. Чарнышэвіч. Людзям было цяжка думаць, што гітлераўскае звяр’ё можа перарваць штодзённую працу. Чорны.

3. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць нягод, пакут і пад. Ды і ці варта цяпер ісці да .. [Волькі] — нагоніш маркоты, калі самому цяжка. Каваленка. // Пра непрыемны стан, у якім хто‑н. знаходзіцца. Мне таксама было цяжка ад усяго таго, што вось-вось пабачыў. Кулакоўскі.

4. безас. у знач. вык. Пра сумны, дрэнны настрой. У Івана таксама на душы было цяжка, а ў галаве варушыліся цэлым роем думкі. Колас. На сэрцы было цяжка. Дамашэвіч.

•••

Цяжка сказаць гл. сказаць.

цяжка...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «цяжкі» (у 1, 5, 8 і 11 знач.), напрыклад: цяжкавагавы, цяжкадаступны, цяжкапаранены, цяжкапраходны.